Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Заіка: «Краіну распрадаюць»


Віцэ-прэм’ер Беларусі Сяргей Румас не выключае продажу беларускіх нафтатранспартных прадпрыемстваў.

Пра гэта ён заявіў журналістам 2 лютага. Гэтыя прадпрыемствы могуць увайсьці ў сьпіс прадпрыемстваў, якія плянуецца прыватызаваць у гэтым годзе. Такі сьпіс будзе перададзены ўрадам кіраўніку Беларусі ўжо на наступным тыдні. Ад продажу гэтых прадпрыемстваў афіцыйны Менск хоча атрымаць 2,5 мільярда даляраў. Як ставяцца беларускія эканамісты да магчымасьці продажу ўсьлед за «Белтрансгазам» беларускіх нафтатранспартных прадпрыемстваў?

Леанід Заіка
Леанід Заіка
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка: «Краіну распрадаюць. Гэта спроба распрадаць і зрабіць прыгожа для беларусаў на адзін год. Эканамічна гэта наагул недапушчальна. Сядзелі, сядзелі, давялі ўсё да ручкі і потым пачынаюць распрадаваць. Прычым самі ж нічога не стварылі, толькі пабудавалі для сябе кватэры і дамы. На кожнага беларуса ўжо агульны доўг складае 2,5 тысячы даляраў — гуляюць хлопцы ў эканоміку ўжо 17 гадоў. А цяпер прадаюць. Ганьба! У любой краіне інфраструктура — ключавы элемэнт. Гэта самае дарагое, што ёсьць».

Міхась Залескі
Міхась Залескі
Эканаміст Міхась Залескі: «Яны ж залезьлі ў кішэню да Масквы і сядзяць там у кішэні як мышка. Проста рускія хацелі купіць нафтаправоды. Ну, гэныя ўзбрыкнулі крыху ў аглоблі. Зараз ім кажуць: ціха сядзіце і прадавайце тое, на што мы пальцам пакажам. Вось яны і будуць прадаваць. Грошай жа многа трэба, трэба ж з усімі разьлічвацца. Краіна падобная да арганізму, і мы прадаём часткі гэнага арганізму. Зь цягам часу любы продаж можа зрабіцца фатальным».

Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка
Былы кандыдат у прэзыдэнты, эканаміст Віктар Цярэшчанка: «Сёньняшнія дзеяньні ўраду будуць далей накіраваныя на тое, каб хаваць свае недапрацоўкі, кампэнсаваць іх продажам. Продаж асноўных фондаў, асабліва значных, якія на рынку сёньня купляюць, — гэта для нас дрэнна. Але ўрад вымушаны прадаць, бо іншых паступленьняў няма. Мы жывём у доўг. І гэта бяда для беларусаў. Чакае дэвальвацыя, каляпс, хаос у эканоміцы. Можа, у меншай меры, чым у мінулым годзе, але гэта непазьбежна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG