Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як урокі гісторыі могуць прадухіліць вайну з Іранам


Фарыд Закарыя
Фарыд Закарыя

Паралелі зь Першай і Другой Сусьветнай вайной, пэрыядам «халоднай вайны» і вайны з Іракам праводзіць у сваім артыкуле камэнтатар амэрыканскага штодзёньніка The Washington Post Фарыд Закарыя, разважаючы пра магчымасьць прэвэнтыўнага ўдару Ізраіля па Ірану.

Мы цяпер сутыкаемся з новай канцэпцыяй у дыскусіі вакол Ірану, піша аўтар WP, — зона недатыкальнасьці. Гэтая ідэя, якую часта тлумачыць ізраільскі міністар абароны Эхуд Барак, такая: хутка Іран будзе мець столькі ядзерных магчымасьцяў, што Ізраіль ня зможа нанесьці зьнішчальнага ўдару па яго праграме.

Народы часта думаюць, што калі ня будуць неадкладна дзейнічаць, іх цягнік адыдзе. Такое мысьленьне нярэдка прыводзіла да катастрофаў. Найбольш вядомы прыклад — рашэньне Нямеччыны, якое прывяло да пачатку Першай Сусьветнай вайны. Нямецкія генэралы лічылі, што іх супэрвораг Расея вядзе пераўзбраеньне настолькі хутка, што неўзабаве ад перавагі Нямеччыны не застанецца і сьледу. У выніку з пачаткам балканскіх падзеяў у 1914-м Нямеччына вырашыла дзейнічаць, пакуль яшчэ маючы перавагу. Каб прадухіліць сыход Расеі ў «зону недатыкальнасьці», Нямеччына акупавала расейскага саюзьніка Францыю, а таксама Бэльгію, што ўцягнула ў вайну і Брытанію. Гэта азначала чатыры гады вайны на два эўрапейскія франты і амаль 37 мільёнаў ахвяраў.

Я не сьцьвярджаю, што ізраільская атака на Іран прывядзе да падобных наступстваў, піша аўтар. Але я мяркую, што гэта надзвычай недальнабачна прымаць такое лёсавызначальнае рашэньне — ісьці на вайну — апіраючыся на чыста тэхнічныя меркаваньні. Многія ў Вашынгтоне ў сакавіку 2003-га настойвалі на тым, што мы ня можам чакаць, пакуль інспэктары правядуць ядзерны кантроль у Іраку — бо цягнік сыдзе. Тэмпэратура накалілася настолькі, што туды былі пасланыя амэрыканскія войскі. У выніку мы атрымалі дрэнна сплянаванае ваеннае ўварваньне і акупацыю, якія пакінулі салдатаў змагацца на доўгія дзевяць гарачых гадоў.

Ізраільскія чыноўнікі кажуць, што амэрыканцы ня могуць зразумець іх перасьцярогі і таго, што Іран — пагроза самому ізраільскаму існаваньню. Але мы можам гэта зразумець, таму што самі маем падобны досьвед. Пасьля Другой Сусьветнай вайны, калі Савецкі Саюз завалодаў ядзерным патэнцыялам, Злучаныя Штаты ахапіла паніка, што цягнулася некалькі гадоў. Усё, што Ізраіль кажа пра Іран сёньня, тады мы гаварылі пра СССР. Мы бачылі яго як рэвалюцыйны радыкальны рэжым, які супрацьстаіць усім нашым каштоўнасьцям і гатовы зрынуць усе заходнія ўрады, каб усталяваць сусьветны камунізм. Мы бачылі ў паводзінах Масквы нелягічнасьць, агрэсіўнасьць і поўную непавагу да чалавечага жыцьця. Зрэшты, незадоўга да таго Ёсіф Сталін ахвяраваў неверагодных 26 мільёнаў савецкіх жыцьцяў, каб перамагчы нацысцкую Нямеччыну.

Падобна таму, як цяпер Ізраіль адкрыта разглядае магчымасьць прэвэнтыўнага ўдару па Іране, многія на Захадзе ў канцы саракавых гаварылі пра неабходнасьць удару па Маскве. Заклікі гучалі ня толькі з вуснаў «ястрабаў», але і такіх пажыцьцёвых пацыфістаў як інтэлектуал Бэртран Расэл.

Каб нагадаць настроі таго часу, Закарыя цытуе ўрывак зь дзёньніка брытанскага дыплямата Гаральда Нікалсана, які 29 лістапада 1948 г. пісаў: «Верагодна, гэта праўда, што Расея рыхтуецца да фінальнага бою за сусьветнае панаваньне і аднойчы яна будзе мець дастаткова бомбаў, каб зруйнаваць Заходнюю Эўропу, акупаваць Азію і распачаць сьмяротнае змаганьне з Амэрыкай. Калі гэта здарыцца, і мы будзем зьнішчаныя тут, тыя, хто выжыве ў Новай Зэляндыі скажуць, што мы здурнелі, бо не прадухілілі гэта...»

У сваёй прамове на бостанскай вэрфі ў 1950 годзе тагачасны амэрыканскі сакратар ваенна-марскога флёту Фрэнсыс Мэцью казаў: будучы ініцыятарам ваеннай агрэсіі, Злучаныя Штаты стануць першым агрэсарам у імя міру.

Урэшце сусьветныя рэвалюцыянэры ў Маскве, шалёныя дыктатары ў Пхэньяне і вайсковы рэжым ў Пакістане былі спыненыя страхам узаемнага зьнішчэньня. Хаця іранскі рэжым часта называюць шалёным, ён зрабіў нашмат менш, каб адпавядаць гэтаму тэрміну, чым, напрыклад, рэжым Мао ў Кітаі. На працягу апошняга дзесяцігодзьдзя тысячы савудаўцаў, эгіпцянаў, лібанцаў, палестынцаў ці пакістанцаў учынілі ў сьвеце самазабойчыя тэракты. Але ніводзін зь іх ня зьдзейсьніў іранец. Дык ці здольны іранскі рэжым распачаць першым? Як мяркуе Гідэан Роўз, рэдактар часопісу Foreign Affairs, перад Ізраілем стаіць той жа выбар, што перад ЗША і Вялікай Брытаніяй 60 гадоў таму. Спадзяюся, кажа Роўз, Ізраіль таксама прыйдзе да разуменьня, што ў ядзерную эпоху дасягнуць абсалютнай бясьпекі немагчыма, і што калі ядзерная праграма твайго ворага ня можа быць спыненая ці падарваная, стрымліваньне прынясе менш катастрафічныя вынікі, чым прэвэнтыўная вайна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG