Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва Дзьмітрыя Вуса: у посьпех вераць ня ўсе


Дзьмітры Вус
Дзьмітры Вус

Дзьмітрый Вус, былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі, зьвярнуўся да грамадзянаў з просьбаю ўзяць удзел у працы ініцыятыўнай групы, якая пачне зьбіраць подпісы за зьмяненьне выбарчага заканадаўства.

Такую групу спадар Вус зьбіраецца стварыць і афіцыйна зарэгістраваць не пазьней як у сакавіку. Згодна зь дзейным заканадаўствам, 50 тысяч подпісаў даюць ініцыятарам акцыі права зьвярнуцца ў Палату прадстаўнікоў з прапановамі аб зьмене Выбарчага кодэксу.

Дзьмітрый Вус кажа, што на сёньняшні дзень ужо больш за тысячу чалавек пагадзіліся працаваць у яго ініцыятыўнай групе. Каб яе стварыць, хапіла б і ста грамадзянаў. Але экс-кандыдат у прэзыдэнты хоча сабраць не 50 тысяч подпісаў (гэта той мінімум, які прадугледжвае закон), а значна больш. Вус таксама ўлічвае, што паводле закону на збор подпісаў даецца толькі адзін месяц.

Дзьмітрый Вус тлумачыць сутнасьць сваёй ініцыятывы:

«Самае асноўнае зьмяненьне — гэта каб кандыдаты атрымалі права накіроўваць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. І каб яны мелі тыя ж паўнамоцтвы, што і сябры гэтых камісій. Для таго, каб выбары сталі празрыстымі, патрэбна, каб у камісіях былі альтэрнатыўныя людзі».

Ініцыятар акцыі кажа, што прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў падтрымліваюць яго ініцыятыву, аднак пра сваё жаданьне ўдзельнічаць у ёй пакуль не заяўлялі.

Кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч сказаў «Свабодзе», што ў яго адбылася гутарка зь Дзьмітрыем Вусам. Яго ініцыятыву спадар Мілінкевіч называе «станоўчай»:

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч
«Толькі, шчыра кажучы, я зусім ня ведаю, як яе рэалізаваць. Улады не дзеля таго стваралі сваю сыстэму псэўдавыбараў, каб з ініцыятывы грамадзкасьці зьмяніць выбарчы закон альбо практыку яго прымяненьня. Таму я ня бачу шанцаў на яе рэалізацыю, пакуль пры ўладзе Аляксандар Лукашэнка».

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што беспасярэднага звароту да яго з боку спадара Вуса не было:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
«Але мы ведаем пра ягоную ініцыятыву. Ён зьвяртаўся да партыяў праз сродкі масавай інфармацыі. Мы гэтую сытуацыю абмяркоўвалі. І мы безумоўна ўхваляем яе і лічым станоўчай. Гатовыя спрыяць, калі ў гэтым зьявіцца патрэба. Напрыклад, калі спатрэбіцца памяшканьне для збору ініцыятыўнай групы ці нешта іншае.

Аднак мы ня можам сказаць, што гэтая ініцыятыва бачыцца партыі найбольшым прыярытэтам сёньняшняга дня. Таму вельмі актыўна на арганізацыйным роўні далучацца да яе мы не плянуем у бліжэйшы час. Аднак калі нашыя людзі будуць дапамагаць спадару Вусу, то мы будзем ставіцца да гэтага вельмі спакойна і пазытыўна».

У 2004 годзе ў Беларусі ўжо спрабавалі ўнесьці зьмены ў выбарчае заканадаўства. Тады з такой ініцыятывай выступіла дэпутацкая група «Рэспубліка» ў Палаце прадстаўнікоў. Зьбіраць подпісы ёй патрэбы не было, бо дэпутаты мелі права выступіць з заканадаўчай ініцыятывай самастойна. Пра тое, чым гэта скончылася, згадвае тагачасны кіраўнік групы «Рэспубліка» Сяргей Скрабец:

Сяргей Скрабец
Сяргей Скрабец
«У парадак дня гэтае пытаньне нават не захацелі ўключаць. Мы папярэджвалі, што калі так будзе, то абвесьцім галадоўку. Вадзім Папоў, які тады кіраваў палатай, пытаньне не ўключыў. І мы пачалі галадаваць».

Галадоўку пратэсту пачыналі дэпутаты Ўладзімер Парфяновіч, Сяргей Скрабец і Валеры Фралоў. Пасьля да іх далучыліся некаторыя дэмакратычныя актывісты. Аднак выбарчае заканадаўства так і не зьмянілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG