Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыйскі лабіст Лукашэнкі — у цэнтры карупцыйнага скандалу


14 лютага камісія парлямэнту Аўстрыі па расьсьледаваньні карупцыі ізноў вярнулася да допыту сьведак па справе аб грашах, якія, як падазраюць, перацякалі ад часткова дзяржаўнай фірмы Telekom Austria ў палітычную партыю BZÖ (Bündnis Zukunft Österreich — «Альянс за будучыню Аўстрыі») — былому віцэ-канцлеру і міністру камунікацый, старшыні гэтай партыі Губэрту Горбаху, паведамляюць выданьні Die Presse, Der Standard ды іншыя.

Скандал у сувязі з афэрай распачаўся яшчэ летась. Тады былі агучаныя зьвесткі пра тое, што Губэрт Горбах, калі быў ва ўрадзе (2003–2006), правёў пэўную рэформу ў інтарэсах Telekom Austria, а за гэта фірма выплаціла яму пасьля адстаўкі 264 тысячы эўра.

Пазьней у СМІ зьявіліся новыя падрабязнасьці сувязі паміж Telekom і Горбахавай партыяй — BZÖ. Паводле паведамленьняў, толькі праз агенцтва Schmied GmbH «Альянсу за будучыню Аўстрыі» было пералічана каля мільёна эўра. Частка гэтых сродкаў пайшла на выбарчую кампанію сябра BZÖ, міністра юстыцыі Карын Гастынгер.

Дагэтуль Горбах, Гастынгер ды іншыя фігуранты справы адмаўлялі сваю датычнасьць да карупцыі. 15 лютага, як паведамляюць аўстрыйскія СМІ, павінен адбыцца допыт сакратаркі Губэрта Горбаха.

Былога віцэ-канцлера Аўстрыі, кіраўніка BZÖ, а цяпер таксама кіраўніка фірмы «Gorbach Consulting» і кансультанта «Wintertechnik Engeneering» Губэрта Горбаха аўстрыйскія журналісты апошнім часам усё часьцей называюць партнэрам і лабістам беларускага рэжыму.

У 2004 годзе, неўзабаве пасьля аплочанага аўстрыйскім бокам альпійскага адпачынку Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэньня, у Вене адбыліся перамовы паміж Горбахам і тагачасным беларускім прэм’ерам Сяргеем Сідорскім. Горбах выказаў інтарэс да магчымага ўдзелу Telekom Austria ў беларускім тэндэры сярод апэратараў мабільнай сувязі. Неўзабаве Telekom Austria набыў акцыі беларускага апэратара «Velcom».

У сьнежні 2010 году Горбаха запрасілі як назіральніка і «ганаровую пэрсону міжнароднай палітыкі» (паводле азначэньня кіраўніка беларускага МЗС Сяргея Мартынава) на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусь. Даючы ім ацэнку, Горбах у інтэрвію беларускім ды аўстрыйскім СМІ адзначыў, што выбары былі свабоднымі, дэмакратычнымі і празрыстымі, а перамога Лукашэнкі — цалкам заслужанай.

Хоць Горбах больш ня сябра ўраду і не палітык, адзначаюць аўстрыйскія журналісты, МЗС Аўстрыі нядаўна выдала яму дыпляматычны пашпарт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG