Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас імкліва расьце розьніца між беднымі і багатымі»


Belarus - BNR-90 Organizational Committee press conference, Mikhas Zaleski, 06Feb2008
Belarus - BNR-90 Organizational Committee press conference, Mikhas Zaleski, 06Feb2008

Нацыянальны статыстычны камітэт абнародаваў памер сярэдняга заробку ў сьнежні — 2 мільёны 877 тысяч рублёў (345 даляраў). У параўнаньні зь лістападам заробкі павялічыліся амаль на 20%. Чым выкліканае і ці абгрунтаванае эканамічна такое павялічэньне? Чаму ў Беларусі расьце розьніца паміж багатымі і беднымі ? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.

Цыганкоў: За адзін месяц заробак у Беларусі вырас на 20 працэнтаў. Натуральна, што ВУП ці прадукцыйнасьць працы за гэты час калі і вырасла, то на долі працэнту. Адкуль тады рэсурсы на рост заробку?

Залескі: Грошы гэта папросту выплачваюцца, яны не заробленыя. Усё павінна быць падмацавана прадукцыйнасьцю працы, эфэктыўнасьцю экспарту. Так, экспарт за апошні час вырас, давялося дзяржаве скараціць адмоўнае сальда замежнага гандлю, бо не было куды ўжо падзецца. Аднак на сёньня прычынаў такога гвалтоўнага росту заробку няма, акрамя палітычнага папулізму.

Цыганкоў: Да чаго гэта можа прывесьці? Некаторыя эканамісты лічыць, што, калі будзе запушчаны такі эканамічны мэханізм, можа паўтарыцца сцэнар 2011 году.

Залескі: Я пэсыміст у гэтай справе. Растуць заробкі, растуць цэны, закручваецца сьпіраль. За кошт чаго расьце сярэдні заробак? За кошт таго, што падвышаюцца заробкі багатых. Гэта сілавы блёк, апарат кіраваньня, усе тыя людзі, якія падтрымліваюць Лукашэнку. Астатнім даюць па астаткавым прынцыпе. Ну і вядома, пэнсіянэрам як электарату, бо ў іх надта ўжо мала было.

Цыганкоў: Цікава, што ўзровень заробкаў адрозьніваецца ня толькі паводле розных галінаў, але і ў рэгіянальным аспэкце. У Менску зарабляюць на паўтара мільёна больш чым у Магілёўскай вобласьці.
Трэба глядзець на тое, што атрымлівае асноўная маса людзей. А гэта недзе 1,5-2 мільёна рублёў.

Залескі: Гэта натуральная зьява, бо ў Менску сканцэнтраваныя міністры, генэралы, кіраўнікі прадпрыемстваў і так далей. Тут знаходзіцца Парк высокіх тэхналёгіяў, дзе досыць высокія заробкі ня толькі ў начальства.

Калі ацэньваем сярэдні заробак, то трэба глядзець на тое, як імкліва расьце ў нас розьніца паміж беднымі і багатымі. Бо тыя часткі вытворчасьці, якія тэхналягічна апярэджваюць астатнюю, сярэднюю частку краіны, даюць людзям большыя прыбыткі.

Беларусь і Славаччына мелі ў свой час самую малую розьніцу паміж 10 працэнтамі самых бедных і самых багатых. Але зараз мы імкліва даганяем у гэтым пляне Расею, бо ў нас зьяўляюцца свае алігархі і зьяўляюцца свае жабракі, якія літаральна перабіваюцца з хлебу на квас. Гэта былыя калгасьнікі, а цяпер супрацоўнікі сельгаспрадпрыемстваў, работнікі культуры, сацыяльнай абароны, сацыяльнага абслугоўваньня. Гэта вельмі бедныя людзі, калі ў іх ёсьць дзеці, то яны проста жабракі. Гэта не дазваляе радавацца сярэдняму заробку — трэба глядзець на тое, што атрымлівае асноўная маса людзей. А гэта недзе 1,5-2 мільёна рублёў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG