Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ: журналістаў затрымлівалі больш за 150 разоў


Беларуская асацыяцыя журналістаў падрыхтавала агляд «Парушэньні правоў журналістаў і СМІ ў 2011 г.» --> http://baj.by/be/node/10426 .

Прапануем вам галоўныя высновы справаздачы.

Вызначальны ўплыў на разьвіцьцё сытуацыі са СМІ ў Беларусі ў 2011 г. зрабіў палітычны і эканамічны крызіс у краіне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2011 г. і наступных рэпрэсій супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.

Найбольш сур’ёзнымі парушэньнямі правоў незалежных СМІ і журналістаў у 2011 г. былі:

— крымінальны перасьлед журналістаў;

— масавыя затрыманьні журналістаў у часе акцый пратэсту на працягу ўсяго 2011 г.;

— пазбаўленьне «Аўтарадыё» права на вяшчаньне і пазовы аб спыненьні выпуску газэт «Народная воля» і «Наша Ніва»;

— вяртаньне ў Беларусь «чорных» сьпісаў артыстаў, літаратараў, музыкаў;

— абмежаваньне свабоды ў інтэрнэце;

— узмацненьне эканамічнай дыскрымінацыі незалежных СМІ.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. супраць сямі журналістаў і сябраў БАЖу былі заведзены крымінальныя справы па абвінавачаньні іх у арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, альбо ў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

На працягу ўсяго 2011 г. супрацоўнікі праваахоўных органаў і сілавых структур паўсюдна затрымлівалі журналістаў у часе выкананьня імі сваіх прафэсійных абавязкаў на масавых акцыях. Найбольш масавыя затрыманьні журналістаў адбываліся ў часе летніх акцый пратэсту, што былі арганізаваныя праз сацыяльныя сеткі («акцыі маўчаньня»). Усяго за 2011 г. БАЖ зафіксавала больш за 150 выпадкаў затрыманьня журналістаў у часе выкананьня імі прафэсійных абавязкаў.

Яшчэ адным трывожным паказчыкам стану свабоды выказваньня стала вяртаньне ў Беларусь у 2011 г. сьпісу «дзеячоў мастацтва і творчых калектываў», якія забароненыя для згадваньня ў дзяржаўных СМІ і на FM-станцыях. У «чорны сьпіс» трапілі ня толькі беларускія, але і замежныя музыкі, артысты, пісьменьнікі, мастакі, сярод якіх групы «ДДТ» і «Pet Shop Boys», пісьменьнікі Андрэй Бітаў і Эдуард Усьпенскі, драматург Том Стопард, акторы Джуд Лоў, Кевін Спэйсі і інш.

Вясной 2011 г. генэральная пракуратура Беларусі вынесла пастанову аб абмежаваньні доступу да папулярных беларускіх інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў «Хартыя 97» і «Белорусский партизан», спасылаючыся на парушэньне імі закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». Інтэрнэт-правайдэрам было загадана закрыць доступ да гэтых сайтаў для дзяржаўных арганізацый, устаноў адукацыі і культуры. Да пачатку 2012 г. у сьпісы абмежаванага доступу былі ўключаныя каля 60 сайтаў. Акрамя порнарэсурсаў і сайтаў тэрарыстычнага альбо экстрэмісцкага характару, у іх знаходзяцца ўжо названыя сайты charter97.org, belaruspartisan.org, а таксама spring96.org (сайт праваабарончай арганізацыі «Вясна»), prokopovich.net, prokopovi.ch, блог Яўгена Ліпковіча ў ЖЖ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG