Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пашырыць Рада Эўразьвязу сьпіс неўязных?


Ці адбываюцца зьмены ў эўрапейскай палітыцы адносна Беларусі? Што азначаюць пагрозы Аляксандра Лукашэнкі аб мерах у адказ на эўрапейскія санкцыі? Ці будзе на наступным пасяджэньні Рады Эўразьвязу пашыраны сьпіс неўязных беларускіх чыноўнікаў?

Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько, палітычны аналітык Марына Рахлей і польскі палітоляг Войцех Бародзіч-Смаліньскі. Слухайце перадачу ў нядзелю, 26 лютага, а 18-й гадзіне.

Прапануем вам фрагмэнты перадачы.

Войцех Бародзіч-Смаліньскі
Войцех Бародзіч-Смаліньскі
Бародзіч-Смаліньскі: Я думаю, што гэта пачатак зьмены ў палітыцы Эўразьвязу, гэта вяртаньне «двухшляховай» палітыкі, якая вялася некалькі гадоў таму, калі Захад спрабаваў размаўляць і з прадстаўнікамі ўлады, і з прадстаўнікамі апазыцыі.

Захад зразумеў, што хуткіх зьменаў у Беларусі ня будзе. Усе чаканьні, што леташні крызіс, абрыне беларускую сыстэму, ня спраўдзіўся.

У Беларусі спачатку трэба вельмі ўзмацніць сярэднюю клясу.

Заявы Лукашэнкі пра меры ў адказ на санкцыі нельга ўспрымаць сур’ёзна. Гэта трэба разумець, як акторскую гульню.

Для вялікіх заходніх кампаній, якія хочуць прыйсьці ў Беларусь, ня мае ніякага значэньня, ці ёсьць у гэтай краіне палітвязьні ці не.

Цяпер у ЭЗ усе чакаюць, што будзе адбывацца ў Расеі. Калі выбары выйграе Пуцін, што выглядае непазьбежным, то ніякага шляху Расеі да дэмакратызацыі ня будзе. Тады гэтага самага можна будзе чакаць і ў Беларусі«.

Андрэй Дынько
Андрэй Дынько
Дынько: «Не адбылося якраз зьменаў у палітыцы рэжыму. Лукашэнка кажа: калі хочаце, прымайце мяне такім, які я ёсьць, калі не — да пабачэньня.

Калі Лукашэнка гаворыць пра санкцыі, значыць, яго гэта дапякае.

Санкцыі правакуюць Менск на новыя рэпрэсіі. Паколькі Лукашэнка ня можа нашкодзіць Захаду, ён адыгрываецца на грамадзянскай супольнасьці тут.

Некаторыя людзі на Захадзе лічаць, што рэпрэсіі аслабляюць рэжым.

Аслабляюць ці ўмацоўваюць рэжым рэпрэсіі — толькі час можа даць адказ на гэтае пытаньне.

Лукашэнку хочацца застацца ў вялікай палітыцы ня толькі ў статусу васала Расеі».

Марына Рахлей
Марына Рахлей
Рахлей: «Ніякай карэкціроўкі палітыкі з боку Эўразьвязу пакуль не адбылося. Назіраецца адно зьмена пазыцый асобных краін адносна палітыкі ў дачыненьні да Беларусі, яны настойваюць на дыялёгу: меры, якія былі прынятыя, не маюць належнага ўплыву.
Гучныя заявы Лукашэнкі пра меры ў адказ на санкцыі — гэта рацыянальны ход. Лукашэнка рэагуе на акно магчымасьцяў, зьвязаных са зьменай палітыкі некаторых суседніх дзяржаваў. Лепшая абарона для яго — напад. Беларускія ўлады працуюць над тым, каб вярнуцца да палітыкі арэляў.

Я нязгодная з Андрэем, мэта Захаду — гэта паляпшэньне, а не пагаршэньне сытуацыі.

Масавага пашырэньня сьпісу неўязных быць не можа, таму што ў інтарэсах Эўразьвязу пасьлядоўна ўключаць у яго па некалькі асобаў, каб прадэманстраваць пасьлядоўнасьць палітыкі ЭЗ. Колькасьць асобаў, якім будзе забаронены ўезд у ЭЗ, павялічыцца, але наўрад ці радыкальна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG