Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ў апазыцыі агент уладаў?


Расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў заявіў, што кампанія «Гавары праўду!» фінансавалася беларускімі ўладамі на загад кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімера Макея. Такое меркаваньне ён выказаў у інтэрвію сайту Аб’яднанай грамадзянскай партыі, потым публікацыя была перадрукаваная сайтам «Беларускі партызан».

Фрагмэнт інтэрвію:

Андрэй Суздальцаў
Андрэй Суздальцаў
Суздальцаў: Някляеў разумеў, што яго вядуць на закол. Але вырвацца складана. Ілюзія кампаніі, барацьбы. Я не выключаю, вядома, што нейкі расейскі алігарх ў гэтым фінансаваньні і паўдзельнічаў, але наогул — гэта падтрымка Макея. Усе выбары 2010 года — гэта сцэнар Макея.

Сайт АГП: Я правільна разумею, што Макей пры гэтым працаваў не на сябе, а на Лукашэнку?

Суздальцаў: Вядома. Гм...

Сайт АГП: І яны атрымлівалі гэтыя грошы празь нейкія вельмі складаныя схемы, і ня ведалі, што яны ад Макея?

Суздальцаў: Ну, здагадваліся, напэўна...

Сайт АГП: Я да таго што, можа быць, калі яны ня ведалі, адкуль гэтыя грошы, можа, яны і не вінаватыя?

Суздальцаў: Ой, ну, хлопцы, дзіцячы сад... Яны ж палітыкі ...»

Як паведаміла рэдактар сайта АГП Ганна Красуліна, нагодай для інтэрвію стаў артыкул А. Суздальцава, апублікаваны на яго сайце, дзе ў прыватнасьці гаворыцца: «Аўтар гэтых радкоў з поўнай падставай бярэцца сьцьвярджаць, што цэлы шэраг кандыдатаў у прэзыдэнты на выбарах 2010 г. пасьля наведаньня Адміністрацыі прэзыдэнта РБ атрымалі фінансаваньне ад беларускіх уладаў празь Літву і Ўкраіну».

Рэдактар сайту АГП таксама заявіла:

Ганна Красуліна
Ганна Красуліна
Красуліна: Насамрэч пра тое, што лідэры ўсёй апазыцыі купленыя Лукашэнкам і на яго грошы праводзяць гульню ў легітымнасьць рэжыму, Суздальцаў заявіў у сваёй публікацыі «Байкот». АГП палічыла неабходным высьветліць, каго ён мае на ўвазе. Мы патэлефанавалі, каб удакладніць. І ён пачаў называць такія імёны. Для нас было важна высьветліць, ці лічыць ён лідэраў АГП такімі.

РС: І вас задаволіла тое, што ваша партыя, паводле Суздальцава аказалася чыстай, а «Гавары праўду» гэтак «аскаромілася»?

Красуліна: Ну я задавала дадатковыя пытаньні. Для мяне тэза Суздальцава невідавочная, фактаў няма. Але пытаньне маральнага пляну ёсьць. Калі недзе бярэш грошы, то трэба разумець, што гэта важнае пытаньне.

РС: А ці няма сувязі паміж зьяўленьнем гэтай публікацыі на вашым сайце і выключэньнем з вашай партыі аднаго з кіраўнікоў «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева?

Красуліна: Не, такой сувязі няма. Мы пра сябе задавалі пытаньне. Мы былі абураныя агульным абвінавачаньнем. Ну і калі нам Суздальцаў сказаў, што нас ня мае на ўвазе, мы спыталі — а каго мае. Ён адказаў. Нас ня ўзрадавала меркаваньне Суздальцава і яго меркаваньне — гэта не меркаваньне сайту АГП ці кіраўніцтва нашай партыі.

Публікацыю на сайце АГП мы папрасілі пракамэнтаваць аднаго з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева.

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў
Дзьмітрыеў: Я магу выказаць вялікае шкадаваньне, што такая паважаная структура, як АГП, з такой лёгкасьцю паддалася на правакацыі чалавека, які заўсёды выказвае думкі, найбольш прыемныя для Масквы і для Крамля непасрэдна. Што тычыцца гэтай заявы, то што тут можна сказаць? Кампанія «Гавары праўду» стваралася пад эгідай Уладзімера Някляева. І ніхто іншы не зьяўляўся ніколі ні яе лідэрам, ні дыктаваў, што рабіць.

РС: Але з часоў выбараў было таямніцай і застаецца цяпер пытаньне крыніцаў фінансаваньня вашай кампаніі. Гэта, відаць, і дало падставы Суздальцаву выказваць свае гіпотэзы на гэты конт.

Дзьмітрыеў: Суздальцаў не мяркуе, а сьцьвярджае. І гэтае яго сьцьвярджэньне зьявілася вельмі своечасова. Уладам трэба зрабіць усё, каб не было аб’яднанай апазыцыі, каб яна сварылася паміж сабой. І Суздальцаў выкарыстоўвае для гэтага сілу, якая дагэтуль яшчэ не падпісала супольнае пагадненьне — я маю на ўвазе АГП. Гэта ўсё прыдумкі Суздальцава, ці нават не яго, якія ён агучыў.

РС: Вы сказалі, што Суздальцаў агучвае меркаваньні Крамля? А чаму Крэмль зацікаўлены дыскрэдытаваць вас?

Дзьмітрыеў: Зацікаўленасьць Крамля — каб Лукашэнка выконваў свае дамовы з Крамлём і кантраляваў усё ў краіне. Аб’яднаньне апазыцыі можа стварыць новую сытуацыю і спрыяць крокам у бок Захаду, у чым Масква не зацікаўленая. Але можам супакоіць Суздальцава і іншых — спрэчак, якіх яны хочуць, ня будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG