Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым будуць страляць беларускія біятляністы?


Афіцыйны Менск пачынае рэагаваць на санкцыі з боку Эўразьвязу і ЗША, а таксама на магчымасьць іх пашырэньня. Беларускія ўлады зьвяртаюцца па дапамогу ў Эўразійскую эканамічную камісію. Ад санкцый нечакана пацярпелі беларускія біятляністы, якія цяпер ня могуць набыць якасныя патроны для сваёй спартыўнай зброі.

Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне абвінаваціла Міністэрства замежных спраў і Міністэрства гандлю Нямеччыны ў тым, што тыя не дазволілі пастаўку патронаў для беларускай зборнай па біятлёне. Паводле трэнэра Адрыяна Цыбульскага, у Беларусі «ўсе ў шоку». Тым больш, што 1 сакавіка стартуе чэмпіянат сьвету ў нямецкім Рупольдынгу, а праз тыдзень — юніёрскае першынство.

У Беларускай фэдэрацыі біятлёну патлумачылі, што нямецкае прадстаўніцтва фінскай кампаніі «Lapua» працягнула кантракт зь беларускім бокам да 12 красавіка. Але патроны дагэтуль застаюцца на складзе. Паводле генэральнага сакратара фэдэрацыі Анатоля Стромскага, знайсьці іншага пастаўшчыка ня так проста:

«Заключаны кантракт на пастаўку патронаў. Але фірма „Lapua“ прыслала адказ, што ня можа паставіць у сувязі з тым, што не даюць дазволу на продаж Беларусі гэтых патронаў. Гэтыя патроны разьлічваліся ажно да Алімпійскіх гульняў для падрыхтоўкі нацыянальнай каманды. Таму гэта прынцыповае пытаньне. Гэтыя патроны ўжо тэставаліся пад вінтоўкі нашых спартоўцаў, і яны ідэальна падыходзяць. „Lapua“ гатовая ісьці нам насустрач. Гэтая партыя трымаецца для нас, не распрадаецца. Тым ня менш, пакуль не атрымаюць дазвол ад нямецкага Міністэрства замежных спраў, прадаць патроны ня змогуць».

Спадар Стромскі мяркуе, што гэтыя патроны — «спартыўны інвэнтар». Адносна санкцыяў з боку Эўразьвязу і ЗША ён сказаў:

«Спорт не павінен мяшацца з палітыкай. А выходзіць так, што мы робімся закладнікамі вялікай палітыкі».

Паводле палітоляга Дзяніса Мельянцова, наўрад ці гэтая сытуацыя ўзьнікла з-за таго, што фэдэрацыяй біятлёну кіруе старшыня КДБ Вадзім Зайцаў, фігурант сьпісу неўязных на тэрыторыю Эўразьвязу. Спадар Мельянцоў лічыць, што патроны для біятляністаў падпалі пад эмбарга:

«Гэта якраз і ёсьць частка санкцыяў. Тое, што забаронена пастаўляць у Беларусь тыя сродкі, якія могуць быць выкарыстаныя спэцслужбамі, міліцыяй для здушэньня нейкіх масавых выступленьняў. А там катэгорыя досыць шырокая, пачынаючы ад спэцпрыстасаваньняў і заканчваючы патронамі, вопраткай, бронекамізэлькамі, гумовымі дручкамі. Праблема ў тым, што там прапісаныя катэгорыі досыць абцякальна. То бок трактаваць можна па-рознаму. Вось якраз нямецкі вырабнік трактуе такім чынам, што яны трапляюць пад гэтае эмбарга. Нямецкі вырабнік ведае, што ў Беларусі ёсьць такое эмбарга, і, асабліва не замарочваючыся, вырашылі не пастаўляць Беларусі».

У беларускім Міністэрстве замежных спраў заявілі, што стаўленьне да санкцыяў і магчымага іх пашырэньня «застаецца ранейшым». Тым часам афіцыйныя мэдыі паведамілі, што віцэ-прэм’ер Беларусі Сяргей Румас накіраваў старшыні калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Віктару Хрысьценку ліст з просьбай выпрацаваць кансалідаваную пазыцыю супраць санкцыяў адносна афіцыйнага Менску. Памочнік Хрысьценкі Станіслаў Зуеў заявіў карэспандэнту «Свабоды», што такога ліста камісія не атрымлівала. Прадстаўнік маскоўскага інстытуту СНД Уладзімер Жарыхін мяркуе, што Расея наўрад ці будзе ўводзіць нейкія санкцыі супраць ЗША і Эўразьвязу па просьбе афіцыйнага Менску:

«Зварот да Хрысьценкі — гэта не зварот да Расеі. Хрысьценка — міжнародны чыноўнік і прадстаўляе Эўразійскі Саюз, а не Расею. І я думаю, што якіясьці рэальныя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі з боку Эўразьвязу і ЗША, па сутнасьці, ня маюць сэнсу, улічваючы знаходжаньне Беларусі ў Мытным саюзе. Каб санкцыі набылі рэальны сэнс, Эўразьвязу і ЗША давядзецца ўводзіць санкцыі супраць Эўразійскага саюзу і Мытнага саюзу ў цэлым».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG