Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працяг суду над Сяргеем Каваленкам — сёньня ў 14.00


Пасьля таго, як 21 лютага ў Першамайскі райсуд выклікалі трэцюю брыгаду хуткай дапамогі, судзьдзя Алена Жук мусіла прызнаць, што зьняволенаму актывісту патрэбна мэдычнае абсьледаваньне.

Судзьдзя пастанавіла адкласьці працэс, які пачаўся 21 лютага, на другую палову серады. Пасьля суду Сяргея Каваленку адвезьлі ў мэдычную частку віцебскага СІЗА-2, хаця сваякі настойваюць, што зьняволенага трэба неадкладна зьмясьціць у шпіталь, каб яму была аказана кваліфікаваная і ўсебаковая мэдычная дапамога.

Сяргея Каваленку судзяць паводле крымінальнага абвінавачаньня за парушэньні рэжыму «хатняй хіміі» — умоўнага пакараньня, прысуджанага за бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны 7 студзеня 2010 году на гарадзкой навагодняй ёлцы. Да суду сябра КХП БНФ трымалі пад вартай — у ізалятары часовага ўтрыманьня, а потым у СІЗА.

Тамсама ён знаходзіцца і цяпер, трымаючы галадоўку пратэсту супраць крымінальнага абвінавачаньня і зьняволеньня. Галадоўку ён абвясьціў 19 сьнежня, праз 30 дзён яго пачалі карміць прымусова, пагражаючы «псыхушкай» і фізычнай расправай. Аднак з 8 лютага ён зноў цалкам адмовіўся ад ежы. А ў апошнія дні гэта ўвогуле была «сухая» галадоўка, як паведаміў сам Сяргей Каваленка на судовым працэсе.

Падчас галадаваньня ён страціў траціну вагі — каля 25 кіляграмаў, на судзе скардзіўся на слабасьць, галаўны боль, яго трэсла ад холаду. Родныя актывіста лічаць, што ён знаходзіцца на мяжы жыцьця і сьмерці. Але Сяргей Каваленка не пагаджаецца спыніць галадоўку пратэсту.

Суд над Сяргеем Каваленкам. Дзень першы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG