Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баўгарыя ў аднабаковым парадку далучылася да Шэнгену


Нягледзячы на тое, што Баўгарыя застаецца па-за межамі Шэнгенскай зоны, Сафія вырашыла прапанаваць свабодны ўезд у краіну ўсім атрымальнікам шэнгенскіх візаў.

Як паведамляе агенцтва AFP, усе атрымальнікі шэнгенскіх візаў будуць мець права наведаць Баўгарыю і застацца там на тэрмін да трох месяцаў кожныя паўгода, не патрабуючы баўгарскіх візаў. Ва ўрадавым паведамленьні гаворыцца, што гэта «прынясе карысьць грамадзянам усіх краінаў, якія цяпер маюць візавы рэжым з Баўгарыяй і ЭЗ – такім як Кітай, Турцыя, Расея, Казахстан і іншыя». Баўгарская віза патрэбная і для беларусаў, яна каштуе 60 эўра.

Баўгарыя спадзявалася далучыцца да Шэнгенскай прасторы летась разам з суседняй Румыніяй, аднак прыняцьцё дзьвюх краінаў заблякавалі Нідэрлянды, якія лічаць недастатковым іх прагрэс у змаганьні з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю. Летась Баўгарыю наведалі больш як шэсьць мільёнаў турыстаў, прычым колькасьць расейскіх турыстаў узрасла ў параўнаньні з папярэднім годам на 20 працэнтаў.

Міністэрства спорту і турызму Беларусі раней таксама зьвярталася ва ўрад з прапановай адмяніць з 2013 году візавы ўезд у Беларусь для турыстаў з краінаў Эўразьвязу. Аднак рашэньне пакуль не было прынятае, хутчэй за ўсё з-за эканамічнага фактару. Паводле польскага пасла ў Менску, Беларусь таксама не рэагуе на прапановы ўзаемна зьменшыць цану візаў. Адзіная палёгка для эўрапейцаў прадугледжваецца ў 2014-м годзе, калі ім абяцаюць магчымасьць наведаць матчы хакейнага чэмпіянату сьвету ў Менску бязь візаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG