Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На ўсходнім фронце шмат пераменаў»


Дэвізам сёлетняй міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, якая 15-18 сакавіка пройдзе ў нямецкай Саксоніі, сталі крыху перафразаваныя словы Эрыха-Марыя-Рэмарка «На ўсходнім фронце шмат пераменаў» («Aus dem Osten viel Neues» па аналёгіі з назвай раману «Im Westen nichts Neues» – «На заходнім фронце безь пераменаў»).

Як адзначыў дырэктар выставы Оліфэр Цыле, сёлета яе шматлікія госьці-наведнікі, ня толькі чытачы, але і выдаўцы, змогуць адкрыць для сябе творы і імёны таленавітых беларускіх, украінскіх ды польскіх літаратараў. У адрозьненьне ад Польшчы, дзе існуе сапраўдны кніжны рынак, кнігі таленавітых пісьменьнікаў дзьвюх постсавецкіх рэспублік, дзе адсутнічаюць неабходныя выдавецкія структуры, ня маюць шанцаў знайсьці чытача, прычым ня толькі на Захадзе.

Куратарам галоўнага подыюму кірмашу «Tранзыт» стане леташні ляўрэат Ляйпцыскай прэміі «За ўнёсак у эўрапейскае ўзаемаразуменьне», аўстрыйскі журналіст, пісьменьнік і перакладчык Марцін Полак.

Паводле Полака, «нават у Цэнтральнай і Заходняй Эўропе маецца неверагодны дэфіцыт ведаў пра літаратуру гэтага рэгіёну. А таму ёсьць абавязак – адчыніць свае дзьверы для гэтых літаратараў».

Падчас працы кірмашу адбудзецца 20 мерапрыемстваў з удзелам 32 літаратараў зь Беларусі, Украіны і Польшчы. Сам Полак правядзе дыскусію на тэму «Размова пра ваенную памяць». Ад Беларусі на абмеркаваньне запрошаная Сьвятлана Алексіевіч. Разам зь ёй беларускую дэлегацыю ў Ляйпцыгу будуць прадстаўляць літаратары і перакладчыкі Вольга Гапеева, Альгерд Бахарэвіч, Зьміцер Вішнёў, Артур Клінаў, Андрэй Хадановіч.

Напярэдадні адкрыцьця міжнароднай выставы некаторыя нямецкія СМІ зьмясьцілі публікацыі, прысьвечаныя сытуацыі на кніжных рынках Украіны і Беларусі.
Як адзначае Frankfurter Neue Presse, у абедзьвюх гэтых краінах таленавітыя літаратары скардзяцца на нягоды. Аднак калі ва Ўкраіне яны кажуць, што прынамсі цяпер могуць свабодна працаваць, у Беларусі, нават праз 20 гадоў пасьля падзеньня камунізму, прывілеямі надрукаваць свае творы карыстаюцца толькі праўладныя літаратары, кшталту кіраўніка афіцыйнага саюзу пісьменьнікаў міліцэйскага генэрала ў адстаўцы Мікалая Чаргінца.

Што да сяброў іншай, незалежнай пісьменьніцкай арганізацыі Ўладзімера Някляева, Рыгора Барадуліна, Сяргея Законьнікава, іх маладзейшых калегаў Артура Клінава, Наталкі Бабінай, Марыі Мартысевіч ды іншых, то наўрад ці яны могуць разьлічваць на публікацыю сваіх твораў у дзяржаўных літаратурных часопісах, ня кажучы пра выдавецтвы.

«У многіх беларускіх мастакоў і пісьменьнікаў у сувязі з жорсткімі рэпрэсіямі няма іншага выбару, акрамя як пакінуць краіну. Многія зь іх ужо эмігравалі і мусяць надоўга ўладкоўвацца на чужыне. Усё паказвае на тое, што тыя і без таго вузкія нішы, якія ў апошні час адваявалі сабе незалежная беларуская культура ды мастацтва, цяпер гвалтоўна разбураюцца і звужаюцца рэжымам Лукашэнкі», сказаў год таму падчас сваёй інаўгурацыйнай прамовы ў Ляйпцыгу Марцін Полак.
Сёлета ён гэтак жа настойвае на важнасьці беларускай культуры для эўрапейскай прасторы, аднак пры гэтым адзначае, што сытуацыя ў Беларусі для творчых людзей яшчэ больш ўскладнілася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG