Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не атрымае ў тэрмін грошы ЭўрАзЭс


Чарговы, трэці транш крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС на $ 440 млн. не патрапіць у Менск у папярэдне агавораны тэрмін — да 28 лютага.

Пра гэта паведаміла расейскае выданьне «Газета.ру».

Крэдыторы патрабуюць пацьвярджэньня, што Менск будзе праводзіць жорсткую грашова-крэдытную палітыку, каб не паўтарыць фінансавы крызіс 2011 году. Перад парлямэнцкімі выбарамі эканамічная палітыка беларускіх уладаў зноў становіцца папулісцкай.

Менск ня выканаў адну з ключавых умоваў. «Аб’ём ільготнага фінансаваньня дзяржпраграмаў не павінен быў перавысіць у 2011 годзе 4% ВУП. Аднак па факце атрымалася 4,5% ВУП», — паведаміла рэсурсу naviny.by крыніца ва ўрадзе Беларусі.

На думку экспэртаў фонду ЭўрАзЭС, менавіта стымуляваньне ўнутранага попыту праз ільготнае фінансаваньне дзяржпраграмаў стала галоўным фактарам пагаршэньня плацёжнага балянсу Беларусі, прывяло да раскручваньне дэвальвацыйных і інфляцыйных працэсаў.

З улікам таго, што Беларусь у 2011 годзе перавысіла аб’ём ільготнага фінансаваньня дзяржпраграмаў, фонд цяпер прапанаваў беларускім уладам прыняць меры, якія б кампэнсавалі невыкананьне гэтага паказчыка ў мінулым годзе.

Але беларускія ўлады пакуль паступаюць роўна наадварот. Яны стварылі Беларускі банк разьвіцьця, які робіцца новым каналам эмісіі грошай у эканоміку. Плянуецца, што Банк разьвіцьця будзе выпускаць аблігацыі і пад іх прыцягваць фінансаваньне для рэалізацыі дзяржпраграмаў.

«Калі гэтыя аблігацыі будзе выкупляць Нацбанк, Банк разьвіцьця стане эрзац-эмісійным цэнтрам. Беспакаранымі такога роду схемы не застануцца, крэдыторы на гэта абавязкова адрэагуюць,» — кажа экс-кандыдат у прэзыдэнты, эканаміст Яраслаў Раманчук. Пры гэтым як мінімум адна зь беларускіх дзяржпраграмаў закранае інтарэсы расійскай эканомікі. Гаворка ідзе аб падтрымцы беларускай малочнай прамысловасьці. Менавіта дзякуючы ёй Беларусь стала пятым у сьвеце экспарцёрам малакапрадуктаў. І практычна ўвесь беларускі сыр, а таксама тварог і іншыя малочныя прадукты ідуць на расійскі рынак.

«На мінулым тыдні Лукашэнка правёў дэманстратыўна скандальную нараду па пытаньнях разьвіцьця малочнай галіны, — кажа эканаміст кампаніі „Дэльта Капітал“ Антон Платаў. — І заявіў, што ўся малочная прамысловасьць будзе засяроджаная ў руках дзяржавы, што прыватных уласьнікаў з гэтай галіны прыбяруць — прамым тэкстам сказаў. Дзяржфінансаваньне малочнага экспарту ў Расею будзе захаванае».

Яшчэ адна праблема ў адносінах беларускіх уладаў і Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС — абяцаньні Менска па заробках. На працягу году — максымум паўтара — краіна ня толькі павінна выйсьці на дакрызісны ўзровень у сэнсе заробкаў, а перасягнуць яго, заявіў на мінулым тыдні Лукашэнка.

«Што такое сярэдні заробак у 500 даляраў? Гэта зусім нізкі ўзровень, які мы павінны пераадолець. І гэта задача ўсіх», — указаў прэзыдэнт.

У папярэдні раз Лукашэнка ўздымаў адміністрацыйнымі мэтадамі сярэдні заробак у краіне да 500 даляраў у канцы 2010 году, перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Тая эмісійная напампоўка і прывяла да катастрафічнай дэвальвацыі беларускага рубля ўжо ў красавіку 2011 году.

«Адным з фактараў, які раней прыводзіў да дысбалянсаў ў беларускай эканоміцы, да павелічэньня адмоўнага сальда, зьяўлялася значнае падвышэньне заробкаў. Аднаўленьне неабгрунтаванага росту заробкаў будзе вяртаць вытокі крызісу», — адзначаюць экспэрты Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС.

Увосень гэтага году ў краіне пройдуць парлямэнцкія выбары. І ўсё ідзе да таго, што Беларусь зноў наступіць на «перадвыбарчыя граблі», кажа Платаў: «Вядома, рост даходаў будзе часовым, неўзабаве яго зьесьць інфляцыя. Але справа будзе зробленая — «патрэбны» парлямэнт абраны. На мінулым тыдні першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка заявіў, што крызісу больш няма, і што па выніках I кварталу краіна выканае гадавы плян па тэмпах росту ВУП.

Каб разагрэць эканоміку, улады таксама сталі часта і хутка зьніжаць стаўку рэфінансаваньня, нагадвае экспэрт: «Хоць у канцы студзеня кіраўнік Нацбанку Надзея Ермакова заявіла, што зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня будзе плаўным, 24 лютага гэтую стаўку „апусьцілі“ адразу на 5%».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG