Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замеценыя сьнегам


Замецены двор у Барысаве на Меншчыне. Фота даслаў слухач «Свабоды» Міхаіл Васільеў.
Замецены двор у Барысаве на Меншчыне. Фота даслаў слухач «Свабоды» Міхаіл Васільеў.

Ужо некалькі дзён у многіх рэгіёнах Беларусі — моцныя сьнегапады, завіруха, сьнежныя заносы, галалёдзіца.

Найгоршыя ўмовы надвор’я — на Меншчыне й Гомельшчыне. Тамтэйшыя жыхары кажуць, што мясцовая ўлада й падпарадкаваныя ёй установы не падрыхтаваліся да працы ў такіх умовах. Многія аддаленыя вёскі ў гэтыя дні адрэзаны ад сьвету бездарожжам: да іх ня можа дабрацца ні «хуткая дапамога», ні рэйсавыя аўтобусы, ні аўталаўка, ні пошта.

Гомельшчына. У сьнежным палоне апынуліся многія чарнобыльскія паселішчы.


У вёсцы Савічы Брагінскага раёну засталося каля двух дзясяткаў самасёлаў. Асабліва цярпяць тыя, хто жыве на ўскрайку. Апавядае 80-гадовая бабуля Юля:

«Сёньня моцная, вялікая мяцеліца. Калі так прадоўжыцца, то, мусіць, крэпка нас замяце. Ня ведаем, будуць чысьціць дарогу ці не. Тыя гады замятала так, што больш ужо нельга. Мы на самым ускрайку жывем, дык па калені грузьнем і паўзем. Раней крыху дужэйшыя былі — яшчэ да аўталаўкі дапаўзеш. А зараз ногі, рукі ня дзейнічаюць».

Бабуля кажа, што пасьля завеі дарогу калі й прачысьцяць, то толькі да помніка, што застаўся ў цэнтры выселенай пасьля Чарнобылю вёскі. Сюды й прыяжджае аўталаўка. Далей тэхніка не ідзе, у тым ліку й хуткая мэдычная дапамога.

Учора, яшчэ да вялікага сьнегу, вяскоўка пасьпела выклікаць «хуткую». Прыехала, аднак, мэдсястра з Хракавіцкага фэльчарска-акушэрскага пункту:

«Прыехала мэдсястра, сказала, што таблетак няма ў Хракавічах. Дала мне два ўколы ад ціску й печані — і ўсё. Хоць бы раз на месяц таблеткі якія прывозілі. Аўтобус той два разы ідзе да Брагіна — у панядзелак і пятніцу. Але ж да аўтобуса трэба ісьці 2 кілямэтры ды столькі ж назад. А чалавек стары, хворы, нездаляшчы — падумайце, як нам дабірацца? Ня дай Бог такога нашага жыцьця!»
Прыехала мэдсястра, сказала, што таблетак няма ў Хракавічах.

На самым поўдні раёну, у напаўвыселенай вёсцы Гдзень, сёньня таксама мяла завіруха. Мясцовых жыхароў тут нядаўна «абрадавалі» тым, што скароцяць паштальёна, каб эканоміць сродкі. Людзі па газэты ды лісты павінны мясіць сьнег да агульных паштовых скрынь, усталяваных у цэнтры.

Апавядае вясковец Анатоль: «Быццам бы хочуць скараціць паштальёна. Пакуль паштальёнка часова ў адпачынку, дык яны паставілі прыкладна за кілямэтар паштовыя скрыні на 20 ці 30 чалавек. Скрыня дзесьці за кілямэтар каля крамы, і мне трэба бегчы туды. Я на гэта ня згодны».

У вёсцы каляіну прабіваюць самі.
У вёсцы каляіну прабіваюць самі.



Капыльшчына. Цяжкая дарога зь вёскі Рудная да пітной вады ў крыніцы


На Капыльшчыне ў цяперашнюю непагадзь найбольш цярпяць жыхары аддаленых вёсак і хутароў. Удакладняе слухач «Свабоды» Віктар Дашкевіч:

«Я змушаны езьдзіць па ваду да крыніцы. Шмат у вёсцы калодзежаў, і яны поўныя, але вада ў іх — тэхнічная й брудная. Шмат разоў я зьвяртаўся да мясцовых чыноўнікаў, даводзіў да іх розуму, што гэтай крыніцай карыстаецца шмат людзей.

Да прыкладу, пабачыў нядаўна тут мужчыну і жанчыну. Яна — з торбай, у якой ёмістасьці, ён — з 20-літровай каністрай. Разгаварыліся. Яны — зь вёскі Рудная. Мне да крыніцы — два кілямэтры. Ім — яшчэ плюс чатыры. Кажуць, што сюды рэгулярна наведваюцца, бо іншага выйсьця няма.

Учора я ўзяў ровар і паўдарогі да крыніцы яшчэ круціў пэдалі, а назад пехам дабіраўся…Трактары коламі месяць гэты сьнег, а ісьці — вялікая праблема…»

Пухаўшчына. «Пры цяперашняй уладзе ўсё рызыкоўнае, зіма — таксама»


У студзені на засьнежаных дарогах Пухавіцкага раёну адбылося больш за 30 дарожна-транспартных здарэньняў. Пяць чалавек загінулі. За гэты час у вёсках згарэлі тры дамы і каля дзесяці гаспадарчых пабудоў. Ратавальнікі і служба хуткай дапамогі спазьняліся на тэрміновыя выклікі. Пра гэтыя выпадкі паведаміў «Свабодзе» жыхар пасёлка Дружны, грамадзкі актывіст Сяргей Абразоўскі:
Пры цяперашняй уладзе ў Беларусі — усё рызыкоўнае, у тым ліку і зіма.

«Пры цяперашняй уладзе ў Беларусі — усё рызыкоўнае, у тым ліку і зіма. Як высьвятляецца, улада ніколі не гатовая выконваць дасканала свае абавязкі. Тым часам амаль завяршаецца ўжо другі месяц зімы, але ж вялікі сьнег выпаў „зусім нечакана“.

Вось і ў Пухавіцкім раёне зноў праблемы. Ужо колькі разоў у пасёлках Сьвіслач і Дружны мы зьвярталіся да тутэйшых уладаў, каб яны чысьцілі пад’язныя шляхі да дамоў, крамаў, школаў і г.д. На адзін з такіх запытаў старшыня мясцовага пасялковага Савету яшчэ ў сакавіку адказала: „Дарогі будуць рамантавацца пры ўмове добрага надвор’я“. Але гэтыя працы і да сёньня ня выкананыя.

Напярэдадні я наведаў мясцовыя вёскі Жораўка і Маставая. Дарогі туды разьбітыя і засыпаныя сьнегам. А жывуць там пераважна старыя.

Мне вельмі шкада тамтэйшых насельнікаў, бо нават хуткая дапамога туды не даяжджае».

Карэспандэнт: «Ня дай Бог памерці чалавеку ў такую непагадзь…»

Абразоўскі: «Дарогі да вясковых пагостаў замяло таксама. Увогуле, цяпер могілкі — наша агульная бяда. Найперш вінаватыя мясцовыя ўлады. Вось зусім нядаўна споўнілася 70 гадоў, як у пухавіцкіх вёсках Дукора й Узьляны агулам былі расстраляныя каля тысячы габрэяў. На тамтэйшых помніках напісана: „…Будзем вечна помніць“. Насамрэч помнікі зарасьлі кустоўем, а цяпер і засыпаны сьнегам. Да іх ніхто цяпер прайсьці ня можа…»

Вілейшчына. «Маўклівыя» чыноўнікі на сустрэчы з «вэртыкальшчыкам»


Напярэдадні ў Вілейцы раённая ўлада атрымала ад сыноптыкаў папярэджаньне пра ўзмацненьне непагадзі. Чыноўнікі «вэртыкалі» дзейнічалі па завядзёнцы: склікалі кіраўніцтва сельскіх гаспадарак і прадпрыемстваў на калектыўную нараду. Удзельнікам так званай мабілізуючай сустрэчы быў і мясцовы актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Малярчук. «Свабодзе» ён паведаміў наступныя падрабязнасьці:

«Гэта ўвогуле быў… „канцэрт“ у мясцовым Палацы культуры. Ад жыхароў Вілейкі быў толькі я. Старшыняваў Яўген Сініла — кіраўнік мясцовай вэртыкалі. Яму не было зададзена ніводнага (!) пытаньня. Было ўяўленьне, што ўсе падначаленыя праводзілі ў залі Палаца культуры маўклівую акцыю. Як чыноўнік ні заклікаў сваіх падначаленых, патрабаваў і загадваў, але ніхто так і не задаў ніводнага пытаньня…»

На думку Ўладзімера Малярчука, у фінансавы крызіс мясцовыя чыноўнікі апынуліся фактычна бясьсільныя ва ўмовах зімовай непагадзі:

«Учора я сам ехаў з Маладэчна і таксама заяжджаў у некаторыя вёскі. Мяне ўразіла, што аўтобусны рух фактычна паралізаваны. На вакзале і прамежкавых станцыях абвяшчаюць: „Аўтобуса няма… Аўтобуса няма…“ Я перакананы, што гэта ў непагадзь адбываецца наўмысна. Начальнікі ў непагадзь проста не выпускаюць на дарогі сваю тэхніку…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG