Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Сапелка: «Аўтуховіч трымаецца па-ранейшаму мужна»


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

У Івацэвіцкай 5-й калёніі адбыўся суд на Мікалаем Аўтуховічам. Суд пастанавіў пагоршыць умовы ўтрыманьня палітвязьня да канца ягонага тэрміну.

Далей адбываць пакараньне Мікалай Аўтуховіч будзе ў «крытай турме» ў Гародні, дзе мусіць сядзець да канца свайго тэрміну — яшчэ 2 гады, 2 месяцы і 21 дзень, калі лічыць ад сёньня, 17 студзеня. Аднак калі дакладна Аўтуховіча перавязуць у гарадзенскую турму, адвакату невядома. «Гэта тэхнічнае пытаньне. Могуць адвезьці хутка, а могуць і пазьней. Усё залежыць ад таго, калі ў Гародню будзе этап», — паведаміў «Свабодзе» Павал Сапелка, былы адвакат Аўтуховіча, які адмыслова прыяжджаў у калёнію. На суд Паўла Сапелку, аднак, не пусьцілі. Былы адвакат распавёў пра прычыны суду над Мікалаем Аўтуховічам.

«Ён прызнаны злосным парушальнікам рэжыму і ня стаў на шлях выпраўленьня. А фармальна парушэньні тыя, за якія ён ужо адбыў пакараньне ў карцэры — што парушыў правіла ўнутранага распарадку, калі не хадзіў у сталовую, і спроба самагубства, якую кваліфікавалі як членашкодніцтва. Паўтаруся, за гэта ўсё ён ужо адбыў пакараньне, але па суме парушэньняў прызнаны злосным парушальнікам рэжыму і накіраваны ў турму».

Паводле Паўла Сапелкі, судзьдзя пытаўся ў Аўтуховіча, ці прызнае ён сябе вінаватым у справе, за якую асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня, і Мікалай Аўтуховіч паўтарыў тое ж, што казаў у судзе ў траўні 2010 году — што невінаваты. З гэтай прычыны ў калёніі Мікалай Аўтуховіч не падпісваў абавязаньняў аб выпраўленьні, і гэта стала дадатковым момантам, які прычыніўся да рашэньня судзі адправіць прадпрымальніка ў «крытую турму», адзначае Павал Сапелка.

Паводле былога абаронцы Аўтуховіча, трымаецца ён па-ранейшаму мужна. «Я не гандлюю сумленьнем, быў, ёсьць і застаюся чалавекам, міма зла не праходжу і маўчаць ня буду», — цытуе Павал Сапелка апошні ліст ад Аўтуховіча.

Былы адвакат зь ліста ведае пра інцыдэнт, які адбыўся з Аўтуховічам у калёніі, калі вязень мусіў рэзаць вены на руцэ, каб абараніць сваю годнасьць. Вось што кажа Павал Сапелка пра сёньняшні стан здароўя Мікалая Аўтуховіча:

«Ён калі рэзаў вены, то пашкодзіў сухажыльле, і дагэтуль бывае на лячэньні ў мэдычнай частцы».

Рэжым у «крытай турме» адрозьніваецца тым, што вязьня пазбаўляюць магчымасьці перасоўвацца па калёніі ды іншых «вольнасьцяў». У тым ліку зьмяншаюць памер сродкаў, якія можна патраціць у турэмнай краме. Вязень «крытай турмы» пазбаўляецца і права на доўгатэрміновыя спатканьні са сваякамі.

12 студзеня ў Шклоўскай калёніі адбыўся суд над Мікалаем Статкевічам, якога вырашылі як злоснага парушальніка рэжыму перавесьці ў крытую турму ў Магілёве. Паводле апошніх зьвестак, Мікалая Статкевіча ў Магілёўскай турме ўжо зьмясьцілі ў карцэр. Як прымуць Мікалая Аўтуховіча ў гарадзенскай «крытай турме», ніхто прадказаць не бярэцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG