Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусёў прапануе дапамагчы вэртыкалі ў папулярызацыі беларускай мовы


Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў прапанаваў Магілёўскаму аблвыканкаму дапамогу ў папулярызацыі беларускай мовы.

Палітык адправіў ліст старшыні абласной выканаўчай улады Пятру Рудніку, у якім зьвярнуў увагу на звужэньне ўжытку нацыянальнай мовы беларусаў у рэгіёне.

Як сьцьвярджае былы кандыдат у прэыздэнты зацьверджаны кіраўніком вобласьці «Комплекс першачарговых мер Магілёўскага аблвыканкаму па папулярызацыі беларускай мовы на 2010-2012 гады» не выконваецца.

«Партыя БНФ прапануе дапамогу ў рэалізацыі гэтай справы, каб па сканчэньні тэрміну дзеяньня ад „Комплексу мер папулярызацыі мовы“ быў плён. Магілёўская вобласьць была адзінай, якая прыняла такі плян дзеяньняў, але да жалю, даводзіцца канстатаваць, што за два прамінулыя гады пайшоў працэс у звужэньні выкарыстаньня беларускай мовы на Магілёўшчыне. Дакумэнт стаў нібыта сыгналам для дзеяньня наадварот. З 40 пунктаў „Комплексу мер“ ніводзін не выконваецца. Калі чыноўнікі ня здольныя выканаць сваіх жа рашэньняў, партыя БНФ гатовая ім дапамагчы, каб потым не сказалі, што апазыцыя толькі крытыкуе і нічога не прапануе наўзамен. Гэта наш крок насустрач. Мы гатовыя да супрацы ў папулярызацыі мовы», заяўляе Рыгор Кастусёў.

У лісьце Рудніку Кастусёў даводзіць, што чыноўнікі адмаўляюцца даваць адказы на беларускай мове, альбо выдаваць дакумэнты па беларуску. Цягам апошніх год, зазначае палітык, у рэгіёне мяняюць беларускамоўныя шыльды назваў вуліц і ўказальнікаў паселішчаў на расейскамоўныя. Скарачаецца колькасьць навучальных устаноў зь беларускай мовай выкладаньня.

«Комплекс першачарговых мер Магілёўскага аблвыканкаму па папулярызацыі беларускай мовы на 2010-2012 гады» быў зацьверджаны Пятром Руднікам 31 сьнежня 2009 году. Пра ход ягонай рэалізацыі зьвестак у даступных крыніцах інфармацыі вельмі мала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG