Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія спрэчкі пра эўрапейскія санкцыі


Скарачаць ці пашыраць візавыя санкцыі Эўразьвязу — што лепш? Які эфэкт маюць санкцыі? Па гэтых тэмах у «Праскім акцэнце» вядуць спрэчку галоўны рэдактар інтэрнэт-часопісу «Новая Эўропа» Аляксандар Адамянц, экспэрт Беларускага цэнтру эўрапейскіх дасьледаваньняў Павал Вусаў, журналіст Канстанцін Міхееў і экспэрт Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў.

Прапануем вам фрагмэнты перадачы:

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў
Мельянцоў: ЭЗ патрабаваў а) вызваліць і рэабілітаваць палітзьняволеных, б) палепшыць сытуацыю з правамі чалавека, в) правесьці сумленныя выбары. Прагрэсу ня маем. Санкцыі ў тым выглядзе, у якім яны ўведзеныя, не працуюць. Яны, можа быць, працуюць як пакараньне, але не працуюць як стымул для рэформаў... Палітыка ўцягваньня мае доўгатэрміновыя эфэкты (праз камунікацыю, меры пабудовы даверу, узмацненьне інтэграцыі, праграмы абменаў і г. д.). Вынік мы пабачым толькі гадоў праз 10... Павал у сваім артыкуле піша: «у пэрыяд „адлігі“ я не назіраў ніякіх тэндэнцый зьмякчэньня рэжыму». Насамрэч, факты кажуць пра тое, што рэпрэсіі тады значна зьменшыліся.

Павал Вусаў
Павал Вусаў
Вусаў: Санкцыі не вядуць да ізаляцыі, беларусы спакойна выяжджаюць на Захад і на Ўсход... Беларускі рэжым кансалідаваны ўжо даўным-даўно і санкцыі не спрыяюць яго ўзмацненьню... Рэпрэсіі былі заўсёды, яшчэ да ўвядзеньня санкцый, дастаткова прыгадаць 90-я гады, калі былі забітыя апанэнты Лукашэнкі... Рэпрэсіі пачынаюцца тады, калі ўзьнімаецца пратэст супраць уладаў, і санкцыі ня маюць дачыненьня да ўзроўню рэпрэсій. Што да таго, што Беларусь схіляецца ў бок Расеі, то гэта было і да пэрыяду санкцый. Асноўная пагроза для сувэрэнітэту — не заходнія санкцыі, а ў палітыцы Лукашэнкі...

Прыхільнікі дыялёгу робяць вялікую памылку, яны вераць у тое, што рэжым Лукашэнкі можа рэфармавацца. Лукашэнка ніколі ня пойдзе на сур’ёзную рэфармацыю... Палітыка санкцый — гэта спроба не ісьці на кампрамісы зь існым рэжымам, не фінансаваць яго.

Канстанцін Міхееў
Канстанцін Міхееў
Міхееў: З пункту гледжаньня Эўропы альбо ЗША цяперашняя практыка пэрсаналізаваных санкцый, магчыма, і эфэктыўная... З пункту гледжаньня піяру — гэта эфэктна, як публічная аплявуха бяз рызыкі нарвацца на адказ... Беларускія чыноўнікі ўсё роўна наведваюць тыя міжнародныя мерапрыемствы, дзе іх прысутнасьць неабходная іх эўрапейскім або амэрыканскім партнэрам... З пункту гледжаньня беларускай грамадзянскай супольнасьці санкцыі, безумоўна, неэфэктыўныя і нават шкодныя. Ёсьць зьмякчэньне палітычнага клімату ўнутры краіны? Не.... Вэртыкаль ўспрымае сытуацыю як спрэчку з Захадам, а апазыцыю, грамадзянскую супольнасьць, незалежныя СМІ — як трэцяга лішняга ў гэтай спрэчцы. І на трэцім лішнім, які сам ня можа ні ўвесьці ніякіх санкцыяў, ні адмяніць іх, ня можа нават пісьменна скласьці праскрыпцыйны сьпіс, куды трапляюць то нябожчыкі, то адстаўнікі, улада, хутчэй за ўсё, адыграецца.

Аляксандар Адамянц
Аляксандар Адамянц
Адамянц: Я згодны, што санкцыі не зьяўляюцца сродкам, які можа зьмяніць сытуацыю ўнутры Беларусі. Яны найперш маюць значэньне маральнай падтрымкі, якая важная для грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Калі б такой рэакцыі не было, калі б не было ніякіх санкцый, то беларускі рэжым працягваў бы ўзмацняць рэпрэсіі. ...

Мае апанэнты кажуць, што да пазытыўных вынікаў прыводзяць ня санкцыі, а дыялёг. Але гэты дыялёг, калі і прыводзіць да нечага станоўчага, то толькі ў спалучэньні з санкцыямі...

Любое збліжэньне з Эўразьвязам залежыць ад стасункаў з Расеяй. Калі з Расеяй распачаліся канфлікты, беларускія ўлады пайшлі на саступкі, на пэўную лібэралізацыю. Але як толькі Лукашэнка здолеў дамовіцца з Расеяй, то ад палітыкі дыялёгу нічога не засталося.

Паслухаць перадачу можна ТУТ.

Пазьней на нашым сайце - поўны тэкст перадачы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG