Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША плянуюць скараціць армію


Міністар абароны ЗША Леан Панэта прадставіў вайсковы бюджэт краіны на наступны год, у якім прадбачаны значныя скарачэньні як вайсковых выдаткаў, так і колькаснага складу ўзброеных сілаў.

Паводле Панэты, скарачэньні ў вайсковым бюджэце не паўплываюць на баявую гатоўнасьць і сілу амэрыканскай арміі.

«Мы вырашылі скарыстаць гэтую нагоду для выпрацоўкі новай абарончай стратэгіі для Злучаных Штатаў і амэрыканскіх узброеных сілаў, якія мы хочам мець у будучыні. Гэтая стратэгія прымусіла нас прыняць шэраг цяжкіх бюджэтных рашэньняў і ўстанавіць новыя абарончыя прыярытэты» — сказаў Панэта на брыфінгу ў Вашынгтоне 26 студзеня.

Новы вайсковы плян адміністрацыі прэзыдэнта Барака Абамы прадбачвае, што на працягу пяці наступных гадоў колькасьць амэрыканскіх вайскоўцаў паменшыцца на 80 тысяч. Сёньня ў амэрыканскай арміі служаць 570 тысяч чалавек. Марскую пяхоту ЗША скароцяць на 10%, з 202 да 182 тысяч чалавек.

Вайсковы бюджэт ЗША на наступны год заплянаваны ў памеры 613 мільярдаў даляраў. Гэта на 33 мільярды менш, чым у бягучым годзе. Ваенныя дзеяньні ЗША ў наступным годзе, у асноўным у Аўганістане, будуць каштаваць амэрыканскім падаткаплатнікам 88 мільярдаў даляраў.

Панэта заявіў, што «мы зьменім балянс нашай глябальнай ваеннай дактрыны і прысутнасьці», пераводзячы ўвагу з Іраку і Аўганістану на іншыя рэгіёны з «патэнцыяльнымі праблемамі», да якіх ён залічыў азіяцка-ціхаакіянскі і блізкаўсходні рэгіёны.

Прапанова новай вайсковай стратэгіі адміністрацыі Барака Абамы ўжо выклікала крытычныя ацэнкі рэспубліканцаў у Кангрэсе.

Сэнатар Джон Корнін з Тэхасу — сябра сэнацкай камісіі ў пытаньнях узброеных сілаў, якая будзе праводзіць слуханьні ў справе праекту вайсковага бюджэту — сказаў, што скарачэньне ўзброеных сілаў да стану, які быў перад тэрарыстычнымі атакамі 11 верасьня 2001 году, уяўляе для краіны «сур’ёзную небясьпеку».

Сэнатар Джон МакКэйн з Арызоны таксама заявіў, што новая вайсковая стратэгія ЗША «ігнаруе ўрокі гісторыі» і прапануе занадта вялікія скарачэньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG