Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мін’юст чацьвёртым разам не зарэгістраваў Партыю БХД


Міністэрства юстыцыі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».

«Пры вывучэньні дакумэнтаў у іх быў выяўлены шэраг узаемных неадпаведнасьцяў і супярэчнасьцяў», — гаворыцца ў паведамленьні міністэрства.

«Для высьвятленьня гэтай сытуацыі Міністэрства юстыцыі двойчы запытвала ў ПБХД канкрэтныя дакумэнты, якія маюць дачыненьне да яе стварэньня. Аднак у задавальненьні гэтых запытаў прадстаўнікамі ПБХД было адмоўлена, у сувязі з чым Міністэрства юстыцыі было вымушана прыпыніць дзяржаўную рэгістрацыю дадзенай партыі», — тлумачыцца ў паведамленьні, якое цытуе Інтэрфакс.

Мін’юст кажа, што колькасьць дэлегатаў, абраных на статутны зьезд ПБХД, не адпавядала норме прадстаўніцтва.

«ПБХД не прадставіла пацьверджаньня паўнамоцтваў арандадаўцы на здачу памяшканьня ў арэнду ПБХД, у сувязі з чым гарантыйны ліст аб наяўнасьці ў ПБХД юрыдычнага адрасу ня можа быць прызнаны дакумэнтам, які мае юрыдычную сілу», — гаворыцца ў лісьце Мін’юсту.

Таксама міністэрства мае прэтэнзіі да дакладнасьці зьвестак пра асобаў, якія выступаюць заснавальнікамі партыі.

Акрамя таго, «шэраг палажэньняў статуту ПБХД не адпавядае патрабаваньням заканадаўства Беларусі».

«Ніхто ў Мін’юсьце не выказваў ніводнай прэтэнзіі і заўвагі. Некаторыя пункты прэтэнзіяў надуманыя. Зьвяртаць увагу на юрыдычныя фармулёўкі ў адказе ня варта, бо вядома, у які бок у нас дзейнічаюць законы. Міністэрства юстыцыі нагадвае КВЗ, а не юрыдычную ўстанову. Рэгістрацыя партыі БХД — гэта палітычнае рашэньне. Улада ўзяла курс на стварэньне штучнай апазыцыі. А БХД ніколі ня будзе кішэннай партыяй», — заявіў «Свабодзе» сустаршыня партыі БХД Віталь Рымашэўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG