Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенская турма. Частка 1


Па выніках конкурсу, які быў праведзены Дэпартамэнтам выкананьня пакараньняў МУС Беларусі, старэйшы беларускі астрог — гарадзенская турма № 1 быў прызнаны найлепшым у краіне. Сярод паказчыкаў улічваліся такія, як выхаваўчая праца, умовы ўтрыманьня.

Турэмны квартал у сэрцы Горадні

Гарадзенская турма, або «адзінка», месьціцца побач з Савецкай плошчай, у старой частцы гораду. Іншымі словамі, абнесены высачэзным мурам турэмны квартал месьціцца ў самым сэрцы Горадні. На турэмнай тэрыторыі — карпусы сьледчага ізалятара і «крытай» турмы строгага рэжыму. Акрамя самых злосных злачынцаў, у «крытцы» сядзяць тыя, хто не дабыў пакараньня ў калёніях, бо адмовіўся супрацоўнічаць з адміністрацыяй, парушаў рэжым і розныя загады турэмнага начальства.

Афіцыйна ліміт напаўненьня «адзінкі» — 810 чалавек. Паводле апублікаваных зьвестак, цяпер ва ўстанове на турэмным рэжыме прыкладна 400, а ў СІЗА — 600 вязьняў.

Тыповаму зьняволенаму — ад 18 да 35 гадоў.

Адрас: вул. Кірава, 1, 230023, г. Гродна

Тэлефон: 8-0152-722-339 (прыёмная начальніка)

Начальнік турмы: Оліеў Аляксандар Васільевіч

























Гісторыя турмы як гісторыя палітвязьняў


Сваю гісторыю гарадзенская турма афіцыйна вядзе ад 1820 году, калі ўказам расейскага цара Аляксандра І вядомы ў Рэчы Паспалітай езуіцкі кляштар з калегіюмам быў ператвораны ў перасыльную вязьніцу. Хоць ёсьць і іншае меркаваньне: паводле яго, гарадзенскім астрожным традыцыям сёлета споўніцца 200 гадоў. У 1812 годзе ў езуіцкіх кельлях кляштара трымалі палонных французаў. Паводле некаторых зьвестак, гэты палон стаў сапраўдным паратункам для галодных жаўнераў войска Напалеона. Беларускія сяляне, засьпеўшы французаў за крадзяжом правіянту, распраўляліся зь імі вельмі жорстка.





Канчаткова турма тут асталявалася пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага ў 1863–1864 гадах, калі пра астрог прайшло каля дзьвюх тысяч паўстанцаў. Асноўнай мерай пакараньня ў тагачаснай Расейскай імпэрыі была катарга, і менавіта праз Горадню арыштантаў этапавалі ў Сыбір — у кайданах, спачатку пешшу, потым на калёсах, потым чыгункай. У 1880-я гарадзенская турма стала найбуйнейшай у Паўноча-Заходнім краі. Лічыцца, што большасьць арыштантаў тут заўсёды складалі палітвязьні, бо на гарадзенскім астрогу адбіваліся ўсе ўзрушэньні ў краі.



За польскім часам палітвязьнямі Гарадзенскай турмы былі старшыня Беларускай Грамады, мовазнаўца Браніслаў Тарашкевіч, лідэр Кампартыі Заходняй Беларусі Сяргей Прытыцкі, беларускі паэт і літаратуразнаўца Валянцін Таўлай, беларускі пісьменьнік Піліп Пестрак ды іншыя.

Да масавых пасадак «палітычных» вярнуліся ў часы беларускай незалежнасьці. У розны час у камэрах СІЗА тут сядзелі журналісты Павал Шарамет і Андрэй Пачобут, прадпрымальнікі Валеры Леванеўскі, Аляксандар Васільеў, Мікалай Аўтуховіч ды іншыя...


«Бастыён» ды «амэрыканка»


Сёлета ў студзені палітвязень Мікалай Аўтуховіч трапіў у гарадзенскую «адзінку» ізноў, але ўжо не ў СІЗА, а ў «крытку». Яго перавялі сюды з Івацэвіцкай калёніі як злоснага парушальніка рэжыму і асуджанага, які ня стаў на шлях выпраўленьня.

Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч
Прадбачыўшы, што яго этапуюць у Горадню, Мікалай Аўтуховіч яшчэ з калёніі напісаў сябрам, што галоўнымі выпрабаваньнямі для яго стануць скарачэньне спатканьняў з жонкай і дачкой да мінімуму, то бок да адной гадзіны на год праз шкло і больш марудная, чым у калёніі, паштовая сувязь.

У размове са «Свабодай» жонка Мікалая — Алена назвала і іншыя абмежаваньні. Напрыклад, забарона на харчовыя пасылкі і перадачы. У год дазволеная толькі адна маленькая бандэроля вагой два кілё. Што да пошты ад мужа, то Алена ўжо атрымала некалькі лістоў:

«Чатыры лісты. Што ён піша? Тое, што ў яго ўсё добра. Усё добра ў яго, хаця якое там „добра“ можа быць у турме? Нічога ня піша пра ўтрыманьне, пра тое, з кім сядзіць. Напэўна, каб я не хвалявалася...»

Як сьведчыць былы сядзелец «крыткі» і сябар Мікалая Аўтуховіча па Івацэвіцкай калёніі Ігар М., «у Горадні ўсе злосныя парушальнікі парадку сядзяць, як правіла, у камэрах №№ 73–121 у старым будынку, збудаваным яшчэ ў 19 стагодзьдзі. Сярод вязьняў ён называецца «бастыёнам». «Крытнікі» маюць гадзінны шпацыр у турэмным дворыку і ідуць на яго праз старую турэмную вежу, па крутой лесьвіцы.

«Зразумела, у параўнаньні з папраўчай калёніяй у „крытцы“ нашмат больш абмежаваньняў. Аднак наўрад ці можна сказаць, што гэта істотна горш за ПК, хоць камэрна-турэмны рэжым, зразумела, самы жорсткі паводле Крымінальна-выканаўчага кодэксу», — мяркуе колішні сядзелец гарадзенскай турмы.

Гэтую сваю ацэнку Ігар аргумэнтуе наступным чынам:

Турма жыве адным арганізмам: калі кагосьці нават з падсьледных стукнуць, дык камэры пачынаюць выбіваць дзьверы, пратэставаць

«Адчуваеш сябе найбольш свабодным. Таму што гэта апошні прыпынак, далей не завозяць. Далей за турэмны рэжым нічога няма. Напрыклад, у калёніі даводзіцца даражыць пэўнымі рэчамі. Тым жа сьвежым паветрам. Прамаўчыш іншым разам, праглынеш несправядлівасьць, ня скажаш начальству тое, што хацелася б і трэба сказаць. У „крытцы“ мусіш адбыць ад году да трох. Сядзіш з такімі ж, як і ты. 10–15 чалавек у камэры. Праўда, ёсьць тэлевізар, нават прыстаўка з гульнямі. І ў кантралёраў той жа прынцып — не правакаваць. Інакш яны такое ў адказ атрымаюць! Турма жыве адным арганізмам: калі кагосьці нават з падсьледных стукнуць, дык камэры пачынаюць выбіваць дзьверы, пратэставаць».

Цікавая асаблівасьць гарадзенскай турмы: камэры-адзіночкі ШЫЗА тут увесь час занятыя, і часам чалавеку, якога пакаралі дысцыплінарным ізалятарам, даводзіцца чакаць пэўны час у чарзе, каб адбыць пакараньне ў карцэры.



Сам Ігар адседзеў у карцэры чатыры месяцы. Дарэчы, адрозна ад іншых турэмных устаноў, дзе ў такіх камэрах надзвычайны холад, у Горадні ўсё ацяпляецца. Іншымі словамі, адзіночка ня стала для Ігара нейкім асаблівым выпрабаваньнем:

«Усё залежыць ад унутранага сьвету, псыхатыпу асобы. Ведаю тых, хто сядзеў там год. Вытрымалі. Ёсьць людзі, якія нават самі просяцца ў адзіночку, бо ня могуць вытрымліваць пэўных суседзяў па камэры».

Ігар перакананы, што Мікалай Аўтуховіч годна перанясе далейшыя пакуты. Тым больш што да палітвязьняў у «крытцы» ставяцца з павагай. Дарэчы, збольшага асуджаныя разумеюць тых, хто напісаў прашэньне да прэзыдэнта. «Ня кожны гараджанін зможа выжыць у вясковых умовах, а што казаць пра беларускую турму?»

Андрэй Пачобут
Андрэй Пачобут
Пра павагу да палітвязьняў сьведчыць і іншы сядзелец «адзінкі», журналіст Андрэй Пачобут. Дарэчы, ён нават стаў героем куплету складзенай зэкамі песьні «Гарадзенскі цэнтрал». Пачобут кажа, што ў турме ведалі яго справу, а таму яго гісторыя была «такім вельмі моцным алібі для тых людзей, якія там знаходзіліся». Падчас спатканьня з жонкай праз шкло Андрэй чуў, як яго сусед-крытнік крычаў сваім сваякам: «Сюды журналіста кінулі — уявіце сабе ўсю гэтую несправядлівасьць».

«Безумоўна, гэта была гучная справа, і па БТ пра яе перадавала. Памятаю, як па турме разьнеслася вестка, калі да мяне ў камэру аднойчы прыйшоў пракурор і ў прысутнасьці астатніх сядзельцаў прапанаваў пакаяцца перад Лукашэнкам, маўляў, тады мяне вызваляць. Я адмовіўся — і ўсе гэта сталі ведаць. Я там быў вядомым чалавекам», — кажа Пачобут.

Адрозна ад Ігара, які сядзеў у «бастыёне», Андрэя Пачобута тры месяцы, пакуль вялося сьледзтва, трымалі ў больш-менш сучасным турэмным будынку, так званай «амэрыканцы», у камэры на чатырох чалавек.



«У параўнаньні з „бастыёнам“ у „амэрыканцы“ месцаў заўсёды хапае, — кажа журналіст. — Там колькі чалавек сядзіць, столькі ложкаў. У „бастыёне“ здараюцца выпадкі досыць часта, калі ложкаў менш, чым сядзельцаў. Там ёсьць камэра, напрыклад, на сорак пяць чалавек».

Да безумоўных перавагаў «бастыёну» належыць тое, што там значна слабейшы за «амэрыканку» кантроль адміністрацыі — «у „амэрыканцы“ ж ахоўнікі ледзь не праз кожныя пяць хвілінаў зазіраюць у вочка».

Паводле Пачобута, беларуская турэмная сыстэма пабудаваная гэтаксама, як і на волі: калі ты ласкавы і пяшчотны да ўлады, то дадуць лепшыя ўмовы, не пасадзяць у камэру да нейкага псыха з суіцыдальнымі схільнасьцямі. Плюс абяцаюць, што калі чалавек прызнаецца, яму будзе меншы тэрмін«.

І былы падсьледны журналіст, і колішні «крытнік» кажуць, што міжкамэрная сувязь у гарадзенскай турме вельмі абмежаваная. Аднак, тым ня менш, з часоў першых палітычных дзейнічаюць знаёмыя сёньня кожнаму вязьню спосабы — «конь», «дарога», «самастрэл». Усё гэта апісана ў вядомай і папулярнай сярод вязьняў кнізе Паўла Шарамета «Выпадковы прэзыдэнт».

Працяг будзе

МАГІЛЁЎСКАЯ "ЧАЦЬВЁРКА"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG