Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфэдэрацыя працы Расеі гатовая падтрымаць байкот беларускіх тавараў


Канфэдэрацыя працы Расеі выказала падтрымку беларускім дэмакратычным прафсаюзам, паведамляе рэсурс «Прафсаюзы сёньня».

Прэзыдэнт Канфедэрацыі працы Расеі Барыс Краўчанка: «Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь можа пакінуць свае спробы заткнуць рот Аляксандру Ярашуку — ён паводзіць сябе ўзважана і адказна».

Нагодай для заявы стаў выклік Аляксандра Ярашука, кіраўніка Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, у Генэральную пракуратуру Беларусі 14 лютага. Раней Ярашук выступіў з заявай пра магчымы заклік да байкоту беларускіх тавараў у краінах Эўразьвязу. Падставай для яго слоў стаў ціск уладаў на актывістаў незалежнага прафсаюзу работнікаў прадпрыемства «Граніт».

Пракуратура палічыла, што ў словах прафсаюзнага лідэра могуць быць прыкметы складу злачынства. Яго таксама папярэдзілі, што за падобныя парушэньні можа пагражаць тэрмін ад 2 да 5 гадоў. Ярашук, у сваю чаргу, лічыць дзеяньні пракуратуры ціскам на прафсаюзны рух краіны.

Прэзыдэнт канфэдэрацыі працы Расеі Барыс Краўчанка таксама заявіў: «Калі ж узьнікне рэальная неабходнасьць у жорсткіх салідарных дзеяньнях з боку прафсаюзаў, то да байкоту беларускіх тавараў з боку замежных спажыўцоў закліча і наш прафцэнтар — Канфедэрацыя працы Расеі. Расейская Федэрацыя зьяўляецца асноўным рынкам збыту для Беларусі, наш голас пачуюць у Эўразьзвязе. Мы зацікаўленыя ў выраўноўваньні сытуацыі з працоўнымі правамі на ўсёй постсавецкай прасторы і таму абавязкова падтрымаем БКДП».

Паведамленьне перадрукаваў таксама рэсурс Рады пры прэзыдэнце Расейскай Фэдэрацыі па развіцьці грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG