Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі лейтэнант атрымлівае $280, расейскі — $1500


Аляксандар Лукашэнка загадаў падвысіць заробкі вайскоўцам і паведаміў, што мае дамоўленасьць наконт дапамогі ў гэтай справе з Расеяй. Ці нашмат адстаюць беларускія вайскоўцы ў грашовым утрыманьні ад расейскіх калегаў і ці сапраўды Расея дапаможа ўтрымліваюць беларускую армію?

Атрымаць афіцыйныя зьвесткі пра грашовае ўтрыманьне беларускіх вайскоўцаў не ўдалося. Сайт Міністэрства абароны пра гэта нічога не паведамляе. Прэсавы сакратар Уладзімер Макараў таксама не адкрыў сакрэту:

«Адразу кажу, што гэта інфармацыя канфідэнцыйная, таму нічым дапамагчы не магу».

Карэспандэнт: «А чаму яна канфідэнцыйная, гэта ж звычайная рэч — грашовае ўтрыманьне лейтэнанта ці палкоўніка. Ва ўсім сьвеце гэта адкрыта, няўжо ў нас сакрэт?»

«Усё, дзякуй. Паўтараю, што гэта канфідэнцыйная інфармацыя».

Ці не таму сакрэт, што параўнаньне з расейскімі вайсковымі заробкамі — не на карысьць беларускіх? Паводле неафіцыйных крыніц, шараговы кантрактнік у Беларусі летась атрымліваў у пераліку на даляры ЗША 200–300 даляраў, лейтэнант — 280–380, ад маёра да падпалкоўніка — 400–500 у залежнасьці ад вайсковай пасады.

Ад сёньняшніх расейскіх гэтыя паказчыкі адстаюць у разы. З 1 студзеня 2012 году расейскі лейтэнант, камандзір узводу атрымлівае штомесяц каля 50 тысяч рублёў — гэта больш за 1500 даляраў. Падпалкоўнік расейскага войска заробіць ужо больш за 3 тысячы даляраў.

Вядома, што ў расейскім войску адбываюцца скарачэньні, у той час як вайсковы бюджэт павялічваецца. Ці не таму Беларусь адстае ад Расеі, што ў яе занадта вялікае войска?

Павал Казлоўскі
Павал Казлоўскі
Павал Казлоўскі, які ў сярэдзіне 1990-х гадоў займаў пасаду міністра абароны Беларусі, нядаўна ў Маскве сустракаўся з былымі калегамі-вайскоўцамі, якія вельмі задаволеныя цяперашнімі заробкамі і не хацелі верыць у беларускія рэаліі:

«Сядзелі зь сябрамі, і яны мне кажуць: „Вы там, у Беларусі, „у шакалядзе“, у вас камунізм“. І калі я ім распавёў, што ў нас насамрэч, яны кажуць: „Дык гэта ў вас мыльная бурбалка“. Вось-вось, кажу, браткі, у нас мыльная бурбалка, якую па зьнешнім выглядзе ацэньваюць як цуд, а гэта бурбалка».

Паводле Паўла Казлоўскага, у беларускім войску цяпер служыць болей за 60 тысяч вайскоўцаў. Вайсковая дактрына, за якую агітуе Павал Казлоўскі і партыя АГП, сябрам якой ён зьяўляецца, прадугледжвае войска ў 25 тысяч. Пры гэтым яна ўлічвае патэнцыйныя пагрозы з усіх бакоў, а ня толькі з Захаду. Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі бачыць іншыя пагрозы і, зыходзячы з гэтага, будуе сваё войска вельмі неэфэктыўна, мяркуе Павал Казлоўскі. Падняць грашовае ўтрыманьне ў войску Лукашэнка сабраўся, каб ня страціць ляяльнасьць вайскоўцаў, бо сытуацыя там зь фінансаваньнем катастрафічная, мяркуе былы міністар. Але ці сапраўды Расея дапаможа?
Ня думаю, што Расея будзе карміць. Там зараз пры ўладзе прагматыкі, якія лічаць усё.

«Ня думаю, што Расея будзе карміць. Там зараз пры ўладзе прагматыкі, якія лічаць усё. Гэта не часы Ельцына, які мог сказаць Чубайсу ці Гайдару, хто зь іх апынецца побач: „Ну шо, дапаможам беларусам?“ — „Ладна, Барыс Мікалаевіч“. Я сам быў сьведкам такіх размоваў. А сёньня там людзі непітушчыя, я маю на ўвазе — зьверху».

Беларускі вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін таксама мяркуе, што беларускаму войску ня варта чакаць непасрэднай грашовай дапамогі ад Расеі. Але дапамога ў іншым выглядзе — праз пастаўкі ўзбраеньня, фінансаваньне манэўраў — магчымая:

«Што дамова была, — а была яна, мяркую, нават не зь Мядзьведзевым, а з Пуціным, — гэта, хутчэй за ўсё, так. Пуцін зараз раскручвае праграму павышэньня вайсковай магутнасьці Расеі, а гэта робіцца ня толькі праз павелічэньне магутнасьці сваіх сілаў, але і сілаў хаўрусьнікаў. Таму ў гэтым пляне Лукашэнка можа разьлічваць на дапамогу Расеі. Пытаньне, ці захоча Расея даць столькі, колькі ён хоча? Але тое, што яны будуць узмацняць беларускае войска, гэта пэўна».

Аляксандар Алесін мяркуе, што падвышэньне грашовага ўтрыманьня беларускіх вайскоўцаў скіраванае і на тое, каб спыніць міграцыю беларускіх кантрактнікаў у расейскае войска, якая зрабілася адчувальнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG