Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паляваньне на паролі


Кампутарныя спэцыялісты правялі дасьледаваньне нядаўніх узломаў сайту «Хартыя’97» і высьветлілі, што пад кантролем невядомых кібэрзлачынцаў знаходзілася перапіска ня толькі супрацоўнікаў рэдакцыі гэтага сайту, але і многіх іншых журналістаў, палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў.

Паводле расьсьледаваньня сайту electroname.com (інтэрнэт-выданьне, прысьвечанае беларускаму інтэрнэту), пад кантролем зламысьнікаў доўгі час знаходзіліся кампутары, а таксама асабістая перапіска журналістаў «Хартыі’97», а таксама Ірыны Халіп, Марыны Коктыш, Сяргея Вазьняка, Паўла Марыніча, іншых дзеячаў, якая вялася праз Skype, электронную пошту і сацыяльныя сеткі. Рабіліся таксама спробы заразіць кампутары Беларускай асацыяцыі журналістаў, адваката Дзьмітрыя Лаеўскага, каардынатара «маўклівых» акцыяў пратэсту Вячаслава Дзіянава.

Сетка гэтая працавала як мінімум зь ліпеня 2011 году. Перад Новым годам невядомыя злачынцы скарысталі атрыманыя зьвесткі і спрабавалі зьнішчыць сайт «Хартыі’97».

Шкоду тая атака нарабіла вялікую,— кажа рэдактар сайту Натальля Радзіна,— шмат намаганьняў і сродкаў каштавала аднавіць працу і знайсьці абарону ад паўтарэньня такіх атак:

«Усё гэта паказьнік, як працуюць спэцслужбы, што яны выкарыстоўваюць крымінальныя мэтады, узломваюць сайты, сочаць за апазыцыяй. Гэта паказьнік, у якой дзяржаве мы жывем. Тым ня меней, гэта досьвед і доказ таго, што ня трэба расслабляцца».

Журналістка «Народнай волі» Марына Коктыш — адна з тых, чыя кампутарная інфармацыя была скрадзеная. Яна здагадвалася пра гэта і раней. Прычыну гэтага Марына бачыць у тым, што многія журналісты і палітыкі, і яна ў тым ліку, абыякава ставяцца да праблемы кампутарнай бясьпекі:
Няхай чытаюць... Непрыемна, вядома, але што зробіш? У іх свая праца, у нас свая.

«Ну, я ня ведаю, няхай чытаюць... Непрыемна, вядома, але што зробіш? У іх свая праца, у нас свая».

Марына кажа, што на мінулым тыдні яна вусна зьвярнулася ва Ўпраўленьне па раскрыцьці злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгій МУС Беларусі (так званая ўправа «К»), але там ёй парэкамэндавалі зьвяртацца са скаргай у мясцовыя органы міліцыі. Але Марына ня верыць у эфэктыўнасьць міліцэйскай абароны ад кібэрзлачыннасьці. Яна кажа, што раней пісала заяву пра тэлефонны тэрарызм — калі невядомыя тэрарызавалі яе тэлефоннымі званкамі. Адказу зь міліцыі дагэтуль няма. Марына Коктыш яшчэ ня вырашыла, ці будзе пісаць скаргу гэтым разам. Магчыма, будзе нейкі зварот супольна зь іншымі ахвярамі кібэрзлачынцаў. А пакуль што яна зьбіраецца рабіць захады перасьцярогі і рэкамэндуе гэта іншым:

«Дакладна, што ўсе свае кампутары, ноўтбукі я аддам спэцыялістам, якім я давяраю. Няхай правераць, няхай пачысьцяць, паглядзяць больш уважліва».

Адзін з такіх спэцыялістаў вывучыў апублікаваныя вынікі дасьледаваньня атакаў на «Хартыю’97»:
Увесь гэты софт узяты з адкрытых публічных крыніц і ўсім даўно вядомы.

«Тое, што напісана на electroname.com, чарговым разам пацьвярджае нізкую кваліфікацыю тых, хто працуе ў КДБ, таму што ўвесь гэты софт узяты з адкрытых публічных крыніц і ўсім даўно вядомы. Гэта нешта накшталт сумнавядомага „пінча“, які можа любы школьнік спампаваць і свайму сябру паставіць на кампутар, каб паролі скрасьці. Гэта абсалютна не сакрэтная распрацоўка, якую любы антывірус, нават бясплатны, спыняе на корані... А той, хто на гэта трапіўся, абсалютна ня дбаў пра бясьпеку свайго кампутара».

Стваральнік «Акавіты» Фёдар Караленка мяркуе, што тут справа ня столькі ў нізкай кваліфікацыі кібэрзлачынцаў, колькі ў кепскай абароне:

«Калі гэты мэтад працуе, калі ён просты і даступны, то чаму б яго не скарыстаць? Я гляджу на гэта з пункту гледжаньня звычайнай лёгікі. Калі праграмы ў свабодным доступе ёсьць і калі ёсьць людзі, якія недастаткова пільна ставяцца да сваёй бясьпекі, якія могуць дапусьціць, што ім на кампутары паставяць такія праграмы, то нехта будзе гэтым карыстацца».

Фёдар Караленка рэкамэндуе быць больш уважлівымі што да бясьпекі сваіх кампутараў, пры магчымасьці пераходзіць з Windows на Linux, карыстацца добрымі антывіруснымі праграмамі і фаерволамі, падымаць узроўні бясьпекі ў апэрацыйнай сыстэме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG