Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд апраўдаў Уладзімера Няпомняшчых — міліцыія вінаваціла яго ў лаянцы


Уладзімер Няпомняшчых
Уладзімер Няпомняшчых

11 студзеня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Алена Цалкова спыніла адміністрацыйную справу пра дробнае хуліганства супраць грамадзкага актывіста, пэнсіянэра Міністэрства ўнутраных спраў Уладзімера Няпомняшчых за недаказанасьцю віны.

Уладзімер Няпомняшчых: «Прынамсі, у мяне такіх выпадкаў не было, каб судзьдзя паступіла так прынцыпова. Але мне падаецца, што яна прынцыпова паступіла з простай прычыны: тут быў ужо такі ляп, што далей немагчыма. Міліцыянт-кіроўца ня стаў хлусіць, дазнаўца ня стаў хлусіць, экспэрт ня стаў, то бок з чатырох супрацоўнікаў міліцыі тры не пацьвердзілі маю лаянку. І толькі адзін пацьвярджае. Судзьдзя таксама хоча быць на вышыні, бо нельга ж адкрыта казаць на белае, што гэта чорнае».

Адміністрацыйная справа супраць Няпомняшчых наконт дробнага хуліганства (нецэнзурнай лаянкі ў грамадзкім месцы) цягнулася ад 7 кастрычніка мінулага году. Тады позна ўвечары апэратыўная група супрацоўнікаў Цэнтральнага райаддзелу міліцыі затрымала актывіста на праспэкце Леніна. Уладзімер расклейваў налепкі на слупах вулічнага асьвятленьня.

Яго адвезьлі ў пастарунак, склалі пратакол за парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства. Намесьнік начальніка Цэнтральнага РАУС Андрэй Пархоменка распарадзіўся прэвэнтыўна пасадзіць Уладзімера за краты ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

На наступны дзень у ізалятар прыехаў начальнік аховы грамадзкага парадку Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Ўладзіслаў Шукель і склаў на Няпомняшчых другі пратакол — за дробнае хуліганства, а менавіта — нецэнзурную лаянку. Падставай паслужыў рапарт опэрупаўнаважанага крымінальнага вышуку, маёра міліцыі Валера Амельчанкі.

Актывіста ў Цэнтральным судзе аштрафавалі двойчы. Расклейку налепак спадар Няпомняшчых не адмаўляў, а 105-тысячны штраф за дробнае хуліганства аспрэчыў.

Судзьдзя Алена Цалкова, якая нанава разглядала справу Няпомняшчых пра дробнае хуліганства, давала міліцыі месяц часу на выпраўленьне пратаколу. Аднак у райаддзеле й гэтага толкам не зрабілі.

У судзе маёр Амельчанка блытаўся ў паказаньнях і паўтараў стандартнае абвінавачаньне супраць актывіста: Няпомняшчых нібыта пры затрыманьні размахваў рукамі й брыдка лаяўся. Ніхто іншы, апрача Амельчанкі, гэтай лаянкі ня чуў — ні кіроўца, ні экспэрт, ні дазнаўца.

Сябра АГП Натальля Шчукіна, якая прысутнічала на ўсіх судах супраць Няпомняшчых, лічыць, што ў апошнія гады многія міліцыянты, імкнучыся караць грамадзкіх актывістаў, не зважаюць ні на законы, ні на прыстойнасьць:

«Верагодна, адчуваюць сваю беспакаранасьць. Яны схлусяць — і ім гэта ўсё даруюць і, можа, яшчэ й мэдаль дадуць. Таму яны так неахайна й ставяцца. Мы жывем не па законах, а па „паняцьцях“. Варта было б ім крыху й задумацца».

Сам Уладзімер Няпомняшчых не пагаджаецца са спыненьнем адміністрацыйнай справы з фармулёўкай «за недаказанасьцю віны». Ён хоча дамагчыся, каб суд прызнаў у яго дзеяньнях «адсутнасьць правапарушэньня» — так, як і было на самай справе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG