Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: За подпіс пагражаюць выселіць з інтэрнату


Аляксей Паўлоўскі
Аляксей Паўлоўскі

У Магілёве падпісанты зваротаў да ўлады, аўтарам якіх выступаў актывіст незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксей Паўлоўскі, чакаюць непрыемнасьцяў на працы.

Бальшыня зь іх жыве ў інтэрнаце будаўнічага трэста № 12. Да іх прыходзілі прадстаўнікі прадпрыемства й высьвятлялі акалічнасьці, пры якіх яны падпісваліся пад зваротам. Ня ўсе, да каго прыходзілі, працуюць у трэсьце.

Адна з падпісантак паведаміла «Свабодзе»:

«Быў начальнік з трэста і яшчэ адна жанчына — ідэёляг. З паперамі прыходзілі й правяралі. Сказалі, што па месца працы будуць адсылаць лісты пра тое, што мы падпісаліся. Я ня памятую за што падпісвалася — гэта было яшчэ летась напрыканцы году. Сказалі, што зьбіраюцца і выпісаць з інтэрнатаў усіх людзей, якія падпісваліся, а трэст будзе рассылаць адпаведныя лісты па месцы іх працы. Людзі баяцца цяпер».

Паводле Аляксея Паўлоўскага, яму асабіста паведамілі пра візыты прадстаўнікоў адміністрацыі некалькі дзясяткаў чалавек:

— Усе яны паведамлялі адно, што ходзіць нейкая камісія з гарвыканкаму, ці яшчэ з аднекуль і высьвятлялі, чаму яны падпісваліся. Пагражалі наступствамі. Як я высьветліў, людзям не паказвалі саміх заяваў, а толькі подпісы. Адной жанчыне ўдалося выглядзець, што зварот тычыўся росту цэнаў і што няма ў продажы лівэрнай кілбасы ды танных прадуктаў.

Але я так думаю, што пад гэтым уся краіна падпішацца. Улада баіцца выяўленьня пратэстных настрояў і такіх зваротаў, І таму душаць людзей, каб яны галовы не падымалі. Я людзей супакойваю й кажу ім, што парушаюцца іх канстытуцыйныя правы, бо кожны жа грамадзянін мае права пісаць падобныя звароты.

Як заяўляе актывіст, з кожным выпадкам запалохваньня людзей, якія падпісваліся пад яго зваротамі, ён будзе разам з праваабаронцамі разьбірацца, а потым зьвяртацца ў пракуратуру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG