Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Дзьвінскам сышоў з рэек беларускі цягнік з нафтапрадуктамі


Позна увечары 8 студзеня каля латвійскага гораду Даўгаўпілс адбылася аварыя з беларускім цягніком, які перавозіў нафтапрадукты.

Як паведамілі БелаПАН у канцэрне «Латвійская чыгунка», з рэек сышло 16 вагонаў. Адбыўся разьліў нафтапрадуктаў, інфармацыя аб здарэньні паступіла на чыгуначную станцыю Даўгаўпілс у нядзелю а 23:15.

Паводле дадзеных інфармацыйнага парталу Delfi, аварыя адбылася ў кілямэтры ад чыгуначнай станцыі «Краўя». У выніку аварыі ніхто не пацярпеў, колькасьць разьлітых нафтапрадуктаў пакуль не вядомая. Паведамляецца, што, каб пазьбегнуць яшчэ большага разьліву, выратавальныя службы ў апэратыўным парадку усталявалі пясочныя загароды на тэрыторыі 4 тысячы квадратных мэтраў.

У дзяржаўнай пажарна-выратавальнай службе Латвіі сьцьвярджаюць, што ўцечка «носіць лякальны характар і не пагражае сур’ёзнымі наступствамі». Цяпер на месцы здарэньня працягваюцца работы па ліквідацыі наступстваў аварыі. Сёньня выратавальныя службы павінны пачаць пад’ём цыстэрнаў, якія сышлі з рэек.

У прэс-службе Беларускай чыгункі сытуацыю не камэнтуюць, спасылаючыся на адсутнасьць афіцыйнай інфармацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG