Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго баіцца Аляксандар Лукашэнка?


Выступаючы на прыёме кіраўнікоў Узброеных сіл і праваахоўных органаў з нагоды 23 лютага, кіраўнік Беларусі казаў, што Захад пагражае беларускаму сувэрэнітэту. Ці сапраўды ён асьцерагаецца паўтарэньня лібійскага сцэнару ў Беларусі? Чаму Аляксандар Лукашэнка абараняе дыктатараў? Чаму ён так чапляецца за беларускую мадэль?

Аляксей Кароль
Аляксей Кароль
Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Удзельнікі: галоўны рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль і палітоляг, блогер Віктар Марціновіч.

Ці асьцерагаецца Лукашэнка лібійскага сцэнару ў Беларусі?


Валер Карбалевіч: «Лукашэнка казаў на прыёме з нагоды 23 лютага, што ціск на Беларусь з боку Захаду робіцца „ўсё больш маштабны, вытанчаны і настойлівы“. Але ён адзначыў „беспэрспэктыўнасьць замахаў на наш сувэрэнітэт“. „Пры дапамозе розных палітычных і інфармацыйных тэхналёгій праведзена гвалтоўная зьмена дзяржаўнай улады ў шэрагу краінаў Паўночнай Афрыкі. Адкрытае ваеннае ўмяшаньне НАТО ва ўнутраныя справы сувэрэннай Лібіі прывяло да зьнішчэньня дзяржавы, якая некалі дынамічна разьвівалася. Гэты ж сцэнар Захад гатовы рэалізаваць у Сырыі, Іране да іншых краінах“, — лічыць Лукашэнка. Ці ён сапраўды асьцерагаецца паўтарэньня лібійскага сцэнару ў Беларусі?»

Аляксей Кароль: «Так, асьцерагаецца і баіцца. Гэта тыпова для яго стылю і псыхалёгіі. Таксама гэта працяг ранейшай лініі на канструяваньне зьнешняга ворага і вонкавай пагрозы. Гэта стандартная рыторыка.

Гэты страх узмацняецца адчуваньнем хісткасьці сацыяльнай сытуацыі ўнутры Беларусі. Да таго ж гэта самаўнушэньне пры пэўнай страце адчуваньня рэальнасьці. А сувэрэнітэт Беларусі стварае рамкі ягонай улады».

Карбалевіч: «Як ужо адзначалі некаторыя палітыкі, Лукашэнка атаясамляе сувэрэнітэт з асабістай уладай».
Ніякіх перадумоваў для рэалізацыі ў Беларусі лібійскага і сырыйскага сцэнару няма. І, думаю, Лукашэнка гэта разумее.

Віктар Марціновіч: «Гэта ўжо трэцяя рэзкая антызаходняя заява гэтым тыднем. Спачатку Лукашэнка пагражаў заходнім краінам на сустрэчы з замежнымі дыпляматамі 20 лютага. Другі раз гэта адбылося 21 лютага падчас сустрэчы з судзьдзямі. І вось урэшце заява 23 лютага, зноў вяртаньне да акопнай рыторыкі. Здаецца, такога яшчэ не было ў гісторыі беларуска-эўрапейскіх адносін.

Ніякіх перадумоваў для рэалізацыі ў Беларусі лібійскага і сырыйскага сцэнару няма. І, думаю, Лукашэнка гэта разумее. Падаецца, сэнс гэтых заяваў у тым, каб падрыхтаваць грамадзтва да пашырэньня Эўразьвязам візавых санкцыяў адносна беларускіх чыноўнікаў, якое нібыта плянуецца 27 лютага».

Чаму Лукашэнка абараняе дыктатараў?


Карбалевіч: «Лукашэнка заўсёды абараняе дыктатараў, пачынаючы ад Мілошавіча. Потым быў Садам Хусэйн, потым Бакіеў, потым Кадафі. Цяпер абараняе рэжым Асада ў Сырыі. Чаму?»

Кароль: «Тут прысутнічае салідарнасьць дыктатараў. Але яшчэ дзейнічае і іншы чыньнік. Гэта псыхалёгія міжнароднага ізгоя. Для ягонага самалюбства гэтая сытуацыя хваравітая. Таму ён стварае вобраз моцнага, непахіснага кіраўніка. Адсюль лягічна вынікае падтрымка іншых дыктатараў».

Карбалевіч: «Хачу зьвярнуць увагу, што Лукашэнка абараняе ня толькі сучасных дыктатараў, але і дыктатараў мінулых. Напрыклад, усім вядомыя ягоныя выказваньні пра Гітлера, Сталіна».

Марціновіч: «Таму што ён вызнае з дыктатарамі аднолькавыя каштоўнасьці. Напрыклад, антыамэрыканізм. Яны размаўляюць на адной мове».

Чаму ён так чапляецца за беларускую мадэль?


Карбалевіч: «Лукашэнка падкрэсьліў, што „аналіз апошніх падзей у краіне пацьвярджае ўстойлівасьць беларускай сацыяльна-палітычнай і эканамічнай мадэлі разьвіцьця“. Чаму ён так упарта чапляецца за гэтую мадэль, якую, паводле сацыёлягаў, лічыць неэфэктыўнай большасьць насельніцтва?»

Кароль: «Бо крах гэтай мадэлі азначае і крах ягонай улады. Пачаўшы рэформы, іх можна не спыніць. Як гэта было ў часы гарбачоўскай перабудовы. Лукашэнка добра памятае гэты пэрыяд, бо тады праходзіў свой шлях да ўлады. Таму ён займаецца самагіпнозам. І верыць, што словы мацнейшыя за рэчаіснасьць.
Крах гэтай мадэлі азначае і крах ягонай улады. Пачаўшы рэформы, іх можна не спыніць.

Цікавая ў гэтай сувязі заява віцэ-прэм’ера Сямашкі: «Катастрофаў і дэфолту беларуская мадэль эканомікі пазьбягае толькі дзякуючы расейскім прэфэрэнцыям. У нас была б катастрофа і каляпс, калі б не прадалі „Белтрансгаз“.

Лукашэнка адчувае блізкую катастрофу рэжыму і ўлады. Гэтым тлумачацца ягоныя кідкі, заявы супраць вонкавых ворагаў. Сапраўдная пагроза Лукашэнку ідзе ад ягонай уласнай палітыкі. Напрыклад, ад узмацненьня залежнасьці ад Расеі».

Марціновіч: «Самагіпноз — гэта добра. Але трэба ж загіпнатызаваць больш за 9 мільёнаў жыхароў Беларусі. Беларуская мадэль — гэта сацыяльна-палітычны канглямэрат. Тут зьмены ў палітыцы вядуць да зьменаў у эканоміцы і наадварот.

Напрыклад, калі пачнецца масавая прыватызацыя, у краіне зьявяцца моцныя ўласьнікі, алігархі. Гэта прывядзе да таго, што праз два гады партыя БНФ і іншыя апазыцыйныя сілы будуць фінансавацца не з-за мяжы, а зьявяцца ўнутраныя донары. І тут паўстане моцная апазыцыя. Калі зьменіцца патэрналісцкая роля дзяржавы, то зьявіцца вялікая колькасьць грамадзян, якія адказваюць самі за сябе. Вось тады і зьменіцца мадэль. Таму Лукашэнку толькі і застаецца, што хваліць мадэль цяперашнюю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG