Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вырак Сяргею Каваленку — 2 гады 1 месяц калёніі агульнага рэжыму

абноўлена

Прысуд Сяргею Каваленку. Відэа без камэнтароў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:50 0:00
Наўпроставы лінк

24 лютага ў Віцебску скончыўся працэс над сябрам КХП-БНФ Сяргеем Каваленкам.

Палажанка: Галоўнае, каб ставала мужнасьці і мудрасьці ў Сяргея і яго сваякоў

21:30 Актывістка «Маладога фронту» Наста Палажанка: «Гэта такое дэманстраваньне пазыцыі сілы Лукашэнкі, які адбрэхваецца ад санкцый, кажа, што нас не нахіліць. І раз за разам дэманструе гэта на новых людзях і на новых ахвярах. Рана ці позна гэта скончыцца, хутчэй рана. Галоўнае, каб ставала мужнасьці і мудрасьці ў Сяргея і яго сваякоў».

Янукевіч: Каваленку судзілі за тое, што ён мае нацыянальную годнасьць

21:10 Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч: «Ад самага пачатку гэтага працэсу было відавочна, што гэты працэс незаконны і прысуд гэты незаконны, абсалютна несправядлівы. Каваленку ад самага пачатку судзілі за тое, што ён мае нацыянальную годнасьць і гэтую нацыянальную годнасьць выяўляе абсалютна негвалтоўнымі ўчынкамі. Праз тое, што вывешваў бел-чырвона-белыя сьцягі. Па сёньняшняй сытуацыі нельга сказаць, што гэта дзіўны прысуд. Аднак гэта прысуд антыбеларускі, і гэта яскравая дэманстрацыя таго, як улада абыходзіцца са сьвядомымі беларусамі».


Вячорка: Гэта зьнявага Эўропе, якая ўсё пасылае ціхія і гучныя сыгналы Лукашэнку

21:00 Палітык Вінцук Вячорка: «Гэта зьнявага мужнага чалавека, які абараняе нашу агульную нацыянальную каштоўнасьць, складовую частку нашай незалежнай дзяржаўнасьці. Той незалежнай дзяржаўнасьці, безь якой не было б цяперашніх валадароў дзяржавы ў такой якасьці. Абсурд.

Гэта зьнявага Эўропе, якая ўсё пасылае ціхія і гучныя сыгналы Лукашэнку, каб ён хаця б выконваў мінімальныя правы чалавека, каб ён хаця б жэсты зрабіў у кірунку зьмякчэньня таталітарнага рэжыму. Гэта, безумоўна, вялікі ўдар па здароўі і, магчыма, і па пэрспэктывах жыцьця самога героя, якім можна і трэба назваць Каваленку».


20:50 Буйвал: «Гэта — расправа над беларускім патрыётам»

Сакратар КХП-БНФ Валеры Буйвал усе гэтыя дні сачыў у Віцебску за працэсам над аднапартыйцам: «Гэта не ёсьць суд, гэта не ёсьць прысуд. Гэта ёсьць расправа над беларускім патрыётам, сьветлым чалавекам з боку цёмных акупацыйных сілаў.

Гэты прысуд — адзін са знакаў, які атрымала насельніцтва Беларусі. Ён паказвае на што здольны гэты рэжым. І што рэпрэсіі супраць ні ў чым непавінных людзей могуць быць працягнутыя ў нашай краіне вельмі шырака».

Івашкевіч: Стратэгія застрашваньня грамадзтва застаецца галоўнай ва ўнутранай палітыцы

20:40 Палітык Віктар Івашкевіч: «Рэжым дэманструе непазьбежнасьць пакараньня за любыя дзеяньні з крытыкай ці неяк накіраваныя супраць яго. Рэжым праводзіць палітыку застрашэньня, як гэта пачаў 19 сьнежня, так гэта і не спыняе. Палітыка не мяняецца. Стратэгія застрашваньня грамадзтва застаецца галоўнай ва ўнутранай палітыцы».


20:40 Вус: «Улада ўсяляк робіць, каб зьнішчыць, пасадзіць»

Былы кандыдат у прэзыдэнты, былы палітвязень Дзьмітры Вус: «Гэта маразм, які творыцца ў нас у Беларусі. Парушаюцца правы чалавека, улада зацікаўленыя ў зьнішчэньні моладзі, беларусаў, якія не падтрымліваюць рэжым ці клян Лукашэнкі, якія хочуць жыць у дэмакратычнай краіне, мець і выказваць сваё меркаваньне. Улада ўсяляк робіць, каб зьнішчыць, пасадзіць. Балюча сэрцу ўсё гэта бачыць. Таму і працуем, каб у нас у краіне зьмянілася сытуацыя».


20:30 Знавец: «Лукашэнка мусіў бы даць загад — спыніць усю гэту вакханалію, гэту дурноту»

Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня, юрыст Павал Знавец адзначае, што Сяргей Кавалаенка сьвядома рабіў сваю справу: «Сяргей Каваленка — чалавек ідэі. І церпіць ён за нацыянальную, гістарычную сымболіку Беларусі. Ідэю Каваленкі мне лёгка зразумець. Але на жаль, грамадзтва нашае зманкуртызаванае (ёсьць такі тэрмін). І стаўленьне бальшыні да роднай сымболікі, у тым ліку дзяржаўных чыноўнікаў, судзьдзяў, абыякавае. Калі б у судзьдзі было хоць трошачкі нацыянальнай годнасьці, сьвядомасьці, то яна такую справу нават не разглядала б.

Я мяркую, што пра такое стаўленьне ведае і сам Лукашэнка, і ягонае атачэньне. І ім гэта таксама, як кажуць, да лямпачкі. Хоць здаецца ў цяперашняй сытуацыі, калі ад таго ці захаваецца Беларусь як самастойная дзяржава, залежыць і ягоная пасада, Лукашэнка мусіў бы даць загад — спыніць усю гэту вакханалію, гэту дурноту».


20:05 Антончык: «Супраць яго праяўленая неверагодная жорсткасьць»

Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Сяргей Антончык: «Сказаць „беспредел“ недастаткова сказаць. Гэта ёсьць яшчэ адзін сымбал, зьнішчэньня беларускасьці, беларускай сьвядомасьці, беларускага духу. Каваленка зараз можна сказаць наперадзе вызвольнага беларускага руху. Ён пакараны за тое, што любіць свае нацыянальныя сымбалы, за тое ўзьняў гэтыя сымбалы высока ўгору, каб паказаць усяму сьвету, што беларусы жывыя.

І таму супраць яго праяўленая неверагодная жорсткасьць. Як раз гэта і паказвае, якую Беларусь любіць Лукашэнка, і якую Беларусь нам неабходна адбудаваць. З аднаго боку, чалавек, беларус, які змагаецца за беларускае. І з другога боку, карная сыстэма, якая зьнішчае ўсё беларускае».

19:59 Севярынец: «Гэта – нялюдзкі прысуд»

Сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня Партыі БХД, палітвязень Павал Севярынец: "Гэта – нялюдзкі прысуд. Хлопца проста забіваюць. Ён падняў бел-чырвона-белы сьцяг. А менавіта гэты сьцяг і геройства такіх беларусаў як Каваленка выклікае ў рэжыму шалёнства. Таму ўсім трэба змагацца, каб гэты прысуд быў адменены, а Каваленка – вызвалены".

Алена, жонка Сяргея Каваленкі, ля будынку суду
Алена, жонка Сяргея Каваленкі, ля будынку суду

Лідзія Каваленка плача пасьля прысуду сыну Сяргею
Лідзія Каваленка плача пасьля прысуду сыну Сяргею


19:55 Усіх выгналі з будынку суду. Маці Каваленкі Лідзія плача на руках ягонай цёткі.

Адвакаты заявілі, што будуць адскарджваць рашэньне.


19:46 Каваленку асудзілі на 2 гады 1 месяц калёні. Калі адняць тое, што ён адседзеў да суду, застаецца 1 год 11 месяцаў.


19.43 Сяргея вывелі з залі. Вырак пакуль застаецца невядомым.

Ён пасьпеў крыкнуць «Слава нацыі!».



19.40 Жанчыны ў калідоры чытаюць «Ойча наш».

19.32 Касманаўт Кавалёнак: «Я зрабіў памылку, калі ўнёс гэты сьцяг»

18:38 Каваленку завялі ў залю. Прысутныя ў калідоры скандуюць «Свабоду! Свабоду!»

18:00 Каб паслухаць вырак, сабралося 30 чалавек. Ад залі суду іх аддзяляюць 30 мэтраў і 4 кардоны міліцыі.





17:55 Адвакаты зайшлі ў залю. Каваленку пакуль не завялі.

17:05 У судзе перапынак да 18:00. Каваленку вывелі з залі. Пасьля перапынку будзе абвешчаны вырак.

Людзі, якія прысутнічалі на працэсе, паведамілі, што патрабаваньні пракурора Каваленка ўспрыняў спакойна.

Адвакаты ў сваіх прамовах адзначалі, што Каваленка не рабіў наўмысных хуліганскіх дзеяньняў.


У сваім апошнім слове Сяргей Каваленка не абараняў сябе, а казаў пра бел-чырвона-белы сьцяг, пра яго гісторыю і статус. Ён таксама сказаў, што ягоныя акцыі ня мелі хуліганскі характар, а насілі выключна палітычны зьмест.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:09 0:00
Наўпроставы лінк


пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:03 0:00
Наўпроставы лінк


Алена Каваленка моліцца ў калідоры суду
Алена Каваленка моліцца ў калідоры суду




16:49 Паводле інфармацыі з залі суду, на працэсе выступаюць адвакаты Сяргея Каваленкі.

15:55 Пракурор запатрабаваў 2 гады 8 месяцаў калёніі.

15:27 Працэс пачаўся. Калі Каваленку заводзілі ў залю, паміж ім і людзьмі сшыхтаваліся тры кардоны міліцыі і спэцназу. Яны стаялі так, каб людзі не пабачылі Каваленку. Алена Каваленка спрабавала выклікаць «хуткую». Ёй адказалі: «Мы ня можам прыехаць, бо зьверху прыйшоў загад рэагаваць толькі калі „хуткую“ выкліча судзьдзя».

15:26 У судовай кнізе скаргаў скончыліся чыстыя аркушы. Усяго ад пачатку працэсу над Каваленкам грамадзяне напісалі 30 скаргаў.

15:07 Праваабаронца Павал Левінаў паведаміў, што ўжо тры гадзіны ў Віцебску на праспэкце Перамогі 25 вісіць бел-чырвона-белы сьцяг. Сьцяг вынесілі на знак салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам.

14:46 Перакладчык Сяргей Міхайлаў паведаміў, што Каваленка ў клетцы п’е ваду. Ён выглядае вельмі стомленым. Болей ніякіх хадайніцтваў не вылучае.

Скончваючы дасьледаваньне матэрыялаў справы, судзьдзя запыталася «Ці маеце вы што дадаць?» Каваленка на гэта нічога не адказаў.

14:39 У судзе — перапынак. Каваленку вывелі з залі. Ён пасьпеў крыкнуць «Жыве Беларусь!».

Перапынак на 30-40 хвілінаў. Пасьля перапынку пачнуцца судовыя спрэчкі.

14:11 Сваякі Каваленкі разам з праваабаронцамі напісалі 24 скаргі старшыні суду, што іх не пусьцілі ў залю, а таксама 10 скарга кіраўніцтву віцебскай міліцыі, на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў МУС у судзе.

14:00 Працэс аднавіўся.


Міліцыя заблакавала падыход да залі, дзе адбываецца працэс над Каваленкам
Міліцыя заблакавала падыход да залі, дзе адбываецца працэс над Каваленкам


13:26 Сяргей Міхайлаў, які працуе перакладчыкам на працэсе, паведаміў, што перапынак абвясьцілі на просьбу Каваленкі.

Сяргей заявіў, што кепска сябе адчувае, сказаў, што ў яго баліць галава і жывот і што ён не разумее, што адбываецца ў судзе.

Міхайлаў таксама паведаміў, што сёньня на працэсе дапыталі самаго Каваленку — хутка і фармальна.

Паводле Сяргея Міхайлава разглядаецца трэці том справы.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:44 0:00
Наўпроставы лінк



13:16 Абвешчаны на 5 хвілінаў перапынак падоўжаны на 20 хвілінаў.

13:10 З залі суду выйшаў латыскі дыплямат Яніс Рупэй. Алене Каваленцы ён аддаў бутэльку з вадой . Дыплямат сказаў, што судзьдзя не дазволіла перадаць ваду Каваленку.

13:08 Абвешчаны перапынак.

13:06 Паводле зьвестак Алены Каваленкі, Сяргей пачаў піць ваду.

Алена Каваленка
Алена Каваленка


12:50 Прыехала здымачная група мясцовага дзяржаўнага тэлеканалу «Скіф».

Яны падышлі да польскага дыплямата і задалі пытаньне: «Як паўплывае ваш візыт на беларуска-польскія дачыненьні?»

Дыплямат адказаў: «Прабачце, я ўжо адказаў на ўсё пытаньні».

Пасьля гэтага ён завярнуўся і зьехаў.

12:15 Польскі дыплямат Вітальд Юраш заявіў журналістам, што рашэньне па справе Каваленкі прымаецца не ў судзе, а наверсе, што ён ня мае ілюзіяў наконт гэтага суду, таму і пакідае працэс.

Вітольд Юраш
Вітольд Юраш
«Я хацеў прыехаць сюды, каб паказаць нашую салідарнасьць. Але я ўбачыў, што ўсе рашэньні прымаюцца ня ў залі суду. Знаходзіцца тут для мяне няма сэнсу. Таму я зьяжджаю. Гэта мая пазыцыя. Я бачу такую рэальнасьць, як я сказаў: знаходзіцца тут няма сэнсу. Ня тут прымаюцца рашэньні».

Зьвяртаючыся да Алены Каваленкі:

«У мяне была магчымасьць пакамунікаваць з вашым мужам. Я яго прасіў ад імя калегаў па Эўразьвязе, асабіста ад сябе і нават ад маёй жонкі, каб ён спыніў галадоўку.

Адвакат прасіў зьмяніць меру стрыманьня. Але ў гэтым было адмоўлена.

Сяргей слабы. Яму цяжка засяродзіцца. Але ён паводзіць сябе годна. Я ўпэўнены, што ён вытрымае. Я на гэта спадзяюся. Я ў гэта веру.

Гэта трагедыя, калі адзін чалавек цярпіць праз сваю адвагу, а іншыя ў залі — праз адсутнасьць адвагі.

Я спадзяюся, што ён спыніць галадоўку і будзе годным і шчасьлівым чалавекам. А тыя, хто цярпіць праз адсутнасьць адвагі, будуць з гэтым жыць».

«Я спадзяюся, што яго вызваляць. Гэта было б заўважана ў Эўразьвязе», — сказаў Юраш.

Ён дадаў, што афіцыйную пазыцыю Эўразьвяз выкажа ў панядзелак 27 лютага.

Юраш Пагаварыў з маці Каваленкі. Тая прасіла, каб дыплямат паспрыяў допуску мэдыкаў. Юраш адказаў, што ў гэтай сытуацыі нічым дапамагчы ня можа, бо такое рашэньне прымаюць беларускія ўлады.

Польскі дыплямат пра працэс над Каваленкам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:50 0:00
Наўпроставы лінк


12:00 Аб 11 гадзіне пачаўся пікет салідарнасьці з Сяргеем Каваленкам у Брусэлі ля будынку Эўракамісіі. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў Зьміцер Піменаў, кіраўнік Беларускага эўрапейскага задзіночаньня.

Пікет у Брусэлі ў падтрымку Сяргея Каваленкі
Пікет у Брусэлі ў падтрымку Сяргея Каваленкі



11:58 Перапынак у судзе. Судзьдзя вырашае, ці зьмяніць Каваленку меру стрыманьня на больш мяккую. З залі суду паведамляюць, што ўсе ранейшыя хадайніцтвы, якія былі сёньня, судзьдзя адхіляла.

Апрача хадайніцтва адвакатаў пра зьмену стрыманьня, да хадайніцтва далучаныя звароты у суд ад партыі КХП-БНФ і БХК.

Адвакаты кажуць, што Каваленка пачынае загаворвацца, паўтарае адно і тое ж. Адвакаты таксама кажуць, што ўчора іхны падабаронны піў ваду, а сёньня нават ня п’е.

Суд над Каваленкам. Дзень чацьверты
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:05 0:00
Наўпроставы лінк


11:40 Алена Каваленка паведаміла, што накіравала тэрміновыя скаргі спэцдакладчыкам ААН у справах катаваньняў, судовай практыкі і свабодзе слова. Алена Каваленка скардзіцца на бесчалавечнае абыходжаньне зь яе мужам, на парушэньне прынцыпаў адкрытасьці судоў і на перашкоду ў атрыманьні інфармацыі.

11:15 Праваабаронца Леанід Сьвецік пра суд над Сяргеем Каваленкам:

Леанід Сьвецік
Леанід Сьвецік
«Суд адмовіўся зрабіць працэс адкрытым. Таму мы можам толькі здагадвацца, у чым Сяргея вінавацяць. Але фармальнае абвінавачваньне зразумелае — ён ухіліўся ад выкананьня прысуду, паводле якога ён павінен адбываць „хатнюю хімію“.

Што дало штуршок, каб пачало працаваць гэтае абвінавачаньне? Я думаю, што ён фактычна не падпарадкоўваўся ўладзе. Якім чынам? Маючы за сьпінай прысуд, ён даволі актыўна працягваў выказваць сваю палітычную і грамадзкую пазыцыю. Ён, як і раней, працягваў вывешваць бел-чырвона-белыя сьцягі.

Я лічу, што гэта адзіная сапраўдная падстава, паводле якой Сяргея судзяць.

Я яго папярэджваў, што за парушэньне ўмоваў „хатняй хіміі“ яму фактычна пагражае турма. Але ён мне заўсёды адказваў, што будзе адстойваць свае пазыцыі.

Але галоўнае, што адкрытае паседжаньне суд фактычна зрабіў закрытым. Гэта працэсуальнае парушэньне. Працэс можна назваць умоўна адкрытым.

У сэрыі судоў, якія праходзілі над грамадзкімі актывістамі ў Віцебску, такое адбываецца ўпершыню».

11:05 У суд прыйшла маці абвінавачанага Лідзія Каваленка. Яна патрабуе, каб ёй дазволілі прысутнічаць на працэсе.

10:50 Прыхільнікі Каваленкі і журналісты заблякаваныя ў правай частцы, а прыбіральня знаходзіцца ў левай. Па патрэбе міліцыянты водзяць людзей пад канвоем.

10:45 СМС-паведамленьне з залі: «Судзьдзя адхіляе хадайніцтвы, каб выклікаць дадатковых сьведкаў».

Віталь Каваленка
Віталь Каваленка
10:40 Скончыўся допыт Віталя Каваленкі. Пасьля допыту судзьдзя выдаліла яго з залі. Сваё рашэньня яна патлумачыла тым, што, маўляў, раней Віталь атрымліваў заўвагі ад судзьдзі.

Віталь Каваленка заявіў журналістам, што брат выглядае кепска, але паводзіць сябе адэкватна.

Віталь у судзе пацьвердзіў ранейшыя заявы жонкі Каваленкі Алены, што міліцыянты ціснулі на іхную сям’ю. А менавіта — па 6 разоў за ноч прыходзілі да іх у кватэру, каб перакацца, што Сяргей Каваленка дома.

Віталь кажа, што у залі сядзяць людзі, якіх ні ён, ні Сяргей ня ведаюць.

10:38 Сайт незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» паведамляе: «У трэці дзень суду над палітвязьнем у Менску ў гандлёвым цэнтры „Сталіца“ зьявіўся беларускі нацыянальны сьцяг. Сьцяг правісеў некалькі гадзінаў».





10:35 Маці і брат Каваленкі зьвярнуліся ў прадстаўніцтва Чырвонага крыжа, каб гэтая міжнародная арганізацыя ўмяшалася ў сытуацыю і паспрыяла таму, каб Сяргею аказалі мэдычную дапамогу.

10:30 З залі суду прыйшла СМС: «Сяргей заявіў, што будзе працягваць галадоўку».

У калідоры суду
У калідоры суду


10:23 У суд прыехаў консул Латвіі Яніс Рупэй. Але яго не пусьцілі ў залю, дзе адбываецца паседжаньне.

10:09 Паседжаньне адбываецца ў залі № 3. Гэтая заля знаходзіцца побач з каравульным памяшканьнем. Людзям, якіх міліцыя блякуе ў іншым канцы калідору, не відаць, як заводзілі Кавалеку з залю.

10:08 Суд выклікаў сьведку Віталя Каваленку, брата Сяргея.

10:03 Працэс пачаўся.

Журналістаў, сваякоў, грамадзкіх дзеячоў міліцыя заблякавала ў адной часцы калідору. А ў іншай — адкрылі дзьверы залі, дзе ўжо сядзелі людзі.

На працэс здолеў патрапіць толькі польскі дыплямат.



9:45 Праваабаронца Павал Левінаў напісаў скаргі ў Сьведчы камітэт па Віцебскай вобласьці.

Першую --- на тое, што да Каваленкі не пусьцілі мэдыкаў. Левінаў кажа, што і такіх дзеяньнях адміністрацыі суду ёсьць прыкметы крымінальнага злачынства.

Другую — на тое, што людзей не пусьцілі ў залю на паседжаньне.


9.30 Ля будынку суду зьбіраюцца прыхільнікі Сяргея Каваленкі, праваабаронцы, грамадзкія дзеячы і журналісты. Прыехаў часова павераны у справах Польшчы ў Беларусі Вітольд Юраш.

У суд людзей пускаюць, але вельмі пільна даглядаюць.

Жанчынаў прымушаюць разувацца.

«Не аказваючы патрэбную мэдычную дапамогу майму мужу, улады ідуць на сьвядомае забойства», — заявіла Алена Каваленка журналістам.

Пачатак — а 10-й раніцы

23 лютага пасяджэньне скончылася ўжо на пачатку сёмай вечара.

Да Сяргея Каваленкі не дапусьцілі мэдыкаў.

«Хуткую» дапамогу маці і жонка Каваленки выклікаюць на кожнае пасяджэньне па некалькі разоў — яны лічаць, што Сяргей Каваленка знаходзіцца на мяжы жыцьця і сьмерці, і што выходзіць з галадоўкі, якую ён абвясьціў 19 сьнежня мінулага году, трэба ва ўмовах стацыянару пад кантролем лекараў.

23 лютага ў судовую залю не пусьцілі ніводнага чалавека з тых, хто хаця б ведаў Сяргея.

Паводле тых, хто хаця б некалькі імгеньняў бачыў Сяргея, якога заводзілі ці выводзілі на суд, ён выглядае кепска, скардзіца на галаўны боль, пагаршэньне слыху і зроку, агульную слабасьць, развамўляе дужа ціха. Канвой водзіць яго пад рукі.


Суд над Сяргеем Каваленкам. Дзень першы
Суд над Сяргеем Каваленкам. Дзень другі

Суд над Сяргеем Каваленкам. Дзень трэці


Сяргей Каваленка галадуе на знак пратэсту супраць зняволення ў СІЗА і крымінальнага абвінавачыньня, ініцыяванага супрацоўнікмі крымінальна-выканаўчай інспэкцыі.

Яго судзяць за парушэньні рэжыму «хатняй хіміі» , прысуджанай яму за бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны 7 студзеня 2010 году на гарадзкой ёлцы ў Віцебску. Апазыцыянэру пагражае да трох гадоў турэмнага зьняволеньня.

За час судовага працэсу, які йдзе з 21 лютага, Сяргей Каваленка неаднаразова заяўляў адводы судзьдзі Алене Жук і пракурору Дзьмітрыю Лутаву, бо лічыць іх зацікаўленымі ў выніку разгляду справы не на ягоную карысьць. Але гэтыя хадайніцтвы суд адхіліў як беспадстаўныя.

Адхілены ягоныя хадайніцтвы пра замену дзяржаўнай сымболікі ў залі суду і нават пра тое, каб на працэсе змаглі прысутнічаць яго родныя, сябры і журналісты .

Партрэт на фоне кратаў: Сяргей Каваленка. Чалавек, адданы сьцягу
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG