Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня дай скрасьці свой голас


20 лютага пачаўся набор валянтэраў для кампаніі «Народны кантроль — за сумленныя выбары». Актывісты маюць намер правесьці сваіх кандыдатаў у сябры камісіяў і ў назіральнікі на выбарах у Палату прадстаўнікоў, якія павінны адбыцца ў верасьні 2012 году. Пра гэта сёньня заявілі на прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікі чатырох структураў, якія арганізуюць кампанію. Гэта — Партыя БНФ, Беларуская партыя «Зялёных», рух БНФ «Адраджэньне» і рух «За свабоду».

Арганізатары прэсавай канфэрэнцыі адразу заявілі: яны разумеюць — сапраўдных выбараў у Беларусі няма. Аднак, як сьведчаць сацыялягічныя апытаньні, бальшыня насельніцтва верыць у праўдзівасьць іх вынікаў. Зыходзячы з гэтага, і вызначалі мэту сваёй кампаніі — сказаў намесьнік старшыні партыі БНФ Ігар Лялькоў:

Ігар Лялькоў
Ігар Лялькоў
«Задача гэтай нашай кампаніі — даць магчымасьць людзям самім паварыцца ў гэтым катле, самім паназіраць за гэтым працэсам знутры і, натуральна, зрабіць свае высновы. Мы будзем лічыць, што нашая кампанія дамаглася сваёй мэты, калі па яе выніках ужо менш за 50% людзей будуць лічыць, што выбары ў нас ёсьць. А большасьць пабачыць на свае вочы, што сапраўдных выбараў няма».

Беларуская партыя «зялёных» пакуль не вырашала — будзе яна вылучаць сваіх актывістаў у дэпутаты ці не. А вось у выбарчыя камісіі і ў назіральнікі «зялёныя» абавязкова пойдуць, адзначыў адзін з партыйных кіраўнікоў Аляксандар Лагуцёнак:

«Мы лічым, што незалежна ад таго, які фармат удзелу альбо няўдзелу ў выбарах знойдуць тыя ці іншыя партыі, рухі, грамадзяне, назіраць за выбарчай кампаніяй, кантраляваць яе ўсё роўна неабходна. І мы зьвяртаемся з заклікам: ня дай скрасьці свой голас! І каб кожны зразумеў — калі ты ня вырашыш сам, за цябе вырашаць іншыя».

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч
Па словах намесьніка старшыні руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, мяркуецца, што валянтэры будуць працаваць на 25–30% выбарчых акругаў.

Журналісты згадалі, што ў рамках іншай аналягічнай кампаніі, «За свабодныя выбары», ужо падпісанае пагадненьне шэрагу суб’ектаў пра супольную працу. І спыталіся, ці будуць «народныя кантралёры» супрацоўнічаць з калегамі? На гэтае пытаньне адказ даў Ігар Лялькоў:

«Насамрэч было падпісанае не пагадненьне, а дэклярацыя аб прынцыпах назіраньня падчас гэтай выбарчай кампаніі. І мы цалкам падзяляем усе яе палажэньні. Але там няма мэханізму. А мы прапаноўваем канкрэтны мэханізм далучэньня грамадзянаў і мэханізм кантролю за выбарамі. Заклікаем усе іншыя дэмакратычныя арганізацыі, дэмакратычныя сілы далучацца да нас».

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі
Палітоляг Паўлюк Быкоўскі адзначае: такая сытуацыя робіцца тыповай для прыхільнікаў дэмакратычных зьменаў у Беларусі:

«Гэта ня першыя выбары ў Беларусі, на якіх немагчыма арганізаваць супольнае назіраньне. Узьнікае некалькі ініцыятываў, і гэта — парад амбіцыяў, празь якія, на жаль, ня могуць пераступіць нашы палітыкі. І гэта, канечне, дае адмоўны вынік.

Можна толькі спадзявацца, што ў пэўнай сытуацыі абставіны прымусяць гэтых людзей працаваць разам».

У Палату прадстаўнікоў абіраюцца дэпутаты па 110 акругах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG