Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: паляваньне ДАІ на «Пагоню»


У Берасьці аўтааматараў, якія разьмяшчаюць на кузаве свайго аўтамабіля налепкі з «Пагоняй» і бел-чырвона-белым сьцягам, выклікаюць у дзяржаўтаінспэкцыю.

ДАІшнікі пагражаюць штрафамі за парушэньне правілаў дарожнага руху.

Пра гэта паведаміў «Свабодзе» старшыня берасьцейскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Віктар Клімус, які таксама мусіў наведаць абласную ДАІ:

«Абласная ДАІ Берасьця пачала масава выклікаць людзей, хто езьдзіць на машынах з налепленымі на іх „Пагонямі“ і іншай нацыянальнай сымболікай. Мяне таксама выклікалі. Як я зразумеў з размовы з супрацоўнікамі ДАІ, выклікаюць людзей з 3 лютага. Ужо больш за 10 чалавек выклікалі. Я сустрэў знаёмага, які езьдзіць таксама з налепкай „Пагоні“ і бел-чырвона-белым сьцягам. Яму пагражалі артыкулам аб навешваньні налепак на кузаў аўтамабіля».

Паводле артыкула 194.13 Правілаў дарожнага руху забараняецца ўдзел у дарожным руху транспартнага сродку са зьнешне бачнымі налепкамі. Пад гэты артыкул не трапляюць налепкі з рэклямай або інфармацыяй аб прыналежнасьці аўтамабіля арганізацыі ці прадпрымальніку. Віктар Клімус кажа, што менавіта гэтым артыкулам пагражалі яму супрацоўнікі ДАІ:

Віктар Клімус
Віктар Клімус
«Але на мяне пратакол ня склалі, бо ў мяне „Пагоня“ была на магніце і я перад прыездам у ДАІ яе зьняў. Здымаў я яе на час дагляду, а потым павесіў на месца. Я не зьбіраюся яе здымаць назаўсёды. Павесіў яе назад, як толькі выехаў за вароты дзяржаўтаінспэкцыі», — распавёў берасьцейскі палітык.

Спадар Клімус кажа, што ён бачыць у гэтым палітычна матываваную замову:

«Лічу, што трэба надаць розгалас гэтай справе, бо відавочна, што справа палітычная. Тут ёсьць нейкая замова, бо я бачыў, што ў іх у сьпісе каля 30 чалавек. Самі міліцыянты не хавалі, што працуюць ужо з 3 лютага. Зараз перабіраюць астатніх, хто ў іх у сьпісе. Гэты сьпіс у іх ляжыць на стале, яны нават не хаваюць, што прыйшла інфармацыя».

Берасьцейскі актывіст Анатоль Ярмак пацьвердзіў інфармацыю, якую агучыў Віктар Клімус. Ён апавёў карэспандэнту «Свабоды», што яго таксама выклікалі ў ДАІ для дагляду аўтамабіля. Але, не знайшоўшы налепак на ягоным аўто, даішнік паказаў Анатолю фатаздымкі іншых аўтамабіляў з нацыянальнай сымболікай. Пры гэтым, распавёў спадар Ярмак, налепка, якая не датычыць нацыянальных сымбаляў, супрацоўнікаў ДАІ не зацікавіла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG