Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністры ЭЗ пашырылі ня санкцыі, а іх крытэры


Паседжаньне міністраў замежных справаў ЭЗ у Брусэлі, 23 студзеня 2012 году
Паседжаньне міністраў замежных справаў ЭЗ у Брусэлі, 23 студзеня 2012 году

Міністры замежных справаў Эўразьвязу сёньня на сваім паседжаньні ў Брусэлі пастанавілі пашырыць крытэры выкарыстаньня рэжыму санкцыяў у адносінах да афіцыйнага Менску, але ніякіх дадатковых захадаў не ўхвалялі.

Наконт патрэбы пашырэньня крытэраў для санкцый супраць Менску міністар замежных справаў Даніі Вілі Соўндаль сказаў карэспандэнту нашага радыё:

«Мы гэта робім з прычыны ўсё горшай сытуацыі вакол палітычных зьняволеных з апазыцыі ды наступу на дэмакратычныя каштоўнасьці. Гэта нас засмучае, бо рэжым павінен аказваць пашану для тых самых каштоўнасьцяў, якія падтрымлівае астатняя Эўропа».

А міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі ўдакладніў:

«На наступную нашу сустрэчу мы павінны падрыхтаваць высновы адносна пашыраных крытэраў санкцый, што тычыцца як асобаў, якія могуць падпасьці пад санкцыі, так і прадпрыемстваў. Аднак мы павінны дзейнічаць з двух бакоў. З аднаго боку накладаць санкцыі, калі рэжым прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі будзе працягваць рэпрэсіі, а з другога – рыхтаваць шчодры пакет дапамогі для будучай дэмакратычнай Беларусі».

Паводле згаданых пашыраных крытэраў, цяпер пад эўрапейскія санкцыі могуць патрапіць ня толькі асобы, якія бяруць непасрэдны ўдзел у перасьледзе пратэстоўцаў у Беларусі, але і парушальнікі правоў чалавека наогул ды асобы, якія падтрымліваюць беларускі рэжым эканамічна.

Раней былі сыгналы, што на сёньняшнім сваім пасяджэньні міністры замежных справаў Эўразьвязу могуць дадаць новыя прозьвішчы ў сьпіс службоўцаў зь Беларусі, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Але так ня сталася. Паводле нашага карэспандэнта ў Брусэлі, у будучыні пад візавую забарону могуць патрапіць яшчэ 140 службовых асобаў зь Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG