Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Горш за такую турму – толькі пажыцьцёвае зьняволеньне»


Турма ў Горадні
Турма ў Горадні

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч асуджаны на тры гады турмы закрытага тыпу. Такое рашэньне прыняў суд, што адбыўся 12 студзеня ў шклоўскай калёніі № 17, дзе палітык адбывае пакараньне. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, сваякоў і журналістаў на паседжаньне не дапусьцілі.

Чым турэмны рэжым адрозьніваецца ад рэжыму ў звычайнай папраўчай калёніі, у якіх умовах утрымліваюцца людзі ў турмах.

У Беларусі – тры ўстановы з турэмным рэжымам. Адна ў Горадні – з так званым асобым рэжымам, і ў Магілёве і Жодзіне, дзе агульны і ўзмоцнены рэжым утрыманьня.

Супрацоўнік адной зь беларускіх папраўчых калёній спадар Іван патлумачыў:

«Рэжым больш строгі за турэмны – гэта толькі пажыцьцёвае зьняволеньне. А так гэта самы строгі рэжым папраўчай установы. Калі іншыя называюцца папраўчымі ўстановамі, выхаваўчымі калёніямі, калёніямі-пасяленьнямі, то гэта называецца – турма».

Былы зьняволены Ігар год адседзеў у Гарадзенскай турме:

Туды яны звозяць тых, каго, як яны лічаць, ужо ня могуць выправіць у калёніях ...

«Туды яны звозяць тых, каго, як яны лічаць, ужо ня могуць выправіць у калёніях, ня могуць прымусіць падпісаць паперы. Яны пазбаўляюцца ад непаслухмяных, пераводзячы на турэмны рэжым. Там знаходзяцца людзі з усіх калёніяў».

Калі ў звычайных калёніях ёсьць жылое памяшканьне кшталту шматнаселенага інтэрнату з прыбіральняй, умывальнікам, і ёсьць яшчэ абгароджаны мэталічным плотам участак, куды можна выходзіць у вольны час – а вольнага часу ў асуджаных дастаткова, то ў турме ўсё па-іншаму, кажа супрацоўнік адной з калёній Іван:

«У турме выводзяць толькі на прагулкі ў невялікі дворык на адну гадзіну ў дзень пад канвоем. Адназначна, доўгатэрміновыя спатканьні не дазволеныя, і будуць абмежаваньні па пасылках і перадачах. Калі ў Шклове, па-мойму, да пяці было, то ў турме – толькі дзьве на год».

З аднаго боку, турэмны рэжым значна больш строгі за рэжым у калёніі. А з другога боку, кажа былы сядзелец гарадзенскай турмы Ігар...

«Там чалавек больш свабодны, чым у іншай калёніі, таму што гэта канчатковы, так бы мовіць, прыпынак. Далей не завозяць. Таму што ў калёніі даражыш нейкім сьвежым паветрам, дзесьці прамаўчыш лішні раз у выпадку нейкай несправядлівасьці... А туды прывозяць на тэрмін ад аднаго году да трох. 10–15 чалавек у камэры, прагулка ў дворыку».

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
Дырэктар інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа» Андрэй Бандарэнка, які сам адседзеў у калёніі, кажа, што знаходзіўся літаральна за крок ад такога ж пакараньня турмой, якую зьняволеныя называюць "крыткай". Што да зьмены рэжыму Статкевічу, спадар Бандарэнка выказаў такое меркаваньне:

«Тое, што адбылося зь Міколам Статкевічам, адбываецца з усімі зьняволенымі, зь якімі адміністрацыя ня можа знайсьці агульную мову. Ні пра які шлях выпраўленьня там і гаворкі ісьці ня можа. Гэта звычайная сыстэма ломкі тых няўгодных. Адміністрацыя зь ім ня справілася, і гэта можна лічыць чарговай перамогай Мікалая над сыстэмай. Сыстэма ня здольная зь ім нічога зрабіць, акрамя таго, каб выкарыстаць свой апошні шанец і накіраваць яго ў турму крытага рэжыму».

Супрацоўнік адной зь беларускіх калёній строгага рэжыму, дзе адбываюць пакараньне ў асноўным крымінальнікі, рэцыдывісты, у якіх ужо ня першая ходка, пра перавод Статкевіча на больш строгі рэжым выказаў такое меркаваньне:

«Гэта дастаткова жорсткае пакараньне. Туды мы накіроўваем самых кончаных нягоднікаў, сапраўды нягоднікаў. У нас гэта такая крайняя мера за процідзеяньне адміністрацыі. Я думаю, што Статкевіч, як кажуць, нават далёка ад іх не стаяў. Вяртаюцца часам адтуль ня тое што выпраўленыя, але ужо ня робяць нічога такога, каб зноў туды ня трапіць. То бок, мяркую, Статкевічу, мякка кажучы, там будзе ня вельмі добра».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG