Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выклікі для Пуціна


Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі амэрыканскі дасьледчы цэнтар Stratfor апублікаваў сэрыю аналітычных матэрыялаў пра палітычную сытуацыю ў РФ пад агульнай назвай «Палітычны ляндшафт Расеі, які мяняецца». Заключная частка сэрыі прысьвечаная тым выклікам, зь якімі давядзецца сутыкнуцца Пуціну пасьля яго верагоднага абраньня прэзыдэнтам.

Хоць расейскі лідэр Уладзімер Пуцін, хутчэй за ўсё, вернецца на пасаду прэзыдэнта ў выніку выбараў у сакавіку, усё ж ён прызнаў, што расейскі палітычны ляндшафт зьмяніўся з моманту пачатку яго кіраваньня, якое доўжыцца ўжо больш за дзесяць гадоў. Пуцін прызнаў, што час, калі ён быў неабходны для кансалідацыі або «выратаваньня» краіны ад нестабільнасьці і небясьпекі, ужо мінуў. Тым не менш, ён таксама разумее, што Расея цяпер знаходзіцца пад пастаяннай пагрозай з-за свайго неспакойнага характару і з прычыны ціску з боку Захаду.

Сапраўднае пытаньне палягае ня ў тым, ці можа Пуцін весьці палітычныя бітвы, а ў тым, колькі гэта зойме часу і наколькі ў выніку пацерпіць яго імідж

Такім чынам, Пуцін будзе імкнуцца знайсьці балянс паміж тым, каб зрабіць Расею больш свабоднай, даўшы камуністам і лідэрам пратэстных рухаў некаторыя палітычныя магчымасьці, і тым, каб падтрымліваць адзінства Крамля пад сваім кіраўніцтвам, сабраўшы там разумных людзей, здольных справіцца з непазьбежнымі выпрабаваньнямі. Гэта будзе няпростай задачай, і падобныя трансфармацыі ніколі не працякаюць гладка, і менавіта таму палітычны ляндшафт Расеі бліжэйшым часам будзе заставацца вельмі зьменлівым.

Сапраўднае пытаньне палягае ня ў тым, ці можа Пуцін весьці палітычныя бітвы, а ў тым, колькі гэта зойме часу і наколькі ў выніку пацерпіць яго імідж. Гэта мае вялікае значэньне, паколькі Пуцін імкнецца вырашыць некалькі пытаньняў зьнешняй палітыцы. Кожны раз, калі ў мінулым Расею ахоплівала палітычная нестабільнасьць, у Пуціну атрымоўвалася аднаўляць парадак. У гэты раз паўстала некалькі праблемаў адразу, ды яшчэ і напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Пуціну патрэбная моцная, згуртаваная каманда, каб справіцца з многімі праблемамі, зь якімі сутыкаецца Расея, аднак антыкрамлёўскія рухі перашкаджаюць фармаваньню згуртаванай групы, здольнай прапаноўваць эфэктыўныя рашэньні. Бліжэйшымі месяцамі, паколькі палітычныя зьмены ў Расеі працягнуцца, а Пуцін будзе пераглядаць сваю стратэгію, меркаваньне аб тым, што ён губляе свой уплыў, будзе захоўвацца як унутры краіны, так і за яе межамі. Агульнае ўражаньне слабасьці Пуціна мае вялікае значэньне, паколькі яно можа ўскладніць рашэньне некаторых пытаньняў, над якімі Маскве трэба будзе працаваць у гэтым і наступных гадах.


Эканамічныя рызыкі Расеі


Пуціну неабходна будзе справіцца з нестабільнасьцю на расейскай палітычнай сцэне настолькі хутка, наколькі гэта магчыма

Па-першае, Расея вядзе пераацэнку сваёй эканамічнай сытуацыі. Эканоміка краіны акрыяла пасьля фінансавага крызісу 2008 году, і Масква пачала ажыцьцяўляць некаторыя экспансіўныя пляны на будучыню. Праграмы мадэрнізацыі і прыватызацыі, якія былі сустрэтыя расейцамі з ухвалай, былі накіраваныя на тое, каб на працягу некалькіх наступных гадоў прыцягнуць сотні мільярдаў даляраў інвэстыцый і найноўшыя тэхналёгіі і мадэрнізаваць расейскую эканоміку. Аднак гэтыя пляны залежалі ад эўрапейскіх інвэстыцый, а фінансавы і эканамічны крызіс ў краінах Эўропы прымусілі многіх адмовіцца ад сваіх пагадненьняў з Расеяй. Больш за тое, меркаваньне аб тым, што Пуцін слабее і што ў Расеі няма палітычнай стабільнасьці, напалохала шматлікіх інвэстараў.

Крэмль зараз сутыкаецца з неабходнасьцю перагляду праграм. Расейскі ўрад, магчыма, зможа фінансаваць асобныя пункты гэтых праграм, аднак гэта пазбавіць Крэмль большай часткі яго назапашваньняў. Бюджэт Крамля грунтуецца галоўным чынам на прыбытках ад продажу нафты і прыроднага газу. У той час як цэны на нафту і газ застаюцца рэкордна высокімі, урад Расеі не адчувае ўпэўненасьці ў тым, што кошт на нафту захаваецца на ўзроўні больш за 100 даляраў за барэль, і ўжо займаецца рэструктурызацыяй цэнаўтварэньня на прыродны газ зь яго эўрапейскімі спажыўцамі.

У цэлым, урад хоча пераканацца, што ў яго маецца дастатковы запас фінансавых сродкаў на той выпадак, калі даходы ад энэргетычнай сфэры рэзка скароцяцца.

Гэтая эканамічная нявызначанасьць падсілкоўвае палітычныя праблемы ў краіне. Крамлёўскія кляны, камуністы і пратэстныя рухі разышліся ў меркаваньнях адносна таго, як неабходна вырашаць эканамічныя праблемы ў будучыні. Сілавікі і камуністы патрабуюць больш нацыяналістычнага падыходу, а многія лідэры пратэстных групаў хочуць бачыць больш лібэральную стратэгію, заснаваную на прынцыпах свабоднага рынку. У апошнія гады Пуцін даверыў прыняцьце падобных рашэньняў Аляксею Кудрыну, які быў міністрам фінансаў, аднак, улічваючы яго нядаўнюю адстаўку і верагодную сувязь з пратэстоўцамі, застаецца незразумелым, ці зможа хто-небудзь разабрацца з эканамічнымі цяжкасьцямі раней таго моманту, калі будзе знойдзены выхад з палітычнага крызісу.

Успрыманьне расейскай улады


Іншыя пагрозы, з якімі сутыкаецца Расея, знаходзяцца ў сфэры аднаўленьня яе ўплыву на пэрыфэрыйных тэрыторыях былога Савецкага Саюзу. Расея плянуе зрабіць больш шчыльнымі і інстытуцыяналізаванымі свае адносіны з многімі былымі савецкімі рэспублікамі і зьбіраецца сфармаваць Эўразійскі саюз да 2015 году. Расея таксама пачала разглядаць магчымасьці атрымаць выгаду ад эўрапейскага фінансавага крызісу, набываючы актывы і ствараючы новыя сумесныя кампаніі са шматлікімі дзяржавамі Эўропы. Аднак усё гэта было заснавана на дапушчэньні, што Расея будзе заставацца моцнай і стабільнай. Палітычная нявызначанасьць разбурыла вобраз моцнай Расеі (і Пуціна, у прыватнасьці).

Палітычная нявызначанасьць разбурыла вобраз моцнай Расеі

Больш за тое, некаторыя краіны, асабліва ЗША, пачалі здабываць выгаду з палітычных зьменаў у Расеі і спрабаваць гуляць на тым, што Расея страціла стабільнасьць. Дзярждэпартамэнт ЗША і новы амбасадар ЗША ў Расеі Майкл Макфол (Michael McFaul) не хавалі сваёй падтрымкі антыкрамлёўскіх рухаў: Дзярждэпартамэнт апублікаваў інфармацыю пра тое, што ён займаўся фінансаваньнем некаторых апазыцыйных групаў, а Макфол сустрэўся з лідэрамі пратэстоўцаў у першы тыдзень пасьля прыбыцьця ў Маскву ў якасьці пасла. ЗША імкнуцца выкарыстоўваць нестабільнасьць для фармаваньня за мяжой адпаведнага вобразу Расеі і прымусіць Крэмль засяродзіцца на ўнутраных справах краіны, а не на сваёй экспансіі.

Гэтая сытуацыя склалася менавіта тады, калі ЗША і Расея зайшлі ў тупік у сваіх перамовах адносна разьмяшчэньня сыстэм ПРА і падтрымкі Вашынгтонам Цэнтральнай Эўропы. У апошнія месяцы Расея займае больш агрэсіўную пазыцыю, Масква плянуе ўзмацніць ціск на Эўропу ў галіне бясьпекі, тады як ЗША імкнуліся пазьбягаць абмеркаваньня гэтай сытуацыі, паколькі яны занятыя іншымі пытаньнямі — у прыватнасьці, Аўганістанам і Іранам. Вашынгтон выкарыстоўвае нестабільную палітычную абстаноўку ў Расеі, каб разбурыць уяўленьне, што Расея настолькі моцная, як яна сама сьцьвярджае, і каб выйграць час.

яму прыйдзецца рэструктурызаваць сваё блізкае атачэньне і пачаць лічыцца з групамі, якія яму не падпарадкоўваюцца

Пуціну неабходна будзе справіцца з нестабільнасьцю на расейскай палітычнай сцэне настолькі хутка, наколькі гэта магчыма, каб мець магчымасьць зьвярнуцца да больш сур’ёзных праблем, зь якімі сутыкаецца краіна. Чым даўжэй ён будзе займацца ўнутранай палітыкай, тым больш паўстане эканамічных рызыкаў і тым больш пацерпіць ягоны вобраз моцнага лідэра. Верагодней за ўсё, Пуцін здолее справіцца з палітычнымі праблемамі Расеі, хоць для гэтага яму прыйдзецца рэструктурызаваць сваё блізкае атачэньне і пачаць лічыцца з групамі, якія яму не падпарадкоўваюцца (аднак сур’ёзна не пагражаюць яго ўладзе).

Тым ня менш, чым даўжэй Пуцін будзе займацца гэтымі пытаньнямі, тым больш слабым ён будзе выглядаць у вачах сусьветнай супольнасьці. Натуральна, такое ўспрыманьне не абавязкова адпавядае рэальнасьці, і гэта асабліва актуальна ў дачыненьні да Расеі — як аднойчы сказаў пра яе Ўінстан Чэрчыль: «Гэта загадка, загорнутая ў сакрэт і схаваная ў таямніцу». Яна застаецца адносна магутнай дзяржавай, а яе ўяўная слабасьць не перашкодзіць ёй працягнуць дзейнічаць рашуча ў яе спробе аднавіць свой вобраз моцнай і стабільнай краіны, якая кантралюе свае ранейшыя савецкія тэрыторыі.

Stratfor заснаваны ў 1996 годзе. Кіраўнік — Джордж Фрыдман. У складзе цэнтру працуе шэраг былых дзяржаўных службоўцаў, у тым ліку і афіцэраў спэцслужбаў. Выданьне Barron’s Magazin у адным са сваіх артыкулаў назвала Stratfor «ценявым ЦРУ»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG