Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэмны дэпартамэнт: «Не выдаваць жа ў карцэрах пуховую коўдру!»


Калі на вуліцы мінус 20, то колькі ў турмах, калёніях ды ізалятарах, дзе трымаюць тысячы беларусаў, у тым ліку палітзьняволеных?

Дзяжурны Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў запэўніў карэспандэнта «Свабоды», што ў турмах і калёніях, якія падпарадкаваныя гэтай установе, прынамсі на 1 лютага аварыяў з сыстэмамі ацяпленьня няма і тэмпэратурны рэжым паўсюль падтрымліваецца згодна з нормай — не ніжэй за плюс 18 градусаў. Халадней можа быць у карцэры, бо вязьням няма чым укрывацца, прызнаў дзяжурны:

«Карцэр — адзін зь відаў пакараньня. Паколькі чалавек не падпарадкоўваецца парадкам, ці за якія парушэньні, яго караюць і зьмяшчаюць у штрафны ізалятар альбо ў памяшканьне камэрнага тыпу. І там ён свае суткі, на якія яго пакаралі, адбывае. Не даваць жа ім туды шакалядку і падушку з пуховай коўдрай!»

На час вялікіх маразоў гэты парадак не мяняецца: сьпяць пакараныя карцэрам на дошках, цёплых рэчаў туды ім браць не дазваляюць. Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч літаральна некалькі дзён таму быў у карцэры ў Магілёўскай турме, а цяпер яго зьмясьцілі ў камэру, дзе разам зь ім яшчэ адзін сядзелец. Жонка палітыка Марына Адамовіч ведае пра ўмовы там няшмат:

«Ведаю, што зараз нібыта крыху адагрэўся, бо ў карцэры было вельмі холадна. Туды ж браць нічога не дазваляюць зь цёплых рэчаў. А больш нічога ня ведаю, лістоў ад яго больш не атрымлівала».

Былы вязень Бабруйскай калёніі Андрэй Бандарэнка кажа, што нават калі камфортна ў бараку, бязь цёплых рэчаў у калёніі не абысьціся, бо на тое ж пастраеньне зь пераклічкай выводзяць тры разы на дзень і могуць там затрымаць надоўга — залежыць ад начальніка:

«Вельмі холадна было стаяць на праверцы. Але звычайна ў маразы пераклічку рабілі хутчэй, хоць бывалі маральныя вычварэнцы, якія маглі пратрымаць і па 20–30 хвілін. А калі ўжо вельмі холадна, то рабілі пастраеньне ў бараку».
Звычайна ў маразы пераклічку рабілі хутчэй, хоць бывалі маральныя вычварэнцы, якія маглі пратрымаць і па 20–30 хвілін.

Андрэй Бандарэнка мяркуе, што найбольш ад маразоў пакутуюць вязьні, якіх перавозяць з адной турмы ў іншую. Днямі маюць адправіць па этапе праваабаронцу Алеся Бяляцкага, які пакуль знаходзіцца ў Жодзінскім сьледчым ізалятары. Ці пасьпела жонка палітвязьня Натальля Пінчук перадаць яму цёплыя рэчы?

«Так, пасьпела перадаць усё, што трэба. І цёплыя рэчы, і цёплую бялізну, усё прынялі».

Куды накіруюць з Жодзіна Алеся Бяляцкага, які атрымаў 4,5 года зьняволеньня, дагэтуль невядома.

Паводле Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, усе беларускія турмы і калёніі альбо маюць аўтаномныя кацельні, альбо дадаткова падключаныя яшчэ і да іншых крыніцаў цяпла. Прыкладам, Бабруйская калёнія сілкуецца ад прадпрыемства «Бабруйскшына». У Івацэвіцкай калёніі № 22, дзе адбываюць пакараньне палітвязьні Эдуард Лобаў і Аляксандар Францкевіч, паляць дровамі. Але скаргаў на холад у бараках сваякі палітвязьняў не атрымлівалі.

А што ў турмах, якія месьцяцца ў вельмі старых будынках — прыкладам, як Глыбоцкая турма, дзе сядзіць Зьміцер Дашкевіч? Нявеста палітвязьня Наста Палажанка мяркуе, што Зьмітру ў адзіночнай камэры ня вельмі цёпла, але ён мае досьвед, як сагравацца: праз рэгулярныя фізычныя практыкаваньні. Гэтак Зьмітру даводзілася грэцца і ўвесну, калі ён сядзеў у Горацкай калёніі ў карцэры. Для палітвязьня, паводле Насты Палажанкі, могуць стварыць холад у любы час і ў любым месцы. Наста сама сядзела ў СІЗА КДБ і ведае гэта пэўна:

«Бывалі там часы, калі было вельмі холадна. Але „амэрыканка“ адрозьніваецца тым, што туды можна было перадаваць коўдры. А ў турму гэтага не дазваляюць».

Праваабаронца Алег Воўчак адбыў 4 дні ў ізалятары на Акрэсьціна, дзе было, паводле яго, вельмі холадна, а вязьні мусяць спаць на драўлянай падлозе бяз коўдраў. Пры гэтым Воўчак ад сукамэрнікаў ведае, што ў іншых гарадах у падобных установах умовы могуць быць лепшыя.

«Хлопец з Салігорску дзяліўся з намі досьведам, што ў іх там у ізалятары выдаюць пасьцельную бялізну, коўдры і матрацы. Ёсьць, значыць, чаму Менску павучыцца ў пэрыфэрыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG