Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпіяда на пакутах


Ці былі аднолькавымі злачынствы нацысцкага і сталінскага рэжымаў? Пра спрэчкі на гэтую тэму ў Літве і іншых краінах Усходняй Эўропы піша ў The New York Times аглядальнік Роджэр Коэн.

У шматлікіх эўрапейскіх краінах віруюць бітвы вакол канцэпцыі «падвойнага генацыду» – параўнальнага супастаўленьня злачынстваў Сталіна і Гітлера. У гэтым месяцы спаўняецца 70 гадоў з часу нарады нацысцкага кіраўніцтва ў Ванзээ, дзе Гітлер абвясьціў праграму «канчатковага вырашэньня габрэйскага пытаньня». З гэтай нагоды больш за 70 дэпутатаў Эўрапарлямэнту, у тым ліку 8 прадстаўнікоў Літвы, падпісалі дэклярацыю, у якой пярэчаць супраць «спробаў прынізіць Галакост, адмаўляючы яго ўнікальнасьць і абвяшчаючы яго роўным, эквівалентным камунізму або такiм самым». У дэклярацыі таксама асуджаюцца спробы ўключыць паняцьце «падвойны генацыд» у эўрапейскія школьныя падручнікі гісторыі.

У адказ кіраўнік МЗС Літвы Аўдронюс Ажубаліс назваў літоўскіх дэпутатаў, якія падпісалі зварот, «жалю вартымі». Яго прэсавы сакратар абвясьціў, што Гітлер адрозьніваўся ад Сталіна толькі «даўжынёй вусоў, а ў юрыдычным пляне яны зрабілі аднолькавыя злачынствы: генацыд, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці».

Рэакцыя Ажубаліса адлюстроўвае крыўду дзяржаваў былой савецкай імпэрыі на ЗША і Заходнюю Эўропу за няўвагу да злачынстваў Сталіна. Дзе ў ЗША музэй ахвяраў сталінскага тэрору? – пытаюцца яны.

Праская дэклярацыя 2008 году, падпісаная многімі аўтарытэтнымі асобамі, у тым ліку і нябожчыкам Вацлавам Гаўлам, імкнецца выправіць становішча, сьцьвярджаючы тоеснасьць нацысцкіх і камуністычных злачынстваў. Яна заклікала да абвяшчэньня 23 жніўня – дня падпісаньня пакту Молатава-Рыбэнтропа – днём памяці ахвяраў нацызму і камунізму, аналягічна з днём Галакосту, які Эўропа адзначае 27 студзеня.

Энтані Палонская, прафэсар аддзелу вывучэньня Галакосту ўнівэрсытэту Брандэйса, назвала гэтую зьяву «алімпіядай на пакутах». Гэта небясьпечныя гульні.

Яшчэ да нарады ў Ванзээ большасьць з 200 тысяч габрэяў Літвы былі забітыя пры актыўнай дапамозе літоўскіх паліцэйскіх фармаваньняў. Гісторыкі, якія пішуць гісторыю Літвы, б'юцца над пытаньнем, ці варта лічыць літоўцаў злачынцамі (у адносінах да габрэяў) або ахвярамі (савецкай улады).

Прэм'ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс ня згодны з пазыцыяй Ажубаліса. Прэм'ер мяркуе, што злачынствы Галакосту зьяўляюцца абсалютна ўнікальнымі і называе ганебнай і хваравітай рэччу, што некаторыя літоўцы ўзялі ў гэтым удзел.

Кубілюс абвінавачвае Расею ў пост-імпэрскім сындроме. На пытаньне, ці павінная Расея плаціць кампэнсацыі Літве, літоўскі прэм'ер прыводзіць прыклад пасьляваеннай Нямеччыны, якая «разумее свае абавязкі». Ён лічыць, што добрай справай былі б фармальныя прабачэньні з боку Расеі.

Гэтая тэма – «міннае поле гісторыі», але выкажу свае меркаваньні, – піша Роджэр Коэн.

1. Цяперашні ўрад Літвы шчыра спрабуе падняць тэму датычнасьці літоўцаў да Галакосту, прыняты летась закон прапануе больш за 50 млн. даляраў ахвярам.

2. Прынятых мер недастаткова. Музэй ахвяраў генацыду ў Вільні, які аддае перавагу савецкім злачынствам, ілюструе перакос нацыянальнай сьвядомасьці.

3. Заходнія ацэнкі савецкіх злачынстваў сапраўды вельмі сьціплыя (магчыма, таму што СССР быў саюзьнікам у вайне супраць нацызму) і павінны быць перагледжаныя.

4. Праская дэклярацыя і іншыя спробы паставіць знак роўнасьці паміж нацысцкімі і савецкімі злачынствамі недарэчныя. Нацысцкая ідэалёгія была сапраўды ўнікальнай у сваёй крыважэрнай злоснасьці.

5. Некаторыя савецкія злачынствы сапраўды могуць падпадаць пад вызначэньне генацыду, прынятае ААН, але гэтае паняцьце рызыкуе страціць сэнс празь яго празьмернае ўжываньне.

6. Неабходнасьць прызнаньня Расеяй савецкіх злачынстваў ужо даўно насьпела і перасьпела.

7. Прыняцьце краін Балтыі ў НАТА і ЭЗ было актам дыпляматычнага генія, і крыўды нацыянальнай памяці не прывялі да новай крыві.


Такі погляд на праблему Роджэра Коэна. А як лічыце Вы – ці варта ставіць знак роўнасьці паміж нацысцкімі і сталінскімі злачынствамі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG