Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 24 лютага


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

НАДВОР’Е:

Воблачнае з праясьненьнямі неба. Шмат у якіх раёнах мокры сьнег і дождж. На некаторых дарогах магчымая галалёдзіца. Тэмпэратура ўдзень ад 0 да +5°, на Берасьцейшчыне да +7°.
НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ:

У вечаровым эфіры Свабоды: госьці — палітык, мастацтвазнаўца і перакладчык Валеры Буйвал, бард Тацьцяна Грыневіч і паэт Алесь Разанаў, які распавядае пра свайго памерлага сябра, мастака Тодара Копшу.
У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ

У Віцебску ў судзе Першамайскага раёну — чацьверты дзень працэсу над Сяргеем Каваленкам, актывістам Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Каваленку вінавацяць у парушэньні рэжыму адбываньня «хатняй хіміі», прысуджанай яму ў 2010 годзе за вывешаны на гарадзкой навагодняй ёлцы бел-чырвона-белы сьцяг. Каваленку пагражае да трох гадоў турэмнага зьняволеньня.

У Менску адбудзецца ўручэньне прэміі «З адкрытым забралам» імя былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі. Прэмію заснаваў дэмакратычны рух «Абаронцы Айчыны», што аб’ядноўвае афіцэраў — былых супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў і іншых сілавых структураў Беларусі. Прэмія штогод уручаецца за асабістую мужнасьць, прадэманстраваную ў экстрэмальных абставінах. У розны час яе ляўрэатамі былі праваабаронца Гары Паганяйла, зьняволеныя кандыдаты ў прэзыдэнты Аляксандар Казулін і Ўладзімер Някляеў, прадпрымальнік і палітвязень Мікалай Аўтуховіч. Цырымонія адбудзецца па адрасе: вул. Гая, 14, 50. Пачатак а 15-й гадзіне.

У Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры (Менск, вул. Багдановіча, 13) пройдзе літаратурная вечарына «Рыцар паэзіі» памяці Алеся Пісьмянкова. Пачатак а 17-й гадзіне.

У Грэка-каталіцкім цэнтры сьвятога Язэпа (Менск, вул. Арджанікідзэ, 6) пройдзе сустрэча памяці архімандрыта Андрэя Цікоты, які загінуў у сталінскіх лягерах. Пачатак а 19-й гадзіне.

* * *

Паважаныя наведнікі сайту! Дапамажэце больш поўна прадставіць беларускі дзень — дашлеце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

У 1582 Папа Рыгор ХІІІ выдаў булу аб пераходзе зь юліянскага календара на новы каляндар, які пазьней атрымаў назву грыгарыянскага. Паводле булы, новы каляндар уступіў у дзеяньне 4 кастрычніка 1582, пасьля якога наступіў адразу дзень 15 кастрычніка 1582 (папа «падагнаў» юліянскі каляндар на 10 дзён уперад). Каляндарная рэформа Папы Рыгора ХІІІ задумвалася перш за ўсё дзеля сынхранізацыі юліянскага календара з сонечным — за 1600 гадоў існаваньня юліянскага календара дата веснавога раўнадзенства, якое адыгрывае важную ролю ў вызначэньні Велікоднага сьвята (пасхаліі), у часы Папы Рыгора ХІІІ перасунулася з 21 сакавіка на 11 сакавіка. Сёньняшняя розьніца паміж юліянскім календаром, якім карыстаюцца ў большасьці праваслаўных цэркваў на сьвеце, і грыгарыянскім календаром раўняецца ня 10, а 13 дзён (тры далейшыя дні дадаліся, бо паводле папскай булы гады 1700, 1800 і 1900 не былі высакоснымі, гэта значыць, яны былі карацейшыя на адзін дзень ад гадоў у юліянскім календары).

У 1935 у Гарадку Ўшацкага раёну нарадзіўся Рыгор Барадулін, адзін з самых чытаных беларускіх паэтаў.

Таксама нарадзіліся:

1463: Джавані Піка дэля Мірандола, італьянскі філёзаф

1786: Вільгельм Грым, нямецкі казачнік, малодшы брат Якаба Грыма

1807: Генры Лангфэла, амэрыканскі паэт і перакладчык

1885: Чэстэр Уільям Німіц, амэрыканскі адмірал, герой Другой сусьветнай вайны

1918 — Эдвард Кісель, рымска-каталіцкі дзеяч Польшчы, першы біскуп беластоцкі

1955 — Стывэн Джобс, заснавальнік кампаніі «Apple Computer»
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Штодня вядзі з самім сабою бой,
Каб клопаты цябе не пахавалі,
Жыві надзеяй,
Мараю слабой,
Што сьвет трымаецца
Адным табой —
З ракі ўсёзабыцьця — намерам хвалі.

Рыгор Барадулін
ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ СВАБОДЫ:

МЗС Беларусі: Хто пажадаў выехаць зь Лібіі, выехалі. З астатнімі працуем

«Карта паляка» супраць козыраў Палаты прадстаўнікоў

Студэнт просіць ЭЗ уключыць у сьпіс неўязных кіраўніцтва ВНУ

Прэм’ера новай перадачы «Тры песьні пра свабоду»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG