Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму маскоўская паліцыя не разганяе мітынгі апазыцыі?


Алег Казлоўскі
Алег Казлоўскі

120-тысячны мітынг у Маскве прайшоў без сутычак з паліцыяй, без затрыманьняў і правакацыяў, як гэта звычайна бывае ў Беларусі. Як адзначаюць відавочцы, праваахоўныя органы паводзілі сябе спакойна і нават дружалюбна.

Дырэктар расейскага фонду «Вобраз Будучыні» і адзін з арганізатараў апошніх пратэстаў у Маскве Алег Казлоўскі меў асабісты досьвед зь беларускімі праваахоўнымі органамі. Удзельнічаў у акцыях «Джынс за свабоду», у намётавым мястэчку у 2006 годзе, адбыў арышт на Акрэсьціна, пасьля чаго трапіў у сьпіс неўязных, у 2009 паўторна дэпартаваны зь Беларусі. У інтэрвію «Свабодзе» Казлоўскі адзначыў:

«Паліцыя ў Маскве сапраўды паводзіла сябе спакойна, нікога не затрымлівалі. Нават пасьля мітынгу, калі людзі са сьцягамі і плякатамі разбрыліся гуляць па горадзе, нікога не чапалі. Паліцыянты паказвалі дарогу. Чаму? Паліцыя ў Маскве ніколі не сутыкалася з такой колькасьцю народу на вуліцах. Гэта самы вялікі мітынг ад 1993 году. Адна справа, калі некалькі соцень ці нават тысячаў. А калі ўжо 10 тысячаў, улады вымушаныя ісьці на перамовы. Яны проста ня ведалі, як разганяць 100 тысячаў чалавек.

У гэтым сэнсе беларускі спэцназ больш эфэктыўны і больш арганізаваны. Нават з асабістых размоваў з малодшымі афіцэрамі ў Маскве ведаю, што яны не падтрымліваюць уладу, проста ня хочуць сабой ахвяраваць, ня могуць звольніцца да пэўнай выслугі. А ў менскай міліцыі і спэцназе дастаткова шмат перакананых прыхільнікаў Лукашэнкі, якія шчыра вераць сваёй уладзе».

Сябра палітрады руху «Салідарнасьць» Усевалад Чарназуб адбыў 15 сутак арышту пасьля масавага мітынгу 5 сьнежня, ён лічыць, што Пуцін вучыцца на ўласных памылках:

Усевалад Чарназуб
Усевалад Чарназуб
«У 2007 у Маскве былі брутальна разагнаныя «Маршы нязгодных». З таго часу ўлады адсочваюць інфармацыю, вывучаюць мінулы досьвед, узважваюць плюсы і мінусы. Ім нявыгадна разганяць, каб пасьля гэта трапіла ва ўсясьветныя СМІ. Яны дзейнічаюць больш тонкімі мэтадамі: праз правакацыі, ціск на ўдзельнікаў, асабліва студэнтаў, ці засылаюць перамоўнікаў, якія нібыта за нас, а працуюць у інтарэсах Крамля. Напрыклад, Лукін, альбо Музыканскі (упаўнаважаны ў правах чалавека ў Маскве), Кудрын (былы міністар фінансаў РФ).

Разумееце, Масква – не Беларусь. Пра Беларусь усе і так ведаюць, што кепска. Калі кагосьці разганяюць, то гэта звычайна. Нават у СМІ не паказваюць. А як нешта адбываецца ў Маскве – адразу скандал.

Ці пяройдзе паліцыя на бок апазыцыі? Паліцыя заўжды будзе займаць пазыцыю сілы. Цяпер яшчэ не наступіў пераломны момант, ніхто ўвогуле не разумее, што адбываецца. Усе назіраюць, як будзе далей. У турме, калі я сядзеў, начальства ставілася да нас насьцярожана-паважліва. Нас там было болей, таму можна сказаць, мы там вызначалі правілы».

4 лютага ў Маскве ў шэсьці пад агульным споклічам «За сумленныя выбары» ўзялі ўдзел болей за 120 тысячаў чалавек. Паводле міліцыі – 36 тысячаў. Наступны мітынг прызначаны на 26 лютага.

Кіраўнік прэс-службы менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі на пытаньне, чаму маскоўская паліцыя абыходзіцца без дубінак, адказаў пытаньнем: «Можа, таму што там ніхто правапарадак не парушае і ня нішчыць дзяржаўныя будынкі?»


Глядзіце таксама:

Масква-Балотная выправіла Пуціна ў адстаўку

Шэсьце ў Маскве: хроніка, сьведчаньні, падрабязнасьці. ВІДЭА, ФОТА
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG