Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два Саюзы палякаў: прынцыповыя погляды на суіснаваньне


Выканаўца абавязкаў старшыні праўладнага Саюзу палякаў Мечыслаў Лысы выступае за аб’яднаньне зь не прызнаваным беларускімі ўладамі Саюзам палякаў. Адтуль адказваюць, што не зьбіраюцца аб’ядноўвацца, бо арганізацыя Лысага нікога, акрамя беларускіх уладаў, не прадстаўляе.

Мечыслаў Лысы толькі ў мінулую нядзелю пачаў выконваць абавязкі старшыні праўладнага Саюзу палякаў, зьмяніўшы на гэтай пасадзе Станіслава Сямашку, які падаў у адстаўку з-за асабістых абставін.

Мечыслаў Лысы
Мечыслаў Лысы
На другі дзень польскія СМІ паведамілі, што Лысы выступае за аб’яднаньне двух Саюзаў палякаў. Патрэбу такога аб'яднаньня Лысы патлумачыў "Свабодзе" тым, што сярод шараговых палякаў у Беларусі няма ніякага дзяленьня, а яно існуе толькі на ўзроўні кіраўніцтва арганізацый.

"У Беларусі, паўтаруся, не існуе такога дзяленьня сярод палякаў. Гэта толькі некаторыя людзі, якія маюць больш інфармацыі, каторым ужо ўбілі ў галаву, што гэта два Саюзы палякаў. І нават гэта можна ліквідаваць даволі хутка, калі ня будзе ніякай зьнешняй штучнай падтрымкі гэтаму дзяленьню".

Са слоў Лысага, Галоўная рада цяпер не прымала рашэньня аб правядзеньні пазачарговага зьезду толькі дзеля таго, каб за паўтара года, што засталіся да чарговага зьезду, вырашыць галоўныя ўнутраныя праблемы: аб’яднацца і прыйсьці да зьезду адзінай арганізацыяй.

Андрэй Пачобут
Андрэй Пачобут
У сваю чаргу, старшыня Галоўнай рады не прызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Анджэй Пачобут, ведаючы пра ініцыятыву Лысага, адказвае, што ні на якія перамовы іх арганізацыя ня пойдзе з тае прычыны, што Лысы і іншыя кіраўнікі праўладнага СПБ не прадстаўляюць польскую меншасьць, а толькі беларускія ўлады.

Пачобут таксама зазначыў, што калі яны і сядуць за стол перамоваў, дык толькі зь беларускімі ўладамі.

"Ёсьць рашэньне зьезду, дарэчы, у якім гаворыцца, што мы з марыянэткамі на перамовы ня пойдзем, а гатовыя весьці перамовы з уладамі аб нармалізацыі сытуацыі, аб тым, каб наша арганізацыя была афіцыйна прызнанай. Хочам гаварыць, каб Дамы польскія выкарыстоўваліся для таго, каб там людзі навучаліся польскай мове. І Лысы тут нічога не вырашае, а вырашае ўсё адміністрацыя прэзыдэнта".

Тадэвуш Гавін
Тадэвуш Гавін
Адзін з заснавальнікаў Саюзу палякаў і ягоны першы старшыня Тадэвуш Гавін лічыць, што абодвум бакам неабходна сесьці за стол перамоваў. На яго думку, гэта варта зрабіць дзеля таго, каб Дамы польскія і школы ізноў дзейнічалі па прызначэньні, каб разьвівалася польская культура.

Ён упэўнены, што і з аднаго, і з другога боку ёсьць людзі, якія не былі ўцягнутыя ў канфлікт. Зь іх можна было б утварыць працоўную групу, падрыхтаваць сцэнар зьезду і правесьці яго пад належным грамадзкім кантролем – з тым, каб абраць у арганізацыі ўладу, якой бы давяраў і беларускі, і польскі бок.

"Тыя, хто з гэтым нязгодны і лічыць, што павінны выконвацца толькі іх умовы, няхай сабе потым зарэгіструюць новую арганізацыю і дзейнічаюць побач. Але ўсё тое, што было напрацавана за гэтыя цяжкія гады – школы, дамы газэты – гэта ўсё трэба, каб было ў адных руках, а не было раскінута і бязьдзейнічала".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG