Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Газпром» абставіў куплю «Белтрансгазу» жорсткімі умовамі


«Газпром» мае права патрабаваць ад уладаў Беларусі выкупіць за 5 мільярдаў даляраў раней перададзеныя расійскай кампаніі акцыі «Белтрансгазу» ў выпадку невыкананьня шэрагу палажэньняў пагадненьня паміж урадамі дзьвюх краін аб умовах куплі-продажу акцыяў «Белтрансгазу».

Вытрымкі з пагадненьня, якое «Газпром» і Дзяржкамітэт па маёмасьці Беларусі падпісалі 25 лістапада мінулага году ў Маскве, публікуе РИА Новости. Раней гэты дакумэнт не публікаваўся.

«Беларускі бок абавязваецца па патрабаваньні «Газпрому» выкупіць усе раней перададзеныя акцыі «Белтрансгазу» за 5 мільярдаў даляраў, а таксама кампэнсаваць «Газпрому» ўсе страты, якія могуць у яго ўзьнікнуць у сувязі з гэтым «у выпадку невыкананьня любых са згаданых у дакумэнце ўмоў», — паведамляе РИА Новости.

Да такіх умоў, у прыватнасьці, адносяцца:

- спажываньне газу, які закупляецца ў «Газпрому», выключна на тэрыторыі Беларусі;

- бесьперашкоднае і бесьперабойнае транспартаваньне па тэрыторыі Беларусі прыроднага газу, які падаецца з тэрыторыі Расеі;

- выключнае права «Белтрансгазу» на закуп прыроднага газу, які вывозіцца з тэрыторыі Расеі і прызначаецца для спажыўцоў Беларусі;

- невыкарыстаньне спэцыяльных правоў па кіраваньні «Белтрансгазу», якія парушалі б або ўшчамлялі аб’ём правоў, дадзеных акцыянэрам «Белтрансгазу» ў адпаведнасьці з заканадаўствам аб гаспадарчых таварыствах, уключна з увядзеньнем асаблівага права («залатой акцыі») на ўдзел у кіраваньні беларускім газатранспартным прадпрыемствам;

- адсутнасьць не санкцыянаванага ўласьнікам прыроднага газу адбору з патокаў газу, якія транспартуюцца цераз тэрыторыю Беларусі;

- нязьменнасьць умоў карыстаньня зямельнымі ўчасткамі пад аб’ектамі нерухомай маёмасьці беларускага ўчастку газаправоду Ямал — Эўропа ў адпаведнасьці з заканадаўствам Беларусі, якое дзейнічае на дату падпісаньня пагадненьня.



Пасьля падпісаньня гэтага пагадненьня, якое прадугледжвала куплю «Газпромам» астатніх 50% акцыяў «Белтрансгазу», расейскі манапаліст стаў уладальнікам 100% акцыяў беларускай кампаніі. Першыя 50% акцыяў «Белтрансгазу» «Газпром» выкупіў долямі на працягу 2007–2010 гадоў. «Газпром» ужо абнародаваў рашэньне перайменаваць «Белтрансгаз» у «Газпром трансгаз Беларусь».

КАМЭНТАРЫ


Манёнак: «Беларуская эканоміка не вытрымлівае рынкавы кошт газу, што даказаў 2011 год»

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак
Палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак лічыць, што «Газпром» абачліва прадугледжвае гарантыі сваіх інвэстыцыяў.

Манёнак: «А чаго вы чакалі ад „Газпрому“? Кампанія працуе тут ня першы год, і за гэты час неаднаразова былі канфлікты зь беларускім бокам, у 2010 годзе былі прыпыненыя пастаўкі расейскага газу ў Эўропу. Таму было відавочна і прагназавальна, што „Газпром“ гэтую ўгоду нейкім чынам істотна збалянсуе і прадугледзіць гарантыі сваіх інвэстыцыяў на выпадак, калі Беларусь ня будзе выконваць умовы пагадненьня.

Ніводная краіна не павінна быць залежнай ад аднаго пастаўшчыка. Беларускі бок гэта таксама канстатаваў і ў 2010 годзе былі спробы Менску наладзіць нейкую альтэрнатыву. Але ж гэта вялікія грошы, і Лукашэнка прызнаўся, што ў выніку газ становіцца надта дарагі для беларускай эканомікі. Бо беларуская эканоміка ня можа сёньня спажываць газ па рынкавых коштах, што даказаў 2011 год. Таму Менск вымушаны ісьці на пэўныя эканамічныя і палітычныя саступкі дзеля таннага газу».


Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч: «Гэтыя пагадненьні працуюць выключна на карысьць Крамля»

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
«Гэтыя новыя абставіны, якія сталі цяпер вядомыя, толькі пацьвярджаюць тыя ацэнкі, якія Сойм БНФ даў адразу пасьля падпісаньня гэтых пагадненьняў. Новая інфармацыя яскрава сьведчыць, што гэтыя пагадненьні працуюць выключна на карысьць Крамля, на карысьць расейскіх алігархаў, якія стаяць за Крамлём. Яны фактычна мёртва прывязваюць Беларусь да Расеі ў пляне залежнасьці ад энэргетычных рэсурсаў. І гэта цалкам відавочна супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі, супярэчыць эканамічнай лёгіцы, здароваму сэнсу.

Нічога добрага гэта ня можа прынесьці Беларусі, а толькі стварае вельмі сур’ёзную пагрозу эканамічнай і палітычнай незалежнасьці Беларусі. Пацьвярджаюцца, на жаль, тыя нэгатыўныя ацэнкі, якія даваў БНФ яшчэ некалькі месяцаў таму.»
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG