Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Лукашэнка для Ірану — палітычны карлік


Усясьветная супольнасьць пашырае палітычныя і эканамічныя санкцыі ў адносінах да іранскага рэжыму, які падазраецца ў распрацоўцы ядзернай зброі і жорстка распраўляецца з прыкметамі іншадумства ў краіне. Між тым кіраўніцтва Ірану заяўляе, што краіна не пацерпіць ад плянаў эўрапейскіх урадаў абмежаваць іранскую прысутнасьць у сьвеце (найперш — зьвязаную зь імпартам нафты) і лёгка пераарыентуецца на іншыя рэгіёны. Ці можа ў якасьці патэнцыйнага пакупніка таго ж «чорнага золата» выступіць Беларусь, улады якой пазыцыянуюць сваю краіну як прыязную да Ірану?

ЗША і краіны Эўразьвязу ўхвалілі аднабаковыя санкцыі ў адносінах да Ірану. У прыватнасьці, абвешчана, што ўжо да лета будуць спыненыя пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў з гэтай дзяржавы на эўрапейскія перапрацоўчыя заводы. Аднак вышэйшыя кіраўнікі Ірану пераконваюць, што гандлёвыя абмежаваньні ня ўдараць па краіне, бо імпарт нафты можна скіраваць у іншыя дзяржавы. Спадзяваньне тут, галоўным чынам, на рынак Кітаю, які разьвіваецца надзвычай імкліва.

Пра намер здабываць нафту на іранскіх радовішчах яшчэ некалькі гадоў таму заяўлялі беларускія ўлады — называліся нават тэрміны пачатку працы і меркаваныя аб’ёмы здабычы. Аднак летась сумесны праект, так і не стартаваўшы, быў згорнуты з ініцыятывы якраз Тэгерану. Ці можна разьлічваць на аднаўленьне цікавасьці да іранскага нафтавага рынку з боку афіцыйнага Менску? Ці гатовыя іранскія ўлады да дэмпінгу на сыравіну?

Канстанцін Скуратовіч
Канстанцін Скуратовіч
Эканамічны аглядальнік Канстанцін Скуратовіч лічыць, што ніякай эканамічнай выгады ад эўрапейскіх санкцый Беларусь не атрымае — нягледзячы нават на досыць блізкія пазыцыі лідэраў Беларусі і Ірану:

«Гэта занадта глябальныя палітычныя гульні, у якіх такая карлікавая палітычная фігура, як Лукашэнка, ня зможа нічога зрабіць альбо згуляць на сваю карысьць. А паколькі гэта не ягоная прастора, нічога для Беларусі добрага ад гэтага ня будзе. Зрэшты, кепскага таксама. Бо ў дадзеным выпадку патрэбная адпаведная палітычная, тэхналягічная падрыхтоўка. А паміж Беларусьсю і Іранам няма шчыльных палітычных стасункаў. Таму няма на што тут разьлічваць. Застаецца толькі на ўзроўні Міністэрства замежных спраў рабіць заявы, наколькі такія санкцыі непрадуктыўныя».

Экспэрты адзначаюць, што ўсе ранейшыя заявы беларускіх уладаў пра намер дывэрсыфікаваць пастаўкі энэргарэсурсаў выкліканыя не эканамічнымі матывамі, а спробай насаліць саюзьніку ў асобе Расеі, з кіраўніцтвам якой у Аляксандра Лукашэнкі раз-пораз абвастраюцца адносіны. Да таго ж танкерныя пастаўкі вэнэсуэльскай нафты, якія падаваліся як «рэальная альтэрнатыва» расейскай сыравіне, насамрэч аказаліся ўдвая больш стратнымі, чым пастаўкі з Расеі, нават з улікам мыта на апошнія. Эканамісты перакананыя, што такая ж арытмэтыка выйшла б і ў выпадку з іранскай нафтай, каб яе давялося транспартаваць з Пэрсыдзкай затокі.

Апроч эмбарга на нафту, эканамічныя санкцыі тычацца Цэнтральнага банку Ірану і шэрагу дзяржаўных карпарацый, доступ якіх на эўрапейскія і амэрыканскія рынкі зачынены. На гэтым тле афіцыйны Тэгеран намагаецца заручыцца падтрымкай розных краінаў. Ня так даўно прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэджад наведаў з афіцыйнымі візытамі Вэнэсуэлу, Нікарагуа і Кубу, дзе атрымаў гарантыі сумеснага супрацьстаяньня амэрыканскаму імпэрыялізму.

У 2007 годзе іранскі кіраўнік прыяжджаў у Беларусь, дзе яго горача вітаў ягоны беларускі калега. Тады прэзыдэнты будавалі амбітныя пляны, аднак іранская прысутнасьць у Беларусі так і засталася надзвычай абмежаванай. У Менску працуе філіял Тэгеранскага банку, які таксама трапіў пад міжнародныя санкцыі, і ёсьць сумеснае прадпрыемства, якое вырабляе іранскія аўтамабілі «Саманд». Аналітыкі лічаць, што пры такім багажы казаць пра нейкі плён двухбаковага супрацоўніцтва не выпадае. Экспэрт у аўтамабільнай галіне Аляксей Бабайцаў перакананы, што, прыкладам, завод па зборцы іранскіх аўто ня мае ніякіх пэрспэктываў:
Патэнцыял можа мець ня сам „Саманд“, колькі пляцоўка, якая там існуе шмат гадоў.

«Справа ў тым, што патэнцыял можа мець ня сам „Саманд“, колькі пляцоўка, якая там існуе шмат гадоў. І для яе, зразумела, трэба шукаць нашмат больш зацікаўленых інвэстараў, якія хацелі б там нешта рэальна рабіць. Але відавочна, што пакуль такіх добраахвотнікаў няма. Што тычыцца ўласна праекту „Саманду“, то ён сам па сабе вычарпаны тым, што ўжо ёсьць. Ён, напэўна, дазваляе падтрымліваць нейкі балянс прадпрыемства, бо ва ўмовах адкрыцьця расейскага рынку гіпатэтычна яны могуць разьлічваць на адносны рост продажу прадукцыі, але ня болей за тое. Бо фактычна за ўсе гэтыя гады там толькі за кошт адміністрацыйных рычагоў падтрымліваўся попыт. Гэтыя „Саманды“ набывалі дзяржаўныя арганізацыі, але даверу ў шараговых спажыўцоў да гэтай машыны няма».

Напярэдадні МЗС Беларусі выступіў з заявай, у якой асуджаецца ўвядзеньне аднабаковых санкцый супраць Ірану. Экспэрты кажуць, што інакшай афіцыйная пазыцыя Менску быць і ня можа: вышэйшыя асобы Беларусі, а таксама адказныя за рэпрэсіі ў дзяржаве, даўно знаходзяцца ў прыцэле эўрапейскіх ды амэрыканскіх санкцый.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG