Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: Лукашэнка як той Юзік з нашай вёскі, што хацеў падпаліць хаты суседзяў


Аляксандар Лукашэнка сёньня заявіў, што Беларусь гатовая вельмі жорстка адказаць на эўрапейскія санкцыі супраць афіцыйнага Менску. «Гэтыя санкцыі, якімі вы размахваеце перад нашым носам, мы пакуль трываем. Але як толькі вы пераступіце чырвоную лінію, мы адкажам вельмі жорстка», — заявіў кіраўнік Беларусі. Беларускія апазыцыйныя палітыкі лічаць, што такім эпатажным чынам Лукашэнка паказвае сваю гатоўнасьць да дыялёгу з Эўропай.

Былы кандыдат у прэзыдэнты, лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў пракамэнтаваў сутнасьць выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі, распавёўшы гісторыю з жыцьця:

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
«У нас у вёсцы быў такі Юзік. Ягоная ўбогая хаціна стаяла паміж двух добрых гаспадарскіх дамоў. Ён ня мог пабудаваць сябе такія дамы, як ягоныя суседзі, таму ўвесь час гразіўся — „Я вас спалю, от я вас спалю“. І вось аднойчы ўначы надумаўся, узяў запалкі, пайшоў нібыта паліць — але сусед убачыў, даў пад азадак і зноў закінуў назад у тую самую хаціну.

Дык вось трэба проста будаваць свае дамы, каб яны былі такімі сама заможнымі, як у суседзяў. І тады ніхто ня будзе даваць табе пад азадак, і гэта ня будзе выклікаць такога раздражненьня і злосьці, якую цяпер выклікае ў гаспадара Рэспублікі Беларусь».

Аляксей Кароль
Аляксей Кароль
Галоўны рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль лічыць, што нэрвовая рэакцыя Лукашэнкі паказвае: уведзеныя эўрапейцамі візавыя санкцыі дзейнічаюць і аказваюць істотны ўплыў на настроі кіраўнікоў Беларусі:

«Я думаю, гэта досыць паказальныя выказваньні як доказ таго, што санкцыі — сапраўды болевая кропка ва ўспрыняцьці Лукашэнкам пазыцыі Захаду. Болевая кропка з галоўнай прычыны — неабходнасьць мець з Эўропай нармальныя адносіны, каб мець інвэстыцыі і мець магчымасьць карыстацца тэхналягічнымі дасягненьнямі Эўропы. І па-другое — гэта болевая кропка, паказьнік таго, што да яго цывілізаваны сьвет ставіцца як да другаснага палітыка. Гэта адкрыты доказ таго, што санкцыі дзейнічаюць, і гэта галоўны пасыл».

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька выказвае думку, што сваімі рэзкімі заявамі Лукашэнка на самой справе дэманструе, што ён ужо гатовы да дыялёгу з Захадам: «Мне падаецца, што Аляксандар Лукашэнка дасьпеў для перамоў і дыялёгу з Захадам. Калі Лукашэнкі ўзмацняе сваю рыторыку, то гэта азначае, што ён хоча прыцягнуць увагу да сябе, нагадаць пра сябе. Эканамічная сытуацыя напружаная, пэрспэктыва для рэжыму небясьпечная, і таму яму трэба вяртацца да стратэгіі двухбаковага шантажу — з аднаго боку, Расеі, зь іншага — Брусэлю. І, лавіруючы паміж імі, атрымліваць нейкія палітычныя і эканамічныя прэфэрэнцыі. Уся астатняя рыторыка — гэта эпатаж, толькі каб прыцягнуць да сябе ўвагу».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG