Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы старшыня: Трэба вярнуць голас эўрадэпутатам


Марцін Шульц
Марцін Шульц

Сёньня Эўрапейскі парлямэнт выбраў свайго новага старшыню, якім стаў нямецкі сацыял-дэмакрат Марцін Шульц. Шульц заступіць на гэтай пасадзе Ежы Бузка з Польшчы.

У сваёй прамове ў Эўрапарлямэнце пасьля выбару на старшыню Шульц адзначыў, што ўпершыню ў гісторыі Эўразьвязу магчымасьць распаду гэтай супольнасьці стала рэальнай.

Паводле Шульца, адной з прычынаў таго, што Эўразьвяз ня можа справіцца зь цяперашняй крызіснай сытуацыяй, зьяўляецца маргіналізацыя Эўрапарлямэнту ў працэсе прыманьня найважнейшых рашэньняў у Брусэлі. Шульц лічыць, што Эўрапарлямэнт страціў гэтую ролю на карысьць двух выканаўчых органаў Эўразьвязу — Эўрапейскай рады і Эўракамісіі.

Шульц сказаў, сярод іншага:

«Праект Супольнасьці, які быў настолькі пасьпяховы цягам дзесяцігодзьдзяў, што мы ўспрымалі яго як дадзенасьць, быў падарваны. За апошнія два гады зьмяніліся ня толькі праблемы, але і спосабы іх вырашэньня. Мноства самітаў ды штораз большая засяроджанасьць на сустрэчах кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў жорстка паменшылі ролю адзінай наўпрост абіранай інстытуцыі Эўразьвязу — Эўрапарлямэнту — у працэсах прыняцьця рашэнняў. Ролю прадстаўнікоў народаў Эўропы па сутнасці зьвялі да штампаваньня дамоўленасьцяў, дасягнутых паміж урадамі ў кулюарах у Бруселі».

Шульц паабяцаў, што на пасадзе кіраўніка Эўрапарлямэнту ён будзе супраціўляцца «гэтай засяроджанасьці на самітах, гэтай існуючай тэндэнцыі да паўторнай нацыяналізацыі прыманьня рашэньняў».

На пачатку свайго выступу Шульц падзякаваў папярэдняму старшыні Эўрапарлямэнту, Ежы Бузку, за працу на гэтай пасадзе, назваўшы Бузка «першым старшынёю інстытуцыі Эўразьвязу, які прыйшоў зь незалежніцкіх рухаў Усходняй Эўропы». Аднак пазьнейшыя словы Шульца аб страце палітычнай ролі Эўрапарлямэнту ў Эўразьвязе можна ўспрымаць і як адмоўную ацэнку працы Ежы Бузка.

Марцін Шульц стаў шырэй вядомы ў Эўропе пасьля скандальнага выказваньня былога прэм’ер-міністра Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі, у якім італьянскі палітык назваў нямецкага сацыял-дэмакрата ідэальным кандыдатам для ролі ахоўніка ў фільме пра нацысцкія канцлягеры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG