Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя — у музэй, суд — у ліцэй, падатковая — у садок


Ня суджана спраўдзіцца марам супрацоўнікаў Нацыянальнага гістарычнага музэю займець новыя плошчы для захоўваньня і паказу калекцыі экспанатаў.

Рашэньнем Аляксандра Лукашэнкі будынак па вуліцы Фрунзэ, 19 у Менску, дзе яшчэ нядаўна з улікам музэйнай спэцыфікі вялася рэканструкцыя, перададзены навастворанаму Сьледчаму камітэту. Неўзабаве прасторныя залі пачнуць разгароджваць на катухі для сьледчых.

У музэйных колах пра небясьпеку экспрапрыяцыі будынка ХІХ стагодзьдзя ў цэнтры сталіцы пачалі гаварыць яшчэ ў кастрычніку, неўзабаве пасьля падпісаньня Лукашэнкам указу аб стварэньні Сьледчага камітэту. Але толькі сёлета ў студзені чуткі аформіліся ў рэальнасьць: кіраўнік дзяржавы даў час да сярэдзіны лютага, каб юрыдычна зацьвердзіць зьмену ўласьніка аб’екта. Такім чынам, за Нацыянальным гістарычным музэем па-ранейшаму захоўваюцца толькі сьціплыя плошчы на вуліцы Карла Маркса, дзе экспанаваць багатыя фонды немагчыма фізычна.



Дырэктар музэю Сяргей Вечар кажа, што з кожным годам колькасьць унікальных матэрыялаў імкліва расьце, аднак убачыць іх беларусы ня могуць. Дарэчы, неакрэсьлены лёс значнай часткі гістарычных каштоўнасьцяў, якія захоўваюцца ў музэі Вялікай айчыннай вайны. У агляднай будучыні ваенная экспазыцыя мае пераехаць у новы будынак ля стэлы «Менск — горад-герой», і наўрад ці чарапкі ды прадметы побыту старажытных беларусаў будуць там да месца:

«Калі браць канкрэтна Нацыянальны гістарычны музэй, то, пачынаючы ад паваеннага часу, наш музэй выключна назапашваў свае экспанаты. Тое, што ў часе вайны было вывезена і ня вернута — гэта так. Але пасьля гэтага нашы запасьнікі колькасна толькі прырасталі. І хоць музэй працуе фактычна ад 1960-х, нібыта ня так і багата па часе, але мы ўжо маем амаль 400 тысяч адзінак гістарычных сьведчаньняў нашай мінуўшчыны, і я спадзяюся, што неўзабаве мы гэтай вышыні дасягнем. Іншымі словамі, пастаянна ідзе працэс назапашваньня матэрыялаў, таму пытаньне іх захоўваньня і экспанаваньня надзвычай актуальнае».

У мінулым сам музэйны супрацоўнік, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч не хавае абурэньня рашэньнем уладаў перадаць музэйныя плошчы чарговай сілавой структуры. Па словах суразмоўцы, галоўны гістарычны музэй краіны і да гэтага саступаў нават некаторым рэгіянальным краязнаўчым установам, а цяпер мара кардынальна зьмяніць сытуацыю і ўвогуле пахаваная:

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч
«Гэта ж ня тое, што, скажам, узялі будынак у Генпракуратуры і перадалі Сьледчаму камітэту. Тут без памяшканьняў пакінулі менавіта Нацыянальны гістарычны музэй, які папросту задыхаецца ад недахопу плошчаў для захоўваньня фондаў, для нармальных рэстаўрацыйных майстэрняў, які нават ня можа зрабіць нармальную экспазыцыю. Разумееце, Нацыянальны музэй па сваёй экспазыцыі прайграе нават шэрагу раённых гісторыка-краязнаўчых музэяў. Гэта катастрофа! І вось гэты музэй зноўку заганяюць, прабачце мяне за выраз, у вельмі глыбокую задніцу. Але ў гэтым квінтэсэнцыя стаўленьня дзейнай улады да культуры. Ня трэба казак, што, маўляў, у нас у культуру ўкладзена столькі, у нас зроблена тое і тое, дзяржава датычна яшчэ да нечага. Вось вам яскравы выпадак: жабрака пакінулі без штаноў. Гістарычны музэй пакінулі бяз плошчаў. Усё, больш гаварыць нічога ня трэба, бо гэта люстэрка стаўленьня дзяржавы да праблемаў культуры».

Адмыслоўцаў абурае той факт, што ўзамен адабранай уласнасьці музэйшчыкам не прапанавана ніякай альтэрнатывы. Адміністрацыя Нацыянальнага гістарычнага музэю зьвярталася ў Менгарвыканкам з прапановамі месцаў, якія маглі б стаць паўнавартаснай заменай экспрапрыяванаму будынку на вуліцы Фрунзэ, аднак у адказ чулася, што плошчы ўжо «расьпісаныя» і «абяцаныя». Між тым, як лічыць Антон Астаповіч, Сьледчы камітэт заняў зусім не сваё месца:

«Само па сабе месца — лепш для музэю не прыдумаеш. Перадусім, гэта ХІХ стагодзьдзе, гэта клясыцызм, гэта вядомы менскі архітэктар Хрышчановіч. Будынак, які некалі меў такую цікавую функцыю, як вайсковы шпіталь. То бок гэта аб’ект, які сам па сабе пасуе, каб быць музэйным будынкам. На жаль, усё гэта вельмі сымптаматычна: паводле наяўнай інфармацыі, прыкладам, у Шаркоўшчыне Сьледчы камітэт выгнаў са свайго будынка музычную школу. Ці ўзяць ранейшыя прыклады: у свой час суд заехаў у Коласаўскі ліцэй, падатковыя акупавалі дзіцячыя садкі. Абсалютна відавочна, што прыярытэт у нас — не культуры, а сілавым структурам. Прынамсі, такая практыка прасочваецца абсалютна. Я, дарэчы, ня буду зьдзіўлены, калі пад пэўную сілавую структуру перапрафілююць той жа Нясьвіскі ці Мірскі замкі. Бо дзе ў нас тая вяршыня маразму, хто яе правяраў? Я асабіста ня ведаю».



Пра страчаную для дыхтоўнага будынка на вуліцы Фрунзэ,19 магчымасьць зазнаць іншы лёс, а не ператварыцца ў месца допытаў падазраваных у злачынстве, пакуль яшчэ сьведчыць дакумэнтацыя на агароджы будоўлі. Пашпарт аб’екта па-ранейшаму інфармуе, што вядзецца «рэканструкцыя будынка пад Нацыянальны музэй гісторыі і культуры Беларусі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG