Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фёдараў: Лукашэнка баяўся большага


Андрэй Фёдараў

Пашырэньне санкцыяў Эўразьвязу супраць прадстаўнікоў беларускіх уладаў, адказных за рэпрэсіі, перадусім носіць маральны характар, перакананы менскі палітоляг Андрэй Фёдараў.

Тое, што Славенія здолела заблякаваць унясеньне ў сьпіс неўязных буйнога беларускага бізнэсоўца Юрыя Чыжа, сьведчыць, на думку Фёдарава, пра складанасьць працэдуры прыняцьця рашэньняў Эўрапейскім Зьвязам:

«У Эўразьвязе рашэньні прымаюцца кансэнсусам, таму маленькая Славенія, і маленькі Люксэмбург, і вялікая Нямеччына маюць роўныя правы і могуць заблякаваць любое рашэньне. Іншая справа, што астатнія нейкім чынам спрабуюць узьдзейнічаць на таго, хто супраціўляецца, і большай часткай гэта ім удаецца. У дадзеным выпадку, відаць, не было такога моцнага ціску, і Славеніі ўдалося зрабіць тое, што яна хацела».

Спадар Фёдараў перакананы, што «Трайпл» і іншыя кампаніі Юрыя Чыжа не настолькі магутныя, каб санкцыі супраць іх маглі падарваць эканоміку краіны і яе кіраўнікоў:

«Так, гэта было б вельмі непрыемна, асабліва Чыжу, але казаць, што гэта можа стаць вырашальным, нельга».

Паводле спадара Фёдарава, новае рашэньне Эўразьвязу падагрэе дыскусію пра эфэктыўнасьць ягоных санкцыяў супраць афіцыйнага Менску:

«Гэта паказвае, што ніякіх сур’ёзных вынікаў гэтыя санкцыі не даюць, але зьяўляюцца маральнай падтрымкай тых, хто знаходзіцца тут у апазыцыі ўладам, якія бачаць, што тыя, хто парушае правы чалавека, нясуць нейкае, хай і сымбалічнае, пакараньне. Гэта лепш, чым нічога».

Супольны выступ Аляксандра Лукашэнкі і Дзьмітрыя Мядзьведзева супраць эўрапейскіх санкцыяў, які прагучаў на мінулым тыдні, сьведчыць, што ў Менску баяліся нечага большага, больш сур’ёзных, перадусім эканамічных санкцыяў, перакананы спадар Фёдараў.
XS
SM
MD
LG