Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці рэальна вярнуць заробкі на дакрызісны ўзровень?


Аляксандар Лукашэнка заявіў, што цягам году-паўтара заробкі ў краіне могуць вярнуцца на дакрызісны ўзровень. Ці рэальныя такія пляны? Якія наступствы будзе мець штучнае павышэньне заробкаў? Ці становяць нізкія заробкі вострую эканамічную праблему?

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук
Сяргей Жбанаў
Сяргей Жбанаў
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Удзельнікі: экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук і эканамічны аглядальнік «Белгазеты» Сяргей Жбанаў.

Ці рэальныя пляны вярнуць заробкі на дакрызісны ўзровень?


Валер Карбалевіч: «У панядзелак Аляксандар Лукашэнка, прымаючы з дакладам старшыню праўленьня Нацбанку Ермакову, заявіў: „Пры нармальным функцыянаваньні эканомікі і калі нармальна будуць працаваць працоўныя калектывы, мы цягам году, паўтара года ня проста вернемся на ранейшыя пазыцыі па заробках людзей, але мы можам іх пераўзыйсьці“. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў: „Але мы ні ў якім разе не павінны друкаваць грошы, гэта абсалютна выключана“. Дык ці рэальна павысіць за год заробкі да 500 даляраў, не друкуючы пустых грошай?»

Зьміцер Крук: «Трэба разабрацца, у чым будзе вымярацца заробак. Калі казаць пра павышэньне заробкаў у беларускіх рублях з карэкцыяй на інфляцыю, то гэта рэальна. Цяпер розьніца з дакрызісным узроўнем (калі параўнаць сьнежань 2011 году зь сьнежнем 2010-га) складае 14,5–15%. Гэта няшмат. Хоць гэта і менш за рост валавога ўнутранага прадукту (ВУП), які мы прагназуем на ўзроўні 1,5–2%.

Калі ж вымяраць заробкі ў далярах, то гэта больш складанае пытаньне. Бо тут мы павінны аналізаваць курс даляра. Цяперашняя пэўная стабілізацыя абменнага курсу беларускага рубля небясьпечная для эканомікі, бо яна пагаршае сальда вонкавага гандлю. Гэта потым можа выліцца ў рэзкую дэвальвацыю. Але на кароткім прамежку часу заробкі можна павышаць і ў даляравым вымярэньні. Але ўсё роўна казаць пра 500 даляраў у канцы году не выпадае».

Сяргей Жбанаў: «Ці ёсьць у нас нейкія дадатковыя крыніцы для такога павышэньня? Не. Мы маем два кварталы рэцэсіі ў нашай эканоміцы. Золатавалютныя рэзэрвы павысіліся за кошт замежных крэдытаў.

Вось Эўропа павышала ўзровень жыцьця за кошт крэдытаў. А цяпер яна вымушаная яго зьніжаць. Вось Лукашэнка кажа, што Расея нам дапаможа павысіць заробкі сілавікам, вайскоўцам. Выдатны спосаб!

У нас цяпер дзяржаўны доўг складае 41% ВУП. Праз пару гадоў мы можам дайсьці да 60% — крытычнага ўзроўню з гледзішча эканамічнай бясьпекі. Калі мы ня зможам разьлічыцца за крэдыты, то застанецца толькі аб’яднацца з Расеяй».

Якія наступствы будзе мець штучнае павышэньне заробкаў?


Карбалевіч: «Восеньню адбудуцца парлямэнцкія выбары. Таму існуе спакуса паўтарыць досьвед 2010 году, калі перад прэзыдэнцкімі выбарамі штучна нагналі сярэдні заробак да 500 даляраў.

А можа, і нічога страшнага. Вось жа за сьнежань 2011 году заробкі ўзрасьлі на 18%, гэта на 60 даляраў. І нічога ня здарылася, інфляцыя мінімальная і ў сьнежні, і ў студзені. Дык, можа, сытуацыя ў эканоміцы нармалізавалася і яна ў стане пераварыць такі рост заробкаў?»

Крук: «Не зусім карэктна вымяраць заробкі ў далярах. Іх трэба вымяраць на падставе такога паказчыку: якую колькасьць тавараў чалавек можа набыць за свой заробак.
Штучнае нарошчваньне заробкаў у 2010 годзе не было першапрычынай эканамічнага крызісу.

Штучнае нарошчваньне заробкаў у 2010 годзе не было першапрычынай эканамічнага крызісу. Рост заробкаў, хутчэй, стаў спускавым мэханізмам, які запусьціў працэс. А прычына — эканамічныя дыспрапорцыі, якія набраліся раней.

Зьвярніце ўвагу: калі афіцыйныя асобы кажуць пра рост заробкаў, яны не вымяраюць іх у далярах. Калі пачнецца штучны рост заробкаў, то мы будзем нарошчваць затраты для прадпрыемстваў і тым самым зьнізім іх канкурэнтаздольнасьць на зьнешніх рынках. А гэта шкодна для эканомікі. Таму працяглы час штучна павышаць заробкі немагчыма. Здаецца, улады засвоілі ўрок 2010–2011 гадоў. 5–7% — гэта той максымум росту заробкаў, які мы можам сабе цяпер дазволіць».

Жбанаў: «Наступствы штучнага росту заробкаў праяўляюцца не адразу. Павышаць заробкі можна толькі пры ўмове, што адбываецца рост ВУП. Але ўлады ставяць задачу падвышэньня заробкаў без увязкі з ростам эканомікі. Напрыклад, бюджэтнікам абяцаюць рост заробкаў за кошт бюджэту».

Ці становяць нізкія заробкі вострую эканамічную праблему?


Карбалевіч: «Наконт доўгу і крэдытаў. Але ў доўг жыве ўвесь сьвет. У краінах ЭЗ доўг большы, чым у Беларусі. І жывуць.

Лукашэнка, мусіць, невыпадкова ўзгадаў пра заробкі. Акрамя сацыяльна-палітычнага аспэкту, тут ёсьць і эканамічны чыньнік. Падаецца, нізкія заробкі ствараюць пэўныя праблемы для эканомікі, напрыклад, спараджаюць працоўную міграцыю.

У сьнежні 2011-га сярэдні заробак у Беларусі складаў 34,6% сярэдняга заробку ў Расеі і 53,2% сярэдняга заробку ў Казахстане.

Ці гэта перавага? У тым сэнсе, што меншы кошт працоўнай сілы прыцягвае замежных інвэстараў».

Крук: «У доўгатэрміновым пляне малыя заробкі — гэта недахоп. Бо нізкія заробкі сьведчаць пра нізкую прадукцыйнасьць працы. То бок прадукцыйнасьць працы не забясьпечвае нашу канкурэнтаздольнасьць. Нізкія заробкі вядуць да працоўнай міграцыі кваліфікаваных работнікаў. Тады паўстане пытаньне: за кошт чаго, каго можна забясьпечыць эканамічны рост? Таму на кароткі пэрыяд было б рацыянальным і некаторае штучнае падвышэньне заробкаў.

А ў кароткатэрміновым пляне маленькія заробкі прыцягваюць замежныя інвэстыцыі. І за кошт гэтага якраз і можна будзе падняць заробкі. Таму пытаньне ў тым, якую пэрспэктыву мы разглядаем: доўгатэрміновую ці кароткатэрміновую».

Жбанаў: «Нізкія заробкі — гэта толькі адзін з чыньнікаў, якія прыцягваюць інвэстараў. Інвэстары цікавяцца і прадказальнасьцю эканамічнай палітыкі, законаў, ёмістасьцю рынку (колькасьцю насельніцтва), і тым, як абараняюцца правы ўласнасьці. Па гэтых парамэтрах Кітай, Віетнам, Камбоджа маюць значныя перавагі перад Беларусьсю. Размовы пра тое, што мы збалянсуем эканамічную сытуацыю за кошт замежных інвэстыцый, несур’ёзныя.

Нават у параўнаньні з Расеяй у Беларусі няма пераваг з гледзішча прыцягненьня інвэстыцый. А мы ж з РФ цяпер у адзіным Мытным саюзе. У іх рынак большы, там будуюцца аўтамабільныя заводы, а ня ў нас».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG