Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Міхалевіч


Нарадзіўся 15 траўня 1975 г. у Менску ў сям’і навуковых супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (тады Акадэміі навук БССР).

У 1997 годзе скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «палітоляг-юрыст». Падчас навучаньня ва ўнівэрсытэце ўзначальваў Аб’яднаньне беларускіх студэнтаў — грамадзкую арганізацыю, якая бароніць правы навучэнцаў беларускіх ВНУ. Стажыраваўся ў Варшаўскім і Оксфардзкім унівэрсытэтах.

Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту працаваў намесьнікам дырэктара, генэральным дырэктарам СП «Аркадыя», якое спэцыялізавалася на турыстычным бізнэсе. З 2006 г. — антыкрызісны кіраўнік, акрэдытаваны Міністэрствам эканомікі РБ. У 2007–2008 гг. — юрысконсульт Асацыяцыі інвалідаў вайны ў Аўганістане. У 2008–2010 гг. — юрыст Беларускага незалежнага прафсаюзу.

Акрамя родных беларускай і расейскай моваў, таксама вольна валодае польскай і ангельскай, вывучае нямецкую. Жанаты, бацька дзьвюх дачок. Жонка Мілана — настаўніца ангельскай мовы. Дочкі: Леся — 2000 году нараджэньня, і Алена — 2009 году нараджэньня.

У 2004–2008 гг. — намесьнік старшыні партыі БНФ. У 2008 годзе быў вылучаны на старшыню партыі і прапанаваў праграму па яе рэфармаваньні, пасьля чаго выключаны з арганізацыі за публічную крытыку кіраўніцтва. З 2003 па 2007 гг. — дэпутат Пухавіцкага раённага савету Менскай вобласьці.

Пасьля ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году Алесь Міхалевіч стаў абвінавачаным па справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня. 19 лютага яго выпусьцілі зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. Пасьля гэтага Міхалевіч заявіў пра катаваньні ў сьледчым ізалятары КДБ, а таксама пра тое, што ён разарваў дамову аб супрацоўніцтве з КДБ, якую вымушана падпісаў, перад тым як выйсьці з ізалятара.

Ноччу 14 сакавіка ў сваім блогу Міхалевіч абвясьціў, што знаходзіцца «не ў зоне дасягальнасьці беларускага КДБ». Пазьней атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.
XS
SM
MD
LG