Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ператрус у кватэры наваполацкіх актывістаў


Вольга Дамаскіна і яе сын Дзьмітрый Рыжычэнка
Вольга Дамаскіна і яе сын Дзьмітрый Рыжычэнка

Вольга Дамаскіна, сябра партыі БНФ, актывістка руху «За Свабоду», распавяла пра ператрус, які правялі ў яе кватэры ранкам 16 лютага.

У пастанове на ператрус было пазначана, што яе сын Дзьмітрый Рыжычэнка «можа мець дачыненьне» да зьяўленьня графіці, якія «прапагандуюць антыграмадзкія ідэалы і антысацыяльныя каштоўнасьці, зьневажаюць чалавечую годнасьць і мараль».

«Як высьветлілася, справа пра зьяўленьне нейкіх малюнкаў і надпісаў на будынках у Наваполацку была распачата яшчэ ў красавіку 2010 году. Ад таго часу маім сынам ніхто не цікавіўся, пакуль сёньня ў нашай кватэры не зьявіліся супрацоўнікі міліцыі і КДБ. Нам заявілі, што шукаюць „забароненую літаратуру“ і фарбы. Але забралі сыстэмны дыск ад кампутара, ноўтбук мужа, некалькі дыскаў і балёнчык зь белай фарбай, якую мы набылі, каб падфарбаваць драпіны на пральнай машыне», — апавяла спадарыня Вольга.

Яе дзевятнаццацігадовы сын Дзьмітрый лічыць, што сёньняшні ператрус — гэта працяг даўнейшых падзеяў, калі яго спрабавалі схіліць да супрацоўніцтва з КДБ:

«Гэтыя спробы працягваліся каля году. Мне тэлефанавалі людзі, якія называлі сябе супрацоўнікамі КДБ, запрашалі на „размовы“, часам сустракалі проста на вуліцы і распытвалі, чым займаецца пасьля працы мая маці, хто яе сябры, якія ў яе інтарэсы. Цікавіліся і маімі сябрамі, прапаноўвалі, каб я распавядаў пра іхныя зацікаўленьні. Я адмаўляўся. Казаў, што ў мяне няма зьвестак, якія б іх зацікавілі. Некаторы час таму мы спрабавалі зарэгістраваць грамадзкае аб’яднаньне „Гонар і сумленьне“, але каб займацца не палітычнай дзейнасьцю, а вырашаць сацыяльныя праблемы. Урэшце ўдалося зарэгістраваць установу „Сумленьне-18“, і цяпер супрацоўнікі КДБ заявілі адміністрацыі каледжа, дзе я вучуся, што ў гэтай лічбе нібыта зашыфраваныя ініцыялы Адольфа Гітлера! І яшчэ сказалі, што я „бээнэфавец“ і „фашыст“ — усё разам.»

Дзьмітрый Рыжычэнка — трэцякурсьнік Наваполацкага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжу. Яму стала вядома, што супрацоўнікі КДБ казалі выкладчыкам, што яму ня варта вывучаць хімічную прамысловасьць — маўляў, зь яго можа вырасьці «тэрарыст Канавалаў».

У мінулы чацьвер хлопцу паведамілі, што навучальная ўстанова ня хоча мець «плямаў» на рэпутацыі і прапанавалі сысьці з каледжу паводле ўласнага жаданьня. Хлопец адмовіўся, і ў гэтым яго падтрымалі бацькі. Тады Дзьмітрыю паабяцалі «знайсьці нагоду» для выключэньня.

Рыжычэнка кажа, што на 17 лютага ў каледжы заплянаваны пэдсавет, на якім яму могуць абвясьціць вымову за прагулы. Колькасьць прагулаў, паводле ягоных з маці падлікаў, яўна завышаная. Але вымова можа стацца падставай для выключэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG