Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кааліцыя шасьці» не падпісала плян сумесных дзеяньняў на выбарах

абноўлена

Анатоль Лябедзька тлумачыць чаму не падпсіалі плян сумесных дзеяньняў
Анатоль Лябедзька тлумачыць чаму не падпсіалі плян сумесных дзеяньняў

Заплянаванае падпісаньне пагадненьня пра супольныя дзеяньні партыяў і рухаў на парлямэнцкіх выбарах не адбылося.

Прадстаўнікі кааліцыі 40 хвілін дыскутавалі за зачыненымі дзьвярыма.

Пасьля да журналістаў выйшаў кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька.

«Прыняць рашэньне па формуле „6+“ пакуль не атрымліваецца. А выходзіць да журналістаў з формулай „5+1“ альбо „4+2“ палічылі немэтазгодным», — заявіў Лябедзька.

«Ня ўсё атрымоўваецца ў палітыцы адразу і як хочаш. Сёньня мы дэклярацыю не падпісваем. Паспрабуем правесьці яшчэ адзін раўнд перамоваў, каб яе падпісалі як мага больш суб’ектаў. Таму што формула „5-1“ ці „4+2“ — гэта ня самае лепшае. Самая выдатная формула — „6+“, то бок каб да шасьці суб’ектаў дадаваліся і новыя. Над гэтай формулай і папрацуем».

На заўвагу, што да абвяшчэньня выбараў застаецца менш за 6 месяцаў, а агульнага рашэньня няма, Лябедзька адказаў: «У гэтым няма вялікай бяды. Кожны з суб’ектаў „шасьцёркі“ ведае свае магчымасьці і скарыстае іх».

Ён дадаў: «Ва ўсіх суб’ектаў ёсьць паразуменьне ў тым, што выбарчая кампанія павінна быць эфэктыўнай і маральнай. А вось у дэталях ёсьць розьніца. Таму мы й ня можам абвясьціць пра агульную пазыцыю».

Як кажуць суразмоўцы «Свабоды», пагадненьне не было падпісанае, бо 2 з 6 адмовіліся зрабіць гэта. Гаворка ідзе пра «Справядлівы сьвет» і БХД.

Аляксей Кавалец, Аляксандар Фядута, Юрась Губарэвіч, Ігар Лялькоў
Аляксей Кавалец, Аляксандар Фядута, Юрась Губарэвіч, Ігар Лялькоў


Ухналёў: у партыі няма адзінага рашэньня


Намесьнік старшыні «Справядлівага сьвету» Валеры Ўхналёў заявіў «Свабодзе»:

«Там ёсьць адзін жорстка вырашаны пункт — зьняцца з выбараў, каб прозьвішчаў дэмакратычных кандыдатаў не было ў бюлетэнях. Мы пакуль на гэта ня згодныя. У нас дагэтуль не прынятае партыйнае рашэньне. Розныя партыйныя актывісты і камітэты па-рознаму да гэтага ставяцца. Магчыма, і мы будзем згодныя з такім падыходам.

Але калі мы падпішам дэклярацыю, дзе ёсьць пункт пра зьняцьце, а пасьля ня зможам гэтага партыяй зрабіць? На такое мы ня можам ісьці».

Рымашэўскі тлумачыць


Не задавальняе гэты пункт і аргкамітэт у справе стварэньня партыі БХД, сказаў «Свабодзе» яго сустаршыня Віталь Рымашэўскі. Хрысьціянскія дэмакраты лічаць, што трэба ня проста патрабаваць ад уладаў вызваленьня палітвязьняў, а паставіць ім канкрэтны тэрмін вызваленьня — напрыклад, да 25-га сакавіка:

«Толькі за 5 хвілін да пачатку прэсавай канфэрэнцыі я змог пабачыць гэты тэкст. Але гэта прынцыповы момант. Бо ў дэклярацыю ўвайшоў той варыянт аб зьняцьці з выбараў, які рух „За свабоду“ прапаноўваў яшчэ тры тыдні таму. А мы падпісаць яго ня можам. Бо такі тэкст фактычна легітымізуе ўдзел у выбарах. Там, праўда, дэкляруецца магчымае зьняцьце з выбараў за тыдзень да галасаваньня. Але ж мы ведаем, як гэта робіцца».

Рымашэўскі адмовіўся патлумачыць, у чым прынцыповае разыходжаньне паміж варыянтамі дэклярацыі.

Рымашэўскі падкрэсьліў: пазыцыя БХД палягае ў тым, што «нельга ўдзельнічаць у выбарах пры наяўнасьці палітычных зьняволеных».

Перад пачаткам плянаванай прэсавай канфэрэнцыі журналісты атрымалі тэкст дэклярацыі.

«Дэмакратычныя кандыдаты ня могуць заставацца ў бюлетэнях для галасаваньня ў той час, як у краіне існуюць палітычныя зьняволеныя (...) Мы патрабуем ад беларускіх уладаў іх як найхутчэйшага вызваленьня. Мы будзем заклікаць усіх прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці Беларусі зьняць свае кандыдатуры пасьля выкарыстаньня ўсіх магчымасьцяў агітацыйнай кампаніі, за тыдзень да пачатку датэрміновага галасаваньня, у выпадку, калі да гэтага часу ўсе 15 палітвязьняў ня будуць вызваленыя або ў краіне зьявяцца новыя палітвязьні», — напісана ў дэклярацыі.

Тое, што падпісаньне дэклярацыі сарвалася, не выглядае дзіўным, кажа палітоляг Кірыла Пазьняк:

«Калі высьвятляецца, што „Справядліваму сьвету“ для таго, каб паставіць подпіс пад дэклярацыяй, патрэбна ўнутрыпартыйнае рашэньне, то пра гэта партнэрам па кааліцыі трэба было паведамляць загадзя. І перамовы сапраўды выглядаюць пустымі, бо спачатку прымаецца рашэньне ўнутры партыі, а ўжо пасьля міжкааліцыйнае. І таму мне падаецца, што кааліцыі трэба дачакацца рашэньня былых камуністаў, а ўжо пасьля гэтага зноў сядаць за стол перамоваў.

Тое самае, мабыць, варта рабіць і хрысьціянскім дэмакратам. Ёсьць такое паняцьце, як палітычная культура. Калі ты выходзіш на перамовы з партнэрамі па дэмакратычным лягеры ўжо з падрыхтаванай пазыцыяй. Калі ж гэтага няма, то атрымліваецца, што ты прыходзіш на перамовы з асабістай пазыцыяй. Мажліва, ад гэтага і сёньняшні скандал».

Удзельнікі дыскусіі за зачыненымі дзьвярыма кажуць, што пазыцыя Віталя Рымашэўскага настолькі раззлавала прадстаўніка кампаніі «Гавары праўду» Аляксандра Фядуту, што той даў яму высьпятка.

На пытаньне «Свабоды», як і чаму гэта здарылася, спадар Фядута адказаў:

«Я звычайна камэнтую толькі палітычныя бойкі, а асабістыя канфлікты — ну навошта?»

Віталь Рымашэўскі: «Ці быў нейкі штуршок з боку Фядуты? Я яго не заўважыў. Ды гэта і не магло быць, улічваючы фізычны стан Фядуты».

У «кааліцыю шасьці» ўваходзяць:
  • партыя БНФ
  • АГП
  • партыя левых «Справядлівы сьвет»
  • ствараная партыя «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя»
  • рух «За свабоду»
  • кампанія «Гавары праўду».

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу павінны адбыцца ўвосень 2012 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG