Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антон Астаповіч заклікае ратаваць стары Менск


Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры заяўляе пра пагрозу новага этапу зьнішчэньня гістарычнай часткі Менску.

Сябры таварыства заклікаюць навукоўцаў і грамадзкасьць выступіць у абарону гістарычнай і культурнай спадчыны сталіцы Беларусі.

Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры занепакоенае дзяржаўнымі плянамі рэканструкцыі Гандлёвай вуліцы і паўднёва-ўсходняй часткі Менскага замчышча. З гэтай нагоды старшыня таварыства Антон Астаповіч сабраў адмысловую прэсавую канфэрэнцыю:

«Склалася цяжкая сытуацыя, бо па замчышчы распрацаваны і ўзгоднены праект, які не адпавядае ніводнай катэгорыі заканадаўства. У такіх жа рэжымах рыхтуецца праект забудовы вуліцы Гандлёвай-Зыбіцкай. Гэтыя афіцыйныя праекты нас не задавальняюць, бо калі яны будуць рэалізаваныя, то на гістарычнай частцы Менску можна будзе паставіць тлусты крыж як на гісторыка-культурнай каштоўнасьці».

Праект рэканструкцыі, прапанаваны Таварыствам аховы помнікаў.
Праект рэканструкцыі, прапанаваны Таварыствам аховы помнікаў.


Актывісты грамадзкай арганізацыі распрацавалі альтэрнатыўныя праекты рэканструкцыі Верхняга гораду і вуліцы Гандлёвай. Але яны не знайшлі падтрымкі ў дзяржаўных структурах, хоць скіраваныя на тое, каб максымальна захаваць рэшткі старога Менску, кажа аўтар праекту:

«Калі я бачу афіцыйныя праекты, то бачу і прыдуманую ў іх гісторыю. Як прыдумлялі нам гісторыю ўвесь савецкі час, што беларусы ў лапцях хадзілі. А беларусы хадзілі ў скураных ботах, і гэта нам расейцы, добрыя суседзі, лапці прынесьці і пераканалі, што так лепш. Гэтак яны прыдумалі сваю гісторыю і ўклалі ў яе сваё стэрэатыпнае мысьленьне, як павінен выглядаць гістарычны цэнтар таго ж Менску, выдаючы гэта за праўду. Насамрэч яна ня мае нічога агульнага з той праўдай, якая ёсьць у дакумэнтах».

Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры бачыць вырашэньне праблемы ў працэдуры навуковага і грамадзкага абмеркаваньня дзяржаўных праектаў рэканструкцыі Верхняга гораду і вуліцы Гандлёвай. Час на гэта ёсьць, бо рэканструкцыя заплянаваная на другую палову 2014 году.



Антон Астаповіч: «Грамадзкае абмеркаваньне намі ініцыюецца толькі для аднаго — каб жыхары Менску мелі магчымасьць азнаёміцца з афіцыйнымі праектамі і выказалі сваю пазыцыю. Бо я ведаю, што вельмі многія грамадзяне афіцыйныя праекты не падтрымліваюць. І ў гэтай сытуацыі самым разумным было ўсё спыніць і шляхам навуковай дыскусіі з прыцягненьнем прадстаўнікоў той жа грамадзкасьці выпрацаваць канцэптуальны падыход да архітэктурнага вырашэньня далейшага жыцьця гэтых аб’ектаў».

Як паведаміў Антон Астаповіч, у выніку грамадзкага абмеркаваньня было спыненае будаўніцтва ў гістарычнай частцы і захаваныя помнікі гісторыі і архітэктуры ў Берасьці і Магілёве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG