Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў падпісаў «Грамадзянскую дамову»


Падчас прэсавай канфэрэнцыі лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў падпісаў «Грамадзянскую дамову».

Гэта дакумэнт, які ў кампаніі лічаць першым крокам для наладжваньня кантактаў з так званай новай большасьцю грамадзтва, якая прагне перамен. Прапануючы народу заключыць гэтую дамову, «Гавары праўду!» абавязваецца аказаць людзям канкрэтную дапамогу і падтрымку ў вырашэньні сацыяльных праблем.

Намесьнік кіраўніка кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзьмітрыеў адзначыў:

«60% беларусаў не давяраюць ні ўладзе, ні апазыцыі. Наша задача — зрабіць так, каб яны пачалі давяраць. У Беларусі ёсьць новая большасьць, якая хоча перамен. Першым крокам будзе заключэньне „Грамадзянскай дамовы“ разам з гэтай большасьцю на прадстаўленьне іх інтарэсаў».

Асноўная мэта гэтай дамовы — дагрукацца да людзей, каб яны зьвярталіся са сваімі праблемамі і ідэямі, прапановамі, інфармавалі кампанію пра тое, хто тармозіць вырашэньне праблемы ці замінае рэалізацыі ідэі. Са свайго боку кампанія абяцае неабходную падтрымку юрыстаў, экспэртаў, спэцыялістаў, будзе дамагацца рэакцыі прадстаўнікоў улады, прыцягваць да праблемы ўвагу СМІ і грамадзянаў.

Уладзімер Някляеў: «У нашых варунках вырашэньне любой сацыяльнай задачы — гэта спроба вырашэньня задачы палітычнай. Што мы і хочам у рэшце рэшт вырашыць праз гэтую „Грамадзянскую дамову“, праз працу ў тым, што называецца „сацыялкай“. Я думаю, што нам удасца гэта зрабіць — дэмакратычную частку грамадзтва пашырыць і выйсьці з гэтых 20%, у якіх боўтаецца апазыцыя ўжо 20 гадоў».

Выступае Ўладзімер Някляеў
Выступае Ўладзімер Някляеў


Андрэй Дзьмітрыеў растлумачыў асноўныя прынцыпы «Грамадзянскай дамовы»:

«Першы прынцып — гэта празрыстасьць. Штоквартальна мы будзем рабіць справаздачы і будзем казаць людзям, што мы ўжо зрабілі, што атрымалася, што не, што мы будзем рабіць далей. Другі прынцып — гэта сумленнасьць. Мы адкрыта кажам людзям, што можам зрабіць, а што ня можам. Мы не падманваем людзей, што мы гэта зробім — і праз паўгода вы ўжо будзеце жыць у дэмакратычнай краіне. Людзі адчуваюць, калі іх падманваюць. Мы лічым, што трэба заваяваць гэты давер сярод людзей».

Са стартам «Грамадзянскай дамовы» «Гавары праўду» выйдзе на новы ўзровень: калі раней галоўнай задачай было вырашэньне лякальных праблем, то цяпер кампанія ставіць за мэту выхад на агульнадзяржаўныя праблемы і іх вырашэньне.

Уладзімер Някляеў заўважае, што за два гады існаваньня кампанія «Гавары праўду!» стала пазнавальнай, вядомай у грамадзтве. А пазнавальнасьць і рэйтынг — гэта не адно і тое ж:

«Нядаўна Манаеў апублікаваў новае сацыялягічнае дасьледаваньне — пазнавальнасьць у Някляева і „Гавары праўду“ ёсьць. Але пазнавальнасьць і рэйтынг — розныя рэчы. Пазнавальнасьць ёсьць, а рэйтынгу няма. Калі мы хочам здабыць неабыякавасьць, каб да нас не пазнавальна адносіліся, а рэйтынгава, зацікаўлена, мы павінны гэтыя інтарэсы прадстаўляць, адстойваць і дамагацца, каб яны неяк рэалізаваліся. Іншага шляху няма».

Сам Уладзімер Някляеў урачыста ў прысутнасьці журналістаў падпісаў «Грамадзянскую дамову». А вось што да агульнага пагадненьня з «шасьцёркай» пра сумесную дзейнасьць падчас выбарчай кампаніі, лідэр «Гавары праўду» заявіў:

«Мой подпіс — таму што я ўжо маю досьвед спробаў перамоваў па прэзыдэнцкіх выбарах з партыямі, рухамі, лідэрамі — дык вось, мой подпіс пад гэтым дакумэнтам зьявіцца толькі ў тым выпадку, калі там будуць усе подпісы, усіх да адзінага ўдзельнікаў палітычнага працэсу».

Сябра перадвыбарчага штабу Някляева Аляксандар Фядута кажа, што дыялёг павінен ісьці на ўсіх узроўнях. І хоць «Гавары праўду» ня ставіць за мэту правесьці сваіх прадстаўнікоў у парлямэнт, кампанію парлямэнцкіх выбараў таксама нельга ігнараваць:

«Гэта кампанія, якую трэба выкарыстаць для легальнай, адкрытай размовы з грамадзтвам. Кааліцыю мы разглядаем таксама як адну з формаў дыялёгу. Мы павінны дамаўляцца. Задачы стаяць агульныя: абудзіць грамадзтва, дагрукацца да гэтай новай большасьці, да тых 60%, якія хочуць перамен».

Гаворыць Аляксандар Фядута.
Гаворыць Аляксандар Фядута.


Як паведамілі прадстаўнікі «Гавары праўду», яны разьлічваюць, што праз СМІ, інтэрнэт і ўлёткі з «Грамадзянскай дамовай» азнаёмяцца 2 мільёны чалавек.

Першыя звароты ад грамадзянаў ужо паступілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG